– Файна! Я прасачу, каб усё было падрыхтавана. Дабранач, спадар Торбінс, перапрашаю, Падстромнік! Дабранач усім. Паміж іншым, а дзе ваш спадар Бронь-Быч?
– Ня ведаю, – занепакоіўся Фрода. Насамрэч, зусім забыліся на Мэры, а ўжо колькі часу прайшло. – Падаецца, ён выйшаў. Казаў нешта накшталт таго, каб дыхнуць сьвежага паветра.
– Ну, вы нібыта на вакацыях, сапраўды, за вамі толькі й даглядаць! Я зараз пайду зачыняць дзьверы, але ўжо вашага сябра ўпушчу, калі зьявіцца. А лепей Ноба пашлю, каб пашукаў яго. Дабранач усім!
З гэтымі словамі спадар Масьляк нарэшце выйшаў, зірнуўшы наастачу на Швэндала з сумневам ды пахітаўшы галавою. З калідору даляцеў гук ягоных крокаў. Потым стала ціха.
– Ну? – спытаў Швэндал. – Калі вы будзеце чытаць гэты ліст?
Фрода ўважліва разгледзеў пячатку перад тым, як зламаць. Безумоўна, пячатка Гэндальфава. Зламаў, разгарнуў ліст. Ён быў напісаны рэзкім і вуглаватым, але ж разам з тым файным, нават выкшталцоным почыркам чараўніка:
Скаклівы Конік, Прыгор'е, Ліпкі, паводле шырскіх – год 1418.
Шаноўны Фрода!
Напаткалі мяне тут дрэнныя навіны. Зараз жа мушу ехаць. Пакідай Торбу-пад-Стромай як мага хутчэй і зьяжджай з Шыру самае позьняе напрыканцы ліпня. Я вярнуся, як толькі здолею. Калі не застану цябе ў Торбе, даганю. Калі будзеш праяжджаць праз Прыгор'е, пакінь для мяне ліст. Даверыць яго можаш шынкару, Масьляку. Магчыма, напаткаеш па дарозе майго сябра: высокага, хударлявага, зь цёмнымі валасамі. Некаторыя клічуць яго Швэндалам. Ён ведае пра нашыя справы й дапаможа табе. Кіруйцеся да Долага Яру. Там, спадзяюся, і сустрэнемся. Калі я ня здолею туды дабрацца, Эльранд табе дапаможа.
Твой сябра ў сьпеху,
Гэндальф .
P.S. НЕ карыстайся ім!! Ані ў якім разе! Вандруйце толькі ўдзень!
PPS. Пераканайся, што напаткалі сапраўднага Швэндала. Цяпер шмат хто бадзяецца па дарогах. Ягонае праўдзівае імя – Арагорн .
PPPS. Спадзяюся, Масьляк не забавіцца адаслаць гэты ліст. Чалавек ён неблагі, але памяць ягоная, што старая кладоўка – патрэбнае заўсёды пахаванае пад кучай сьмецьця. Калі забудзецца, засмажу жыўцом.
Посьпехаў!
Фрода прачытаў ліст пра сябе, тады перадаў Піпіну з Сэмам. Сказаў:
– Сапраўды, старога Масьляка варта засмажыць жыўцом за памяць. Калі б ён выправіў ліст своечасова, мы маглі быць ужо ў Долым Яры, у спакоі й бясьпецы. А што ж такое здарылася з Гэндальфам, цікава? Ён піша так, нібыта сьпяшаецца насустрач вялікай небясьпецы.
– Ён ужо шмат гадоў жыве ад небясьпекі да небясьпекі, – сказаў Швэндал.
Фрода павярнуўся да яго ў задуменьні, абмяркоўваючы другую Гэндальфаву прыпіску да ліста.
– А чаму вы адразу не сказалі нам, што сябра Гэндальфа? Захавалі б час.
– Сапраўды? I вы паверылі б мне бяз гэтага ліста? Я ж ня ведаў пра яго. Лічыў, што мушу пераканаць вас без усялякай зьнешняй дапамогі, калі ўжо вырашыў дапамагчы. Да таго ж я зусім не зьбіраўся адразу распавядаць усё пра сябе. Бо й мне трэба было спраўдзіць, што вы – тыя самыя. Мне ня раз настаўлялі пасткі ўсялякага кшталту. Калі б я пераканаўся, я распавёў бы ўсё, што вы запыталіся. Аднак я спадзяваўся, – тут ён нявесела засьмяяўся, – што здолею перамагчы ваш недавер сам. Той, за кім палююць, хто прымушаны хавацца, часьцяком стамляецца ад недаверу й сумуе па сяброўстве. Але ж, напэўна, мой выгляд ня надта спрыяе даверу.
– Менавіта так – на першы погляд, ва ўсялякім разе, – з палёгкай пасьля Гэндальфавага ліста засьмяяўся Піпін. – Па вопратцы сустракаюць, як гаворыцца. Дык жа мы, напэўна, выглядалі б прыблізна гэтаксама, праседзеўшы колькі дзён па канавах ды агароджах.
– Трэба болей за некалькі дзён, ці тыдняў, ці нават гадоў бадзяжнага жыцьця ў Глухамані, каб выглядаць падобным да Швэндала, – адказаў той. – Вы наўрад ці дажылі б да такога выгляду, калі толькі, вядома, вы не нашмат больш трывалыя ды моцныя, чым падаяцеся.
Піпін змоўк, відавочна ўражаны, але ж ня Сэм, які па-ранейшаму пазіраў на Швэндала падазрона.