Выбрать главу

– Так, – вымавіў ён нарэшце, правёўшы рукою па твары, нібы адсоўваючы вусьцішныя думкі. – Я ведаю пра вашых перасьледнікаў болей за вас. Вы баіцеся іх, але ж ня ведаеце, чаго менавіта вам баяцца. Раніцою вам давядзецца ўцякаць. Швэндал пакажа вам сьцежкі, якія амаль ніхто болей ня ведае, калі вы возьмеце яго з сабою. Ці возьмеце вы яго?

У цяжкой цішыні Фрода шукаў адказ, але ж надта зьбянтэжыўся й настрашыўся ды згадаць ані на што ня здолеў. Сэм пахмура сачыў за гаспадаром, зрэшты ня вытрымаў:

– З вашага дазволу, спадару Фрода, я сказаў бы на тое: не! Гэны Швэндал, ён папярэджвае: пасьцеражыцеся, вось так. На гэта я скажу: згода! Але ж ці не яго першага нам сьцерагчыся? Прыплёўся з глухамані, а я нешта ня чуў, каб там трапляўся добрасумленны народ. Што ён ведае шмат – відавочна, нават і болей ведае, чым мне даспадобы. Менавіта я ня бачу аніякай рацыі ў тым, каб дазволіць яму завесьці нас у цёмныя глухія месцы, пра якія ён сам жа й узгадаў!

Піпін зьбянтэжана засоўгаўся ў фатэлі. А Швэндал не адказаў Сэму анічога, толькі запытальна павярнуўся да Фрода. Фрода зазірнуў у ягоныя вочы ды адвярнуўся.

– Не, – адказаў павольна, – я не магу згадзіцца на гэта. Бо мне падаецца, вы ня той, кім жадаеце выглядаць. Вы пачалі размаўляць, рыхтык прыгорац, а цяпер і голас ваш зьмяніўся, і гаворка. Мяркую, Сэм правільна прыкмеціў: вы нас папярэджваеце – і самі прапаноўваеце безаглядна вам даверыцца. Чаму вы хаваецеся? Хто вы такі? Што вы на самай справе ведаеце пра мае справы й адкуль?

– Ну, бачу, навука асьцярожнасьці дарма не прайшла, – змрочна ўсьміхнуўся Швэндал. – Але перасьцярога – гэта адно, а адсутнасьць рашучасьці – зусім іншае. Самі вы ня здолееце дабрацца да Долага Яру. Даверыцца мне – адзіны шанец. Вырашайце. Я адкажу на вашыя пытаньні, калі гэта дапаможа вырашыць. Але ці паверыце вы мне, калі ўжо цяпер ня верыце? Аднак ёсьць яшчэ...

У гэты момант у дзьверы пагрукалі. Спадар Масьляк прынёс сьвечкі, а за ім Ноб – вёдры гарачай вады. Швэндал адступіў у цёмны кут.

– Вось, прыйшоў пажадаць дабраначы, – сказаў гаспадар, ставячы сьвечкі на стол. – Гэй, Ноб! Аднясі ваду ў спальні!

Тады зайшоў у пакой і зачыніў за сабою дзьверы.

– Справы такія, – вымавіў зьбянтэжана, відавочна, занепакоены. – Калі ад мяне якая шкода надарылася, дык я прашу прабачэньня. Самі ж бачыце, за адно ўхопісься, другое выпусьціш – заняты я чалавек. Але гэтым тыднем такое адбываецца, што й у галаву возьмеш, як гаворыцца, спадзяюся, я ня надта позна згадаў. Бачыце, мяне ж прасілі чакаць хобітаў з Шыру, а асабліва хобіта зь імем Торбінс.

– I як гэта тычыцца мяне? – спытаў Фрода.

– А, ну тое вам лепей ведаць, – сказаў гаспадар. – Я ж вас ня выдам, будзьце пэўныя, але мне казалі, што Торбінс будзе называць сябе Падстромнік, і апісалі вас даволі падрабязна й дакладна, так вам скажу.

– Ну і? Што ж за апісаньне? – перабіў Фрода не падумаўшы.

– Маленькі, крэпенькі хлапец з чырвонымі шчокамі, – сумна пачаў спадар Масьляк.

Піпін хіхікнуў, Сэм пакрыўдзіўся.

– Але гэта табе ня надта дапаможа, большасьць хобітаў такія, Ячмане, – гэтак ён мне казаў, – працягваў Масьляк, скасіўшы вочы на Піпіна. – Але той вышэйшы, і тварам сьвятлейшы за большасьць, і падбародзьдзе зь ямачкаю, самаўпэўнены, жвавы такі хлапец, і вочы адметныя, зыркія. Выбачайце, але ж гэта ня я так сказаў, а ён.

– Ён? Хто ён? – спытаў Фрода нецярпліва.

– Хто ён? Гэндальф, вядома, калі вы разумееце, пра каго я. Кажуць, ён чараўнік, але мой добры сябра, чараўнік ці не. А цяпер і ня ведаю, што ён мне скажа, калі пабачымся: мо піва маё ў кісьлю ператворыць ці мяне – у пацурбэлак. Характар у яго такі гарачы. Ну, што зроблена, ужо не адробіш.

– Ну дык што, што ж вы зрабілі? – спытаў Фрода, ужо досыць стомлены павольнай плыняю Масьляковых думак.

– Дык пра што я? – Масьляк зноў шчоўкнуў пальцамі. – А, вось! Стары Гэндальф. Тры месяцы таму завітаў у мой пакой, не пагрукаўшы, і прама ад парогу кажа: "Слухай, Ячмане, я раніцою зьяжджаю. Можаш ты для мяне зрабіць адну рэч?" Ну, я яму кажу: калі ласка, што за рэч такая? А ён: "Я сьпяшаюся, зусім няма часу, а трэба адаслаць ліст у Шыр. Ці ёсьць у цябе хто надзейны?" Я адказаў, што знайду, мо раніцою, мо крыху пазьней. А ён кажа: "Лепей раніцою". I даў мне ліст.

– Адрас звонку на лісьце вось такі, – спадар Масьляк выцягнуў паперчыну з кішэні й прачытаў павольна й урачыста (бо вельмі ганарыўся сваёй рэпутацыяй чалавека пісьменнага): "СПАДАРУ ФРОДА ТОРБІНСУ, ТОРБА ПАД СТРОМАЙ, ХОБІЦАК, ШЫР".