Людзі з гномамі гутарылі большай часткаю пра далёкія падзеі й дзяліліся зьвесткамі, якія, на жаль, рабіліся ўсё больш звычайнымі ў гэтыя дні. На поўдні было неспакойна, і падавалася, што людзі, якія зьявіліся па Травашляху, шукалі новых земляў, каб асесьці. Прыгорцы ім спачувалі, але ж, відавочна, ня радаваліся пэрспэктыве прыняць вялікую колькасьць чужынцаў на сваю зямлю. Адзін з паўднёўцаў, вузкавокі, з прышчурам, непрывабнага выгляду мужык, прадказваў, што яшчэ болей народу рушыць на поўнач у самай блізкай будучыні.
– Калі ім не дадуць месца, каб пасяліцца, дык яны самі знойдуць. Бо таксама маюць права жыць, як і іншыя ўсялякія, – сказаў гучна, каб усе пачулі. Тутэйшыя ня надта ўсьцешыліся.
Хобіты на тое зьвярталі няшмат увагі. Бо падавалася, гэта іх зусім ня тычылася: доўгі народ ў хобіцкія норы гасьцяваць не палезе. Хобітаў болей цікавілі Сэм зь Піпінам, якія пачуваліся ўжо зусім па-свойску й бадзёра выдавалі адну шырскую навіну за другой. Калі Піпін распавёў, як абрынулася нара магістрату ў Міхальскім Выкапе, уся кампанія досыць нарагаталася: міхальскага галаву, Віля Беланога, найтаўсьцейшага хобіта ва ўсім Заходнім падзеле, цалкам засыпала вапнай, а калі нарэшце выбраўся, ён быў што твой пончык у цукровай пудры! Аднак раз-пораз пытаньні тутэйшых рабіліся больш няёмкімі. Напрыклад, адзін з прыгорцаў, які, напэўна, завітваў у Шыр некалькі разоў, такі хацеў выведаць, дзе ж жывуць Падстромнікі й каму яны радзіна.
Раптам Фрода заўважыў, што ў цені ля сьцяны сядзіць чалавек, які, відочна, таксама ўважліва прыслухоўваецца да хобіцкіх расповедаў. Выгляду ён быў дзіўнага: паліў доўгую, неяк незвычайна выгнутую й аздобленую люльку, на нагах меў высокія боты з мяккай скуры, файна зладжаныя, але ж досыць зношаныя ды заляпаныя брудам. Хоць было цёпла, сядзеў, захінуўшыся ў плашч з шчыльнай цёмна-зялёнай тканіны, і каптур насунуў на самыя вочы. Але ж відаць было, як пабліскваюць яны, калі незнаёмца паглядае на хобітаў.
Як толькі Масьляк прабег паблізу, Фрода спытаў у яго шэптам:
– Гэта хто такі? Вы, калі не памыляюся, яго не назвалі?
– Яго? – Масьляк, не паварочваючы галавы, скасіў вочы ў бок незнаёмцы. – Ды я й сам ня ведаю. Ён з бадзяжнага народу, сьледапытаў, гэтак мы іх клічам. Ён рэдка з кім гамоніць, але калі ўжо разгаворыцца, дык можа файны расповед выдаць. Зьнікне на месяц, на год, а потым зноў тут. Апошняй вясною часьцяком завітваў, але з таго часу зьнік. Як ягонае сапраўднае імя, ня ведаю. А тутэйшыя клічуць Швэндалам, то ж бо швэндаецца туды-сюды на доўгіх нагах, сьпяшаецца заўсёды, а куды – анікому не гаворыць. Ведаеце, у нас кажуць: каму справы на ўсходзе, каму на захадзе, ды ўсё ня нашыя. Гэта мы пра сьледапытаў гэных ды пра шырскі народ, так. Дзіўна, што вы ім зацікавіліся.
У гэты момант нехта запатрабаваў яшчэ піва, і патлумачыць, што меў на ўвазе, спадар Масьляк не пасьпеў.
А Фрода заўважыў, што Швэндал глядзіць прама на яго, нібы пачуўшы альбо здагадаўшыся, пра што вялося з Масьляком. I раптам махае яму рукою, ківаючы, – запрашае да свайго стала. Калі Фрода падышоў, незнаёмца скінуў каптур. Твар у яго быў бледны, вочы – зыркія, шэрыя, пранізьлівыя, а ў густых чорных валасах ужо праблісквала сівізна.
– Мяне завуць Швэндалам, – вымавіў ён ціха, – і мне вельмі прыемна сустрэць нарэшце спадара... спадара Падстромніка, калі Масьляк не памыліўся зь імем.
– Не памыліўся, – сказаў Фрода суха, пачуваючыся няёмка пад Швэндалавымі пранізьлівымі вачыма.
– Ну, спадар Падстромнік, на вашым месцы я параіў бы сябрам крыху прытрымаць языкі. Вядома, файнае пітво, агмень, выпадковыя знаёмцы – усё добра й прыемна, але ж вы ня ў Шыры. Тут шмат хто трапляецца... "Хто б казаў" – напэўна, падумалі вы, – дадаў ён з сухою ўсьмешкаю, пабачыўшы Фродаў позірк. – Аднак ёсьць і горшыя госьці гэтай ноччу ў Прыгор'і.
Ён уважліва паглядзеў Фрода ў твар. Той адказаў на погляд, але прамаўчаў. А тады Швэндал зьнянацку зірнуў у Піпінаў бок. Фрода таксама азірнуўся й усьвядоміў, што Піпін – вось жа дурны маладзён! – ашалеўшы ад посьпеху сваёй показкі пра тоўстага міхальскага галаву, расьпісвае Більбаву разьвітальную Вечарыну! Ужо й Більбавай прамовы сягнуў і, відавочна, падбіраўся да самага ягонага чароўнага зьнікненьня.
Як Фрода раззлаваўся! Так, для большасьці тутэйшых хобітаў гэта проста сьмешная гісторыя пра сьмешны народзец за Бранявінам. Але некаторыя (і стары Масьляк, пэўна, сярод іх) маглі ведаць больш і згадаць даўнія чуткі пра Більбава зьнікненьне. А тое пацягнула б за сабою й згадку пра Більбава імя, асабліва калі нехта ўжо распытваў пра Торбінсаў у Прыгор'і.