Выбрать главу

– А адкуль нам ведаць, што вашаць і ёсьць той самы Швэндал, пра якога піша Гэндальф? – спытаў патрабавальна. – Пакуль пра той ліст не даведаліся, ваша нават не ўзгадаў на Гэндальфа. Па мне, дык ваша, можа, нас тут за нос вадзіць спрабуеш, жадаючы завесьці ў глухамань. Можа, забіў сапраўднага Швэндала й прыдбаў ягоную вопратку? Што скажаш?

– Што вадзіць за нос Сэма Гэйхада даволі цяжка, – адказаў Швэндал, – аднак, баюся, скажу я толькі адно: калі я здолеў бы забіць сапраўднага Швэндала, ты наўрад ці быў зараз жывы. I забіў бы я цябе, не марнуючы столькі часу на пустыя прамовы. Калі б я паляваў на пярсьцёнак, ён быў бы ўжо – МОЙ!

Ён узьняўся – і раптам зрабіўся вышэйшым. Ягоныя вочы зазьзялі сувора, пранізьліва й рашуча. Адсунуўшы крысо плашча, Швэндал паклаў руку на цаўё меча, які вісеў, дагэтуль нябачны, на ягоным баку. Хобіты аслупянелі, не наважваючыся й дыхнуць. А Сэм толькі глядзеў, забыўшыся закрыць рот.

– На вашае шчасьце, я – сапраўдны Швэндал, – сказаў чалавек з усьмешкаю. – Я – Арагорн, сын Араторна. I за вашае жыцьцё я паручуся сваім.

Доўгую цішыню нерашуча перарваў Фрода:

– Я лічыў, што ваша сябар, яшчэ да таго, як прачытаў ліст. Мне хацелася, каб васпане на самай справе стаўся сябрам. Ваша некалькі разоў напалохаў мяне гэтам вечарам, але ж ні разу так, як паслужнікі ворага, – гэтак мне падаецца. Тыя, на мой погляд, ну, мягчэй сьцялілі б, калі вы мяне разумееце.

– Разумею, – Швэндал засьмяяўся, – а з мною цьвёрда весьціся, так? Ну, усё ж "скарб сапраўдны вачэй не падмане", ці ня так?

– Дык гэты верш пра вас? – спытаў Фрода. – Я так і не зразумеў, пра што ён. Але як вы даведаліся, што ён у Гэндальфавым лісьце, калі вы яго ня бачылі?

– Я й ня ведаў. Але я – Арагорн, і верш гэты пра мяне, – ён выцягнуў меч, і хобіты пабачылі, што ён на самай справе зламаны – на стапу вышэй за гарду. – Няшмат карысьці з такога меча, так, Сэме? Але набліжаецца час, калі яго скуюць зноўку.

Сэм не сказаў анічога.

– Ну, з Сэмавага дазволу, палічым, што дамовіліся. Швэндал – ваш праваднік. Ранкам будзе нялёгка. Нават калі нам дазволяць пакінуць Прыгор'е безь перашкодаў, абавязкова прасочаць. Але я паспрабую зьбіць іх зь сьледу як мага хутчэй. Я ведаю парачку спосабаў пакінуць Прыгор'е не па Шляху. А калі адарвемся, адразу рушым да Наветранай стромы.

– А навошта туды? Што ў ёй такога, строме гэнай? – спытаў Сэм.

– Анічога асаблівага. Гэта проста гара, паўдарогі на поўнач адсюль да Долага Яру. Зь яе файны далягляд, магчыма добра агледзець навакольле. Калі Гэндальф спрабуе нас дагнаць, ён скіруецца менавіта туды. Да Наветранай стромы, лічу, даберамося без асаблівых цяжкасьцяў. Вось пасьля яе будзе небясьпечней і давядзецца выбіраць паміж дрэнным і йшчэ горшым.

– Калі вы бачылі Гэндальфа апошні раз? – спытаў Фрода. – Ці ведаеце, дзе ён, чым заняты?

– Ня ведаю, – спахмурнеў Швэндал. – Вясною я разам зь ім прыехаў на захад. Апошнія два гады я часьцяком даглядаў шырскія межы, пакуль ён быў заняты ў іншых мясьцінах. Шырскае памежжа ён аніколі не пакідаў без аховы. Апошні раз мы бачыліся першага траўня: на Сарнаўскім бродзе, ніжэй па Бранявіне. Ён распавёў, што ты ў парадку й плянуеш выправіцца ў Долы Яр напрыканцы верасьня. Ведаючы, што ён побач з табою, я займаўся іншымі справамі, і гэта сталася бядою. Бо, відавочна, Гэндальфу давялося тэрмінова пакінуць Шыр, а я быў далёка й дапамагчы ня мог. Упершыню за ўвесь час нашага знаёмства я непакоюся за яго. Ён мусіў даслаць вестку, калі ня здолеў прыйсьці сам. Калі я вярнуўся, шмат дзён таму, пачуў дрэнныя навіны. Гэндальф зьнік, і зьявіліся Чорныя Вершнікі. Эльфы, з племені Гільдара, распавялі мне. Потым ад іх жа я вызнаў, што ты пакінуў Торбу. Але не было вестак пра тое, ці пакінуў ты Прыбычча. Таму я пільна сачыў за Ўсходнім Шляхам.

– Ваша лічыць, што Чорныя Вершнікі датычныя да зьнікненьня Гэндальфа? – перапытаў Фрода.

– Ня ведаю, што яшчэ магло яго затрымаць – хіба сам Вораг. Але ня трацьце надзеі! Гэндальф – нашмат магутнейшы, чым вы, шырскія хобіты, прызвычаіліся лічыць. Бо вы ж бачылі толькі ягоныя жарты й забаўлянкі. Мяркую, нашая справа будзе найвялікшым для яго выпрабаваньнем.

– Прашу прабачэньня, – пазяхнуў Піпін, – стаміўся я сьмяротна. Небясьпека небясьпекай, а трэба ж класьціся ў ложак – або я засну проста на месцы. Дзе ж пракуда Мэры? Гэна будзе ўжо апошняя кропля, калі давядзецца йсьці шукаць яго ў цемры.

У гэты момант пачулі: бразнулі дзьверы, нехта пабег па калідоры. Момант – і зьявіўся Мэры, а сьледам за ім Ноб. Той хуценька зачыніў за сабою дзьверы й прываліўся да іх, цяжка дыхаючы. Хобіты глядзелі на Мэры ўстрывожана, а ён, аддыхаўшыся нарэшце, здолеў вымавіць: