– Не разумею, чаму каго-кольвек у Прыгор'і зацікавіла маё імя, – сказаў Фрода раздражнёна, – і яшчэ ня ведаю, чаму яно зацікавіла вас. Мо спадар Швэндал мае рацыю падпільноўваць ды падслухоўваць. Калі так, я жадаў бы пэўных тлумачэньняў наконт гэтай рацыі.
– Добры адказ! – расьсьмяяўся Швэндал. – Тлумачыцца ўсё вельмі проста: я шукаў шырскага хобіта Фрода Торбінса. I хацеў знайсьці яго як мага хутчэй. Бо я даведаўся, што ён нясе з сабою з Шыру, скажам так, таямніцу, якая тычыцца мяне й маіх сяброў.
– Не палохайцеся, вы ня так мяне зразумелі! – усклікнуў ён, пабачыўшы, што й Фрода ўзьняўся з фатэлі, і Сэм ажно падскочыў, крывячыся. – Я тут для таго, каб абараніць вашую таямніцу! Бо я хачу, каб вы яе захавалі нават болей за вас! А бараніцца вам трэба! – ён нахіліўся наперад і сувора зірнуў на хобітаў.
– Цяпер трэба сачыць за кожным ценем! – папярэдзіў напаўголасу. – Чорных Вершнікаў ужо бачылі ў Прыгор'і. У панядзелак адзін прыехаў з Травашляху, а потым і другі па Травашляху з поўдня.
У пакоі стала ціха. Нарэшце Фрода сказаў Сэму зь Піпінам:
– Пра гэта можна было здагадацца, пабачыўшы, як павітаў нас вартавы. I нават спадар Масьляк, падаецца, нешта чуў. Навошта ён запрашаў нас выйсьці ў залю да кампаніі? I чаго мы згадзіліся на гэткае глупства? Засталіся б лепей тут, у спакоі!
– Але, так было б лепей, – згадзіўся Швэндал. – Мая воля – я не дазволіў бы вам туды ісьці. Але гаспадар ня даў мне вас пабачыць і цыдулку таксама не перадаў.
– Вы лічыце, што ён...
– Не, стары Масьляк у парадку. Проста яму не даспадобы розныя валацугі накшталт мяне.
Тут Фрода глянуў на Швэндала заклапочана.
– Я падобны на злодзея, ці ня так? – сказаў Швэндал зь невясёлай усьмешкай і зірнуў на хобітаў зь дзіўным бляскам у вачох. – Але, спадзяюся, неўзабаве мы больш даведаемся адзін пра аднаго. А тады, можа, вы патлумачыце мне, што адбылося напрыканцы вашай песенькі. Бо гэты выбрык...
– Цалкам выпадковы! – перабіў яго Фрода.
– Сапраўды? Няхай выпадковы. Дык вось, праз гэты цалкам выпадковы выбрык вы цяпер у небясьпецы.
– Наўрад ці ў большай за тую, што была раней. Я ведаю, што Вершнікі цікуюць мяне, але цяпер яны, здаецца, згубілі сьлед, яны мо далёка.
– На тое не разьлічвай! – абсек Швэндал сувора. – Яны вернуцца. Іх будзе больш. Бо ёсьць жа й іншыя. Я ведаю, колькі іх. Я ведаю гэтых Вершнікаў, – ён змоўк на імгненьне, і вочы ягоныя зрабіліся халоднымі й жорсткімі. – Калі ім спатрэбіцца, яны знойдуць прысьпешнікаў – і тут, у Прыгор'і. Тут ёсьць каму. Біл Бур'як, напрыклад. Пра яго ліхі пагалосак, да яго ходзяць такія тыпы... Вы яго, пэўна, бачылі ў залі: смуглявы хлапец, шчэрыўся кпліва. Увесь вечар быў разам з адным з паўднёўцаў і пасьля вашага выпадку выйшаў разам зь ім. Не падабаюцца мне тыя паўднёўцы, а што да Бур'яка – прадасьць што заўгодна каму заўгодна й шкоды наробіць, проста каб пазабавіцца.
– І што ж той Біл будзе прадаваць, што яму да мяне? – спытаў Фрода, рашуча не заўважаючы Швэндалавых намёкаў.
– Навіны пра вас, безумоўна. Раповед пра сёньняшні вечар некаторым падасца надта цікавым. Пасьля гэтага выпадку наўрад ці ім трэба будзе дашуквацца вашага сапраўднага імя. Баюся, яны даведаюцца пра яго шчэ да раніцы. Ці гэтага для вас недастаткова? Вы можаце ўзяць мяне з сабою ці не – справа вашая. Але ж я кажу вам, што добра ведаю ўсе землі паміж Шырам і Туманнымі гарамі, бо вандраваў па іх шмат гадоў. Я старэйшы, чым выглядаю. Я магу быць карысны вам. Пасьля сёньняшняга здарэньня вам нельга ехаць па Шляху, бо Вершнікі будуць сачыць за ім і ўночы, і ўдзень. Калі паедзеце па Шляху, можа, здалееце выбрацца з Прыгор'я. I праедзеце, пакуль сонца ў нябёсах. Ня больш. Яны напаткаюць вас у цемры, у глухамані, дзе ніадкуль дапамогі ня будзе. Вы хочаце, каб так здарылася? Яны – найчарнейшы жах!
Хобіты зьдзівіліся, заўважыўшы на ягоным твары нібыта адбітак даўняга болю. Ягоныя далоні сьціснулі падлоктавікі фатэлі. У пакоі зрабілася надта спакойна й ціха, і сьвятло, падавалася, сьцьмела. Швэндал сядзеў і нібыта ня бачыў перад сабою хобітаў, агорнуты тугой даўніх цяжкіх успамінаў ці прыслухоўваючыся да начных галасоў недзе ў далечыні.