– Ліст мне ад Гэндальфа! – усклікнуў Фрода.
– А, дык вас на самай справе клічуць Торбінс?
– Так, – адказаў Фрода. – І вы лепей дайце мне гэта ліст зараз жа ды патлумачце, чаму вы яго не паслалі. Менавіта гэта вы й прыйшлі мне сказаць і ўжо колькі часу да таго дабіраецеся!
Небарака Масьляк зьбялеў.
– Праўда ваша, васпане. Выбачайце, калі ласка. Я ж калі падумаю, што Гэндальф зробіць... ну, то бок калі шкода якая ўчынілася. Дык я ж не наўмысна. Я ж захаваў, бачыце. Ну, не знайшлося анікога, хто жадаў бы раніцою ў Шыр, і раніцою пасьля таго не знайшлося, а сваіх жа не магу, бо хто ж у шынку рабіць будзе? А потым адно за адным – і забыўся. Я ж заняты чалавек. А цяпер, калі што мажліва зрабіць, каб выправіць шкоду, толькі скажыце. I ўвогуле, дапамагу, як магу. Я так і Гэндальфу абяцаўся. Ён мне казаў: "Ячмане, мой сябар прыедзе з Шыру, напэўна, у хуткім часе, і зь ім яшчэ хто. Пад імем Падстромнік – запомні й не даймай пытаньнямі. Калі мяне зь ім ня будзе, то, магчыма, у яго клопаты й непрыемнасьці, яму трэба будзе дапамагчы. Зрабі для яго што толькі зможаш, а я ўжо падзякаваць не забудуся". Ну вось і вы, і непрыемнасьці, здаецца, непадалёк.
– Што вы маеце на ўвазе? – спытаў Фрода.
– Гэныя чорныя людцы, – сказаў гаспадар напаўголасу, – яны вышуквалі Торбінса, і быць мне хобітам, калі для чаго добрага. У панядзелак зьявіліся. Суцэльны жах: сабакі выюць, гусі гагочуць. Ноб да мяне падышоў і кажа, што два чорныя нейкія на ганку, пра хобіта Торбінса распытваюць. А сам ажно трасецца. Я чорным загадаў ісьці прэч, і дзьверы зачыніў перад іхнімі насамі. Але яны, як я потым чуў, распытвалі тое самае ажно да Прычыцаў. А яшчэ той сьледапыт-валацуга, Швэндал, таксама выпытваў. Нават і да вас пралезьці намагаўся, яшчэ калі вы й пад'есьці не пасьпелі.
– I намогся, – Швэндал зьнянацку крочыў наперад. – А калі б намогся раней, то пазбавіў бы ад безьлічы клопатаў, Ячмане.
Гаспадар ажно падскочыў ад нечаканасьці.
– Вы! Заўсёды вы паўсюль лезеце! Што вам цяпер патрэбна?!
– Ён тут з майго дазволу, – патлумачыў Фрода, – ён прапанаваў нам дапамогу.
– Ну, справы спадаровы, – Масьляк паглядзеў на Швэндала падазрона, – але на вашым месцы я з бадзягамі справаў ня меў бы.
– А з кім яму мець справы? – спытаў Швэндал. – З тоўстым шынкаром, які й на сваё імя не забыўся толькі таму, што людзі ўвесь дзень яго выгукваюць? Не застануцца ж яны ў "Скаклівым коніку" назаўсёды, а назад ім вяртацца нельга. Перад імі – доўгі шлях. Мо вы пойдзеце зь імі, каб абараніць ад чарналюдаў?
– Я? Пакінуць Прыгор'е? Ды ні за якія грошы! – выклікнуў Масьляк, дашчэнту пераляканы. – А чаго б вам і на самай справе тут не застацца, спадару Падстромніку? Што за жудасьці такія Робяцца? Чаго гэныя чорныя вышукваюць, адкуль яны, га?
– На жаль, я вам патлумачыць не магу, – адказаў Фрода. – Я вельмі стаміўся й ня надта добра пачуваюся, а гэта доўгі расповед. Калі вы жадаеце мне дапамагчы, ведайце: вы й ваш шынок у небясьпецы, пакуль я пад вашым дахам. Я цалкам ня ўпэўнены, але гэтыя Чорныя Вершнікі, баюся...
– З Мордару, – дапамог Швэндал ціха, – з Мордару, Ячман, калі гэта табе нешта кажа.
– Барані нас! – вохнуў Масьляк, зусім спалатнеўшы, бо гэта яму сёе-тое казала. – За ўвесь час анічога горшага ў Прыгор'і не здаралася.
– Менавіта, – сказаў Фрода. – Вы яшчэ жадаеце мне дапамагчы?
– Так. Нават болей, чым раней. Хоць і ня ведаю, што чалавек, падобны да мяне, можа зрабіць супраць, супраць... – ён запнуўся.
– Супраць Ценю з Усходу, – працягнуў Швэндал спакойна. – Няшмат, Ячман, няшмат. Але й тое пойдзе на карысьць. Вы можаце дазволіць спадару Падстромніку пераначаваць тут і павінны дашчэнту забыцца імя Торбінс да часоў, калі ён будзе далёка адсюль.
– Але, але, так я й зраблю, – згадзіўся Масьляк. – Адно, баюся, яны й без маёй балбатні здагадаюцца, што ён тут. Як шкада, што спадар Торбінс учыніў гэткі гармідар сёньня. Бо расповеды пра зьнікненьне спадара Більба ў нас часьцяком чулі. Нават і Ноб мой, хоць і цяжкадум, тое-сёе ўцяміў, а народ тут ёсьць і спрытнейшы на галаву, калі вы мяне разумееце.
– Ну, застаецца толькі спадзявацца, што Вершнікі йшчэ не пасьпелі вярнуцца, – сказаў Фрода.
– Спадзяюся, не, – сказаў Масьляк, – але вернуцца ці не, проста так яны ў "Коніка" не патрапяць. Да раніцы не турбуйцеся. Ноб анічога анікому ня скажа, дый ня пройдзе аніякі чорны страхалюд у мой шынок, пакуль я стаю на нагах. Я з сваімі буду ноч вартаваць, а вам лепей усё ж паспаць крыху, калі здолееце.
– Так ці інакш, абудзіце нас на досьвітку. Нам трэба сыходзіць як мага раней. Сьняданак а палове на сёмую, калі ласка.