Фрода засоўгаўся на месцы, ня ведаючы, што ж рабіць. Піпін, відавочна, ажно зь сябе выходзіў ад задавальненьня, ён забыўся на ўсе папярэджаньні. Бацюхны, ён гэтак можа й пра пярсьцёнак вываліць! Вось будзе сапраўдная бяда!
– Лепей зрабіць нешта зараз жа! – прашаптаў яму на вуха Швэндал.
Фрода ўстаў, улез на стол ды пачаў прамаўляць. Адразу многія зь Піпінавых слухачоў павярнуўся да яго. Запляскалі ў далоні, засьмяяліся. Напэўна, вырашылі, што спадар Падстромнік глынуў зашмат піва й нарэшце разьняволіўся.
Фрода адчуў сябе досыць няёмка, і рука яго – як звычайна падчас прамоваў – сама сабою палезла ў кішэню. Ён намацаў пярсьцёнак на ланцужку й раптам зь незвычайнай сілаю пажадаў вось тут і зараз яго насунуць, зьнікнуць, пазбавіцца ўсёй гэтай дурноты. Жаданьне прыплыло быццам аднекуль вонкі, ад нечага – ці некага – у залі. Але Фрода рашуча адкінуў гэтую думку, сьціснуў пярсьцёнак у далоні – нібы не даючы ўцячы або нашкодзіць. Хоць мацай ня мацай у кішэні, словаў у галаве тое не дадасьць. Ня ведаючы, пра што ж будзе прамаўляць далей, Фрода пачаў з звычайных "уводзінаў", як тое звалася ў Шыры:
– Спадарове! Мы ўсе надзвычай удзячныя за вашую добрую гасьціннасьць, і я спадзяюся, што наш нядоўгі візыт дапаможа аднавіць даўняе сяброўства паміж Шырам і Прыгор'ем, – і закашляўся, ня ведаючы, што сказаць яшчэ.
Кожны ў залі цяпер глядзеў на яго.
– Песьню! – выгукнуў хтосьці з хобітаў
– Песьню, песьню! – падхапілі ўсе. – Шаноўны спадару, калі ласка, што-небудзь новенькае, чаго мы ня чулі!
На момант Фрода зьбянтэжыўся. А потым з адчаю завёў жартоўную песеньку, што некалі вельмі падабалася Більба (ня толькі падабалася – шчыра кажучы, ён ёю ганарыўся, бо сам напісаў). Там вялося пра шынок, і таму, відаць, яна згадалася першай. Вось яе словы цалкам. Сёньня мала хто памятае болей за пару радкоў.