– А я кажу, тут нейкае непаразуменьне, – паўтарыў Масьляк, зьбіраючы на паднос рэшткі пабітых куфляў.
– Вядома, непаразуменьне! – сказаў тут Фрода. – Я ня зьнік. Проста трэба было перакінуцца парай словаў з Швэндалам.
Ён крочыў наперад, да сьвятла ад агменю. Аднак большасьць спрачальнікаў адсунуліся назад, нават болей разьюшаныя, чым раней. I Фродавым тлумачэньням пра тое, што ён хутка адпоўз пад сталамі, калі зваліўся, відавочна, не паверылі. Большасьць хобітаў і тутэйшых людзей адразу засьпяшаліся дахаты, страціўшы ўсялякае жаданьне заставацца ў шынку гэтым вечарам. Некаторыя, сыходзячы, пазіралі на Фрода вельмі нядобра й перашэптваліся паміж сабою. Гномы ды некалькі чужаземных людзей таксама ўсталі ды далі дабранач гаспадару, але ня Фрода й ягоным сябрам. Неўзабаве ў залі не засталося нікога, апрача Швэндала, які сядзеў, непрыкметны, ля сьцяны.
А Масьляк, падавалася, не пераймаўся. Верагодна, палічыў, што раніцою шынок будзе мо й паўнейшы, бо трэба ж гэткае таемнае здарэньне абмеркаваць як сьлед. Аднак усё ж спытаў:
– I што ж вы такое вырабляеце, спадару Падстромніку? Гасьцей маіх параспалохалі, куфлі паразьбівалі сваёй акрабатыкай!
– Мне вельмі шкада, што так атрымалася, што я нарабіў столькі клопату, – выбачаўся Фрода. – Гэта выпадак, сапраўды, цалкам выпадковае здарэньне.
– Ладна, ладна, спадару Падстромніку! Але калі вы зноў зьберацеся з стала валіцца ці чары якія строіць, дык лепей папярэдзьце нас, а ў першую чаргу мяне. Ведаеце, мы тут крыху нязвыклыя да ўсялякага, ну вы разумееце, ненатуральнага, гэтак зьнянацку нам цяжка такое выносіць.
– Болей такое не паўторыцца, спадар Масьляк, абяцаю вам. А цяпер, мяркую, мы пойдзем да ложкаў. Трэба зьяжджаць зь сьвятлом. Будуць нашыя поні падрыхтаваныя а восьмай?
– Так, так! Аднак да таго, як вы пакладзяцеся спаць, ці можна мне з вамі трохі перамовіцца, сам-насам, спадару Падстромніку? Мне якраз узгадалася тое, што зьбіраўся сказаць вам. Мне тут трэба зрабіць тое-сёе, а тады я да вашага пакою завітаю, калі вы ня супраць.
– Безумоўна! – адказаў Фрода, адчуваючы сябе паскудней няма куды. Цікава, колькі яшчэ размоваў "сам-насам" яму давядзецца мець перад сном і што ён з гэтых размоваў атрымае. Нават і тлусты твар старога Масьляка ўжо падаваўся небараку Фрода злаўмысным.
10. Швэндал
Піпін ды Фрода з Сэмам вярнуліся ў гасьцёўню, дзе вячэралі. Там было цёмна. Агонь амаль згас, і толькі калі разьдзьмулі вугольле ды падкінулі пару паленцаў, заўважылі: зь імі ў пакоі Швэндал! Спакойна сядзіць сабе ў фатэлі ля дзьвярэй.
– Вітаньне, – выгукнуў Піпін. – Хто вы такі й чаго жадаеце?
– Клічуць мяне Швэндалам, – адказаў той, – і хоць ваш сябра, магчыма, ужо забыўся, ён абяцаў паразмаўляць з мною.
– Вашаць казаў, што я магу пачуць нешта карыснае, – азваўся Фрода. – І што ж напрыклад?
– Так, карыснае. Але не бясплатнае.
– Як гэта разумець?!
– Не палохайцеся, калі ласка. Я маю на ўвазе толькі адно: я распавядаю вам тое, што ведаю, і даю добрую параду, але й атрымліваю ад вас узнагароду.
– I што ж гэта за ўзнагарода, цікава? – сказаў Фрода, падазраючы, што патрапілі на махляра, і шкадуючы, што ўзялі з сабою мала грошай. Наўрад ці гэты шалбер задаволіцца, а як потым абыходзіцца бяз грошай?
– Паверце, гэта вам па кішэні, – адказаў Швэндал, павольна ўсьміхаючыся, бы прачытаўшы Фродавы думкі. – Вы ўсяго толькі бераце мяне з сабою, і я вандрую разам з вамі, пакуль мне будзе гэта патрэбна.
– А няўжо ж? – усклікнуў Фрода, зьдзіўлены, але не заспакоены, – Нават каб я прагнуў яшчэ спадарожнікаў, я не згадзіўся б на гэткае, пакуль не даведаўся б болей пра вас і вашыя мэты.
– Файна! – гукнуў Швэндал, закінуўшы нагу за нагу ды ўладкоўваючыся ў фатэлі ўтульней. – Падаецца, вы ўжо на шляху да здаровага сэнсу – надта прыемна. Бо дагэтуль вы пасьпелі нарабіць... Ну, файна! Я распавяду вам, што ведаю, а тады самі вырашайце, браць мяне з сабою ці не. Мяркую, вам захочацца, калі вы мяне паслухаеце.
– Дык распавядайце! – прапанаваў Фрода. – Што ж такога вам вядома?
– Шмат чаго, і адно чарней за другое. Што ж тычыцца вашае справы, – тут ён узьняўся з фатэлі, падышоў да дзьвярэй, хутка адчыніў іх і вызірнуў вонкі. Тады зачыніў і зноў усеўся.
– У мяне добры слых, – вымавіў шэптам, – і хоць я ня здольны зьнікаць, мне выпадала паляваць на найдзічэйшых і найсьцеражэйшых пачвараў. Я нядрэнна ўмею хавацца ад чужых вачэй, калі не жадаю, каб мяне бачылі. Сёньняшнім надвячоркам мне выпала апынуцца за кустамі побач з Шляхам на захад ад Прыгор'я й пабачыць чатырох хобітаў, якія ехалі з Лысагор'я. Наўрад ці варта пераказваць тут усё, што яны казалі старому Бамбадзілу ці адзін аднаму, але сёе-тое, для мяне надта цікавае, можна паўтарыць. «Калі ласка, запомніце: нават імя "Торбінс" нельга згадваць! А калі ўжо мяне па імені клікаць спатрэбіцца, дык я спадар Падстромнік», – казаў адзін зь іх. Так гэта мяне зацікавіла, што я прасачыў за імі да самай брамы й далей, прама за іхнімі сьпінамі. Магчыма, спадар Торбінс мае рацыю не раскрываць сваё імя, але ў такім выпадку я параіў бы ягоным сябрам паводзіць сябе асьцярожней.