Пляскалі доўга й гучна. Голас у Фрода быў някепскі, дый песенька прыйшлася даспадобы.
– Дзе ж стары Ячмане? – гукалі. – Хай паслухае! Бобу трэба вывучыць пра гэтага коціка ды ягоную скрыпку – мы добра патанчым.
Прынесьлі яшчэ піва, і ўсе закрычалі:
– Калі ласка, спадару, яшчэ раз, яшчэ! Зрабі ласку!
Праставілі Фрода яшчэ піва й запрасілі прасьпяваць зноў – і самі ўзяліся дапамагаць. Шмат хто падпяваў, бо мэлёдыя ж была вядомая, а словы хутка запаміналіся. Настала цяпер Фродава чарга задавальняцца сабою. Ён ажно затанчыў па стале, а калі дабраўся да радка "Карова здурнела, на Поўню ўзьляцела", сам скочыў угору. Перастараўся троху, бо прызямліўся, а дакладней, прыстоліўся прама ў паднос з куфлямі, пасьлізнуўся ды з грукатам і ляскатам бухнуўся з стала! Публіка толькі разявіла раты, каб разрагатацца, ды так і пакінула іх разяўленымі. Бо сьпявак зьнік, нібы праз падлогу праваліўся, не пакінуўшы дзіркі!
Тутэйшыя хобіты, уражаныя, моўчкі вырачылі вочы, а тады ўскочылі й наперабой запатрабавалі да сябе Ячмана. Усе адразу адсунуліся далей ад Сэма зь Піпінам ды пазіралі на іх цяпер змрочна й падазрона. Тыя засталіся самі па сабе сядзець у куце й пачуліся вельмі няёмка, бо, відавочна, цяпер да іх ставіліся як да паплечнікаў бадзяжнага чараўніка, які немаведама зь якой нагоды сюды забрыў. А адзін смуглявы прыгорац паглядаў гэтак кпліва, з пасьмешкай, нібы добра разумеючы, што тут і да чаго. I неўзабаве высьлізнуў вонкі, а за ім – вузкавокі паўднёўца. Абодва ўвесь вечар перашэптваліся. Вартаўнік Гары таксама пасьпяшаўся за імі.
Фрода адчуваў сябе апошнім ідыётам. Ня ведаючы, што яшчэ рабіць, ціхенька адпоўз пад сталамі ў цёмны кут, дзе сядзеў Швэндал. Той заставаўся нерухомым, анічым не выказваючы сваіх думак. Фрода прыхіліўся да сьцяны, зьняў пярсьцёнак. Як жа ён апынуўся на пальцы? Нешта Фрода ня памятаў, як гэта здарылася. Напэўна, калі сьпяваў, мацаў рукою ў кішэні, а потым і насунуў на палец, калі вытыркнуў руку, каб зьмякчыць падзеньне. I падумалася: а можа, пярсьцёнак сам выкінуў гэткую штуку? На загад каго-нікаго тутака, у залі, каб выявіць сябе. Фрода зусім не даспадобы былі твары людзей, якія адразу ж пасьля здарэньня пакінулі залю.
– Ну й што цяпер? – спытаў Швэндал, калі Фрода зноў зрабіўся бачны. – Дзеля чаго было гэта рабіць? Горш за ўсё, што маглі выбалбатаць вашыя сябры! Нагою прама ў пастку – ці мо, хутчэй, пальцам?
– Я вас не разумею, – прамармытаў Фрода, зьбянтэжаны й запепакоены.
– Разумееце. I добра. Але лепей вычакаць, пакуль сьціхне пярэпалах. А тады, спадар Торбінс, калі вы ня супраць, я з задавальненьнем трошку з вамі перамоўлю.
– Пра што? – спытаў Фрода, ігнаруючы згадку свайго сапраўднага імя.
– Пра справы, істотныя для нас абодвух, – адказаў Швэндал, гледзячы Фрода наўпрост у вочы. – Мяркую, вы пачуеце шмат карыснага для вас.
– Добра, – Фрода намагаўся зрабіць выгляд, што ўсё гэта яго зусім не цікавіць. – Пагутарым пазьней.
А тым часам ля агменю ажыўлена спрачаліся. Спадар Масьляк быў пасярод спрэчкі й намагаўся выслухаць адначасова некалькі апісаньняў падзеі, ніводнае зь якіх не супадала з аніякім іншым.
– Бачыў я, – сьцьвярджаў хобіт, – дакладней, ня бачыў, і ўсё – ну вы ж мяне разумееце. Ён проста зьнік у паветры, быццам дымам разышоўся, як гаворыцца.
– Ня можа быць, спадару Чарнабыльніку? – спытаў гаспадар азадачана.
– Можа! – пацьвердзіў спадар Чарнабыльнік. – І праваліцца мне на месцы, калі ня так!
– Нешта тут ня так, – сказаў Масьляк, хістаючы галавою, – у спадара Падстромніка, як бы так сказаць, даволі мажная фігура, каб дымам разысьціся. Ды шчэ каб у гэтай залі, вы ўжо прабачце, дым разыходзіўся? Ён тут вісьма вісіць!
– Ну, дык дзе ён цяпер? – усклікнулі адразу некалькі спрачальнікаў.
– Ну адкуль мне ведаць? Калі ласка, хай ідзе, куды хоча, – толькі каб заплаціў раніцою. А вунь спадар Хват – ён жа ня зьнік.
– Ну, я бачыў, што бачыў, а я бачыў, што я яго ня бачыў! – зацята цьвердзіў спадар Чарнабыльнік.