Гэндальф жа адразу не паверыў у Більбаву гісторыю й вельмі зацікавіўся пярсьцёнкам. Урэшце, пасьля доўгіх допытаў ды роспытаў праўду ён зь Більба такі выцягнуў – ледзь не пасварыўшыся зь ім. Але чараўнік палічыў тое вартым праўды. Таксама надта істотным – і трывожным – яму падалося, што хобіт не сказаў праўды адразу. Ня ў звычцы гэта было ў Більба. I ўвогуле, ідэю гэткага "падарунку" хобіт ня сам вынайшаў, а падхапіў, падслухоўваючы Глыксаву балбатню. Глыкс шмат разоў назваў пярсьцёнак "падарункам на дзень народзінаў". I Гэндальф занепакоіўся ды зьвярнуў асаблівую ўвагу на гэта, аднак – як будзе відаць у нашай кніге – поўную праўду ён ня ведаў яшчэ шмат гадоў.
Пра астатнія Більбавы прыгоды распаведзена ў іншай кнізе, і тут мы пра іх згадваць ня будзем. Дастаткова сказаць, што пярсьцёнак дапамог яму ўцячы ад оркаў-вартаўнікоў ды знайсьці сваіх паплечнікаў. Потым Більба неаднойчы карыстаўся пярсьцёнкам – у асноўным, каб выратаваць сяброў, але ж трымаў яго ў сакрэце, пакуль толькі мог. Вярнуўшыся дахаты, не распавёў пра яго нікому, акрамя Гэндальфа ды Фрода, і ніхто болей у Шыры пра пярсьцёнак ня ведаў, ці так Більба падавалася. Толькі Фрода ён паказаў свае нататкі пра вандроўку.
Корд, Джала, Більба павесіў над агменем, дзівосную кальчугу, гномскі падарунак з цмокавай скарбніцы, аддаў на выставу ў музэй – аніякі іншы як міхальвыкапскі Адметнік. Аднак у Торбе-пад-Стромай, у шуфлядзе, трымаў стары плашч ды капялюш, якія апранаў падчас вандроўкі. А пярсьцёнак, прычэплены да файнага тонкага ланцужка, заўсёды трымаў у кішэні.
Вярнуўся Більба дахаты дваццаць другога чэрвеня на свой пяцьдзясят другі год (1342-гі паводле шырскага адліку), і з таго часу анічога адметнага ня здарылася ў Шыры датуль, пакуль спадар Торбінс не пачаў падрыхтоўку да сьвяткаваньня свайго стоадзінаццатага дня народзінаў. Вось тут і пачынаецца наш расповед.
Нататкі да шырскіх запісаў
Напрыканцы Трэцяй эпохі роля, якую адыгралі хобіты ў грандыёзных падзеях, празь якія Шыр увайшоў у склад Адроджанага каралеўства, абудзіла сярод хобітаў цікавасьць да ўласнай гісторыі. Шмат паданьняў, якія дагэтуль існавалі толькі ў вуснай традыцыі, былі сабраныя й запісаныя. Найгалоўнейшыя роды таксама цікавіліся справамі ўсяго каралеўства, і шмат хто з гэтых родаў вывучаў старажытныя летапісы й паданьні. Напрыканцы першага стагодзьдзя Чацьвертай эпохі Шыр меў ужо некалькі бібліятэк з кнігамі па гісторыі й летапісамі.
Найвялікшыя з гэтых бібліятэк знаходзіліся, напэўна, у Падвежжы, у Вялікіх Сьміялах ды Прырэчнай сядзібе. Наш расповед пра заканчэньне Трэцяй эпохі ўзяты, галоўным чынам, з Пунсовай кнігі Заходняга Краю. Гэтая найістотнейшая крыніца пра гісторыю Вайны Пярсьцёнка мае такую назву, бо доўга захоўвалася ў Падвежжы, у сядзібе Файнадзетаў, Варты Заходняга Краю. Аснова гэтай кнігі – асабісты Більбаў дзёньнік, які ён узяў з сабою ў Долы Яр. Фрода прывёз яго ў Шыр разам з значнай колькасьцю паасобных нататак ды цягам 1420-1421 гадоў дадаў свой расповед пра вайну. Таксама далучаныя прыстасаваныя да яго тры вялікія тамы Більбавых запісаў, пераплеценыя ў пунсовыя скуры, – верагодна, яны й захоўваліся ў адной чырвонай скрыні разам з Пунсовай кнігай. Да гэтых чатырох тамоў ужо ў Заходнім Краі дадалі пяты – з камэнтарамі, радаводамі ды шмат чым яшчэ пра хобітаў зь Зьвязу Пярсьцёнка.
Арыгінал Пунсовай кнігі не захаваўся, аднак зь яе былі зробленыя шматлікія сьпісы, асабліва зь першага тому, – для нашчадкаў гаспадара Сэмвайза. Найістотнейшы сьпіс з суцэльнай кнігі мае адметную гісторыю. Захоўваўся ён у Вялікіх Сьміялах, але ж рабіўся ў Гондары, верагодна, на просьбу прапраўнука спадара Перыгрына й быў скончаны ў 1592 годзе паводле шырскага адліку (172 год Чацьвертай эпохі). Пісар дадаў да яго: Фіндэгіль, Каралеўскі Пісьмавод, скончыў гэтую працу ў 172-м. Гэта дакладная, да апошняй дробязі, копія Танавай кнігі Мінас Тырыту. А ўжо тая кніга – зробленая на загад караля Элесара копія самой Пунсовай кнігі Перыянату, якую тан Перыгрын напрыканцы сваіх дзён прывёз яму ў Гондар у 64 годзе Чацьвертай эпохі.