– Я іх бачыў, Фрода! Бачыў! Чорных Вершнікаў!
– Чорныя Вершнікі? Дзе? – ускрыкнуў Фрода.
– Тут, у вёсцы. Я з гадзіну сядзеў у пакоі. Вы ўсё не вярталіся, тады я выйшаў пашпацыраваць. Амаль ужо й вярнуўся, і прыпыніўся зусім побач з шынком, ля аркі, – на зоркі зірнуць. Раптам – дрыжыкі па скуры! – адчуў, нібы нейкая жахлівая жудасьць, найчарнейшы цень сярод ценяў паўзе з другога боку Шляху, якраз там, куды не сягае сьвятло ад шынковага ліхтара. I зьнікае бязгучна ў цемры. Каня побач я не заўважыў.
– У які бок яно кіравалася? – рэзка спытаў Швэндал.
Мэры ўстрапянуўся, толькі цяпер і заўважыўшы незнаёмцу.
– Кажы, – сказаў Фрода. – Гэта сябра Гэндальфа, я пазьней патлумачу падрабязьней.
– На ўсход, уздоўж Шляху. Я паспрабаваў прасачыць. Я завярнуў за вугал і дайшоў ажно да апошняй хаты ля Шляху.
– У цябе мужнае сэрца, – сказаў Швэндал, пазіраючы на Мэры ў подзіве, – але тое было глупства.
– Ня ведаю. Напэўна, гэта й ня мужнасьць, і ня глупства. Мяне вабіла, і я ня мог працівіцца. Так ці інакш, я йшоў – і раптам пачуў галасы за агароджай. Адзін мармытаў, другі шапатаў нешта, ці шыпеў. Я ні слова не разабраў. I бліжэй не падбіраўся, таму што ўвесь пачаў дрыжэць. Потым на мяне напаў такі жах, я павярнуўся, каб бегчы да шынка што моцы... і тут нешта да мяне за сьпінаю рушыла, і я... я зваліўся.
– Я яго знайшоў, – улез у размову Ноб. – Спадар Масьляк паслаў мяне на пошукі зь ліхтаром. Я схадзіў да Заходняй брамы, тады назад, да Паўднёвай. Прама ля хаты Біла Бур'яка бачу – нешта на вуліцы такое... Дакладна не скажу, але падалося, нібы двое нахіліліся над некім, падымаючы. Я закрычаў, а калі дабег да месца, бачу – анікога, акрамя спадара Бронь-Быча. Ляжыць ля збочыны, сонны. Калі расштурхаў яго, кажа: "Здаецца, я тану". Такі дзіўны. А калі я яго цалкам абудзіў, дык кінуўся бегчы да шынка, рыхтык заяц, толькі пасьпявай за ім!
– Мяркую, так і было, – пацьвердзіў Мэры, – хоць і ня памятаю, што ж я казаў. Мне такія чорныя мары сьніліся! Але ня памятаю, што дакладна. Я сам ня свой зрабіўся. Не зразумею, што ж такое на мяне найшло.
– Я разумею, – азваўся Швэндал. – Чорны подых. Напэўна, яны пакінулі коней вонкі ды ўпотайкі прасьлізнулі за Паўднёвую браму. Усе навіны яны ведаюць, бо ўжо былі ў Біла Бур'яка. Верагодна, і той паўднёвік таксама шпіёніў. Нашая ноч наўрад ці будзе спакойнай. Яны паспрабуюць учыніць што-небудзь яшчэ да таго, як мы пакінем Прыгор'е.
– Што? – спытаў Мэры. – Яны нападуць на шынок?
– Наўрад ці. Яны пакуль што ня ўсе тут. Дый не па іх такое. Яны наймацнейшыя ў цемры, у глухамані. Калі няма на тое адчайнай патрэбы, на асьветленую хату з мноствам народу яны не нападуць, асабліва калі перад намі мілі й мілі эрыядарскіх пустэчаў. Галоўная іх моц – вусьціш. Сёй-той у Прыгор'і ўжо падуладны ім. Вось іх і прымусяць шкодзіць: Бур'яка, некаторых чужынцаў, магчыма, і вартаўніка. Вершнікі размаўлялі зь ім ля Заходняй брамы ў панядзелак. Я назіраў за гэтым. Калі зьехалі, Гары быў бялейшы за вапну й увесь калаціўся.
– Падаецца, ворагі навокал паўсюль, – выдыхнуў Фрода. – Што ж рабіць?
– Заставацца тут, ня йсьці ж да вашых спальняў! Упэўнены, яны ўжо высьветлілі, дзе тыя спальні. Вокны хобіцкіх пакояў выходзяць на поўнач і да зямлі блізка. Мы ўсе застанемся тут, шчыльна зачыніўшы вокны й дзьверы. Але перад тым мы з Нобам прынясем сюды вашыя рэчы.
Пакуль Швэндала не было, Фрода хутка распавёў Мэры, што адбылося пасьля вячэры. Мэры яшчэ задуменна ўчытваўся ў Гэндальфаў ліст, калі вярнуліся Швэндал з Нобам.
– Панове, – казаў Ноб, – я там коўдрачкі на ложках узварушыў ды падушак пад іх напхаў. Ваўняны дыванок рудзенькі скамячыў дый сунуў – так падобна да вашай галавы выйшла, пане Тор... Падстромнік, я хацеў сказаць, – паправіўся, усьміхаючыся.
– Файна! – засьмяяўся Піпін. – А што будзе, калі яны выкрыюць падман?
– Пабачым, – сказаў Швэндал. – Спадзяюся, да раніцы мы нашую крэпасьць пратрымаем.
Ноб даў дабранач дый выправіўся вартаваць ля дзьвярэй.
Свае мяхі й рэчы хобіты згрувасьцілі пасярод пакою. Прысунулі да дзьвярэй нізкую фатэлю, зачынілі вокны. Вызірнуўшы, Фрода пабачыў, што нябёсы яшчэ ясныя. Серп3 зырка зьзяў прама над схіламі гары. Фрода зачыніў акно, замкнуў цяжкія засаўкі, завешаў фіранкі. Швэндал распаліў агонь у агмені й задзьмуў сьвечкі.
Хобіты паклаліся на коўдрах нагамі да агменю, а Швэндал сеў у фатэлю, прысунутую да дзьвярэй. Хобіты крыху паразмаўлялі – Мэры шмат чаго хацеў распытаць.