Нарэшце й сапраўды пабег, пакінуўшы хобітаў крыху агаломшанымі ды адурэлымі ад такой навалы словаў. Заняты ці не заняты, а балбатаў ён хутчэй, чым бегаў, да таго ж безь перапынку. А пакойчык і сапраўды быў утульны. У невялікім агмені скакала зыркае полымя, перад ім стаялі нізенькія файныя фатэлькі. I стол быў круглы, ужо засланы белым абрусам, а на ім – вялікі званок. Але ж хобіт-паслужнік, Ноб, прыбег яшчэ да таго, як надумаліся званіць. Прынёс сьвечкі й паднос, поўны талерак.
– Панове, якое пітво жадаеце? Паказаць вам вашыя спальні, пакуль гатуецца вячэра?
Хобіты пасьпелі ўмыцца й сягнуць паловы добрых глыбокіх куфляў піва, калі Ноб узьнік зноў разам з Масьляком. Імгненна зладзілі вячэру. Зьявіліся на стале гарачы суп, халоднае мяса, пірог з чарніцамі, сьвежы хлеб, масла тоўстымі кавалкамі, паўкруга файнага сьпелага сыру – добрая, простая ежа, ня горшая за шырскую, такая знаёмая й звычайная, што й рэшткі Сэмавай падазронасьці, ужо падточанай найвыдатнейшым півам, разьвеяліся.
Масьляк памітусіўся крыху вакол стала дый накіраваўся да дзьвярэй. А ў дзьвярох прыпыніўся:
– Ня ведаю, ці даспадобы вам кампанія. Мо вы спаць пакладзяцеся, павячэраўшы. Але народ з задавальненьнем вас пабачыць ды павітае, ведаеце. Чужынскія хобіты – прошу прабачэньня, вандроўныя, з Шыру, – нас гэтак зрэдку наведваюць. А мы так былі б удзячныя за навіны, ці расповед які, ці песеньку. Аднак жа, як пажадаеце, спадарыкі мае! Калі што патрэбна, званіце!
Калі хобіты нарэшце добра пад'елі – гадзіна бяз чвэрці ўпартай працы сківіцамі, і тое без усялякіх перапынкаў на размовы, – адчулі сябе такімі бадзёрымі й пасьвяжэлымі, што Фрода з Сэмам ды Піпін вырашылі выйсьці ў агульную залю да астатніх гасьцей. А Мэры сказаў, што там цяжка дыхаць, бо тлумна.
– Я вось тут у спакоі пасяджу ля агменю, пасьля, можа, выйду на шпацыр, удыхну сьвежага паветра. А вы там языкі асабліва не трапіце, не забывайцеся: мы шчэ на шляху, і зусім недалёка ад Шыру.
– Добра! – адказаў Піпін. – Ты за сабою даглядай. Не згубіся ды памятай, што за дзьвярыма бясьпечней, чым звонку.
Кампанія ў вялікай залі шынка была шматлікая й разнастайная, як пабачыў Фрода, калі ягоныя вочы прызвычаіліся да змроку. Бо асьвятлялася заля пераважна вялізным агменем, дзе палалі цэлыя чуркі, ды трыма цьмянымі ліхтарамі, што зьвісалі з бэлек пад дахам. Дый тое сьвятло засмужвалася шчыльным дымам. Ячман Масьляк стаяў побач з агменем, размаўляючы з парачкай гномаў і нейкімі дзівакаватага выгляду людзьмі. На лавах уперамешку сядзелі тутэйшыя людзі, хобіты (тыя трымаліся гуртам і безупынна гаманілі), яшчэ гномы ды колькі розных нязнаных асобаў, вызначыць і разгледзець якіх было немагчыма ў змроку па кутах.
Як толькі шырскія хобіты крочылі ў залю, узьняўся рознагалосы гоман вітаньняў, але толькі ад прыгорцаў. Чужынцы, асабліва тыя, што прыйшлі па Травашляху, адно зірнулі зацікаўлена. Гаспадар назваў гасьцей прыгорцам, але з такою хуткасьцю, што хоць і расчулі большасьць імёнаў, так і не пасьпелі разабраць, каму якое належыць. У прыгорскіх людзей імёны былі большай часткаю расьлінныя (і для шырскага вуха дзівосныя): Чароцік, Дзядок, Яблыкун, Мажавей, Верашчак ды Быльнік (калі ня згадваць самога Масьляка). I ў некаторых хобітаў былі падобныя імёны. Напрыклад, шмат было Чарнабыльнікаў. Але большасьць мела звычайныя імёны: Насыпчук, Нарачун, Даўгакоп, Пяскатрус, Дзірва. Такія й у Шыры часьцяком сустракаліся. Знайшліся й некалькі Падстромнікаў з Стадлаў. Паколькі яны ўявіць сабе не маглі, што можна мець адно імя й ня быць сямейнікамі, то й Фрода палічылі пэўнаю далёкаю радзінаю й павіталі, як здаўна забытага й нечакана знойдзенага сваяка.
Хобіты прыгорскія да гасьцей паставіліся добра, па-сяброўску, шмат распытвалі, і неўзабаве Фрода прымушаны быў патлумачыць, што ён робіць і куды кіруецца. Ён распавёў, што цікавіцца гісторыяй ды геаграфіяй (слухачы старанна заківалі галовамі – хоць ані адно, ані другое гэткае слова не былі частымі ў прыгорскай гаворцы). Фрода сказаў, што плянуе напісаць кнігу (усе змоўклі ў подзіве), і таму ён і ягоныя сябры зьбіраюць зьвесткі пра хобітаў па-за шырскімі межамі, асабліва, пра ўсходніх хобітаў.
Тут загаманілі ўсе разам. Калі б Фрода сапраўды хацеў напісаць кнігу ды меў ня два вухі, а два тузіны, то за хвіліны матэрыялу назьбіраў бы на некалькі разьдзелаў. Больш за тое, яму яшчэ й выдалі даўжэзны сьпіс тых, каго ён мусіць распытаць – пачынаючы "ад самога старога Ячмана". Але ў хуткім часе, калі стала відавочна, што тут на месцы Фрода анічога пісаць не зьбіраецца, хобіты зноўку прыняліся распытваць пра Шыр. Увогуле, Фрода ня надта хацелася размаўляць, і неўзабаве ён застаўся самотным у сваім куце, слухаючы й пазіраючы навокал.