Выбрать главу

– Значыць, на поўню ўзьляцела, – прамармытаў, загортваючыся ў коўдру. – Якое ж глупства, Фрода! Але хацеў бы я тое пабачыць! Найлепшыя прыгорскія асобы, безумоўна, яшчэ гадоў сто будуць гэта мусоліць.

– Спадзяюся, ня менш, – сказаў Швэндал.

Тады ўсе змоўклі, і адзін за адным хобіты пазасыналі.

11. Лязо ў цемры

Калі хобіты ў "Скаклівым коніку" клаліся спаць, Прыбычча ляжала агорнутае цемрай. У панізьзях клубіліся туманы, распаўзаліся рачнымі берагамі. У Цвыркуновай Лагчыне, вакол Фродавай хаты, усё было ціха. Фуфа Норс асьцярожна прачыніў дзьверы й вызірнуў вонкі. Увесь дзень незразумелы страх не даваў яму спакою – ані адпачыць, ані паспаць. I зараз: падавалася, само начное паветра патыхае пагрозаю. I раптам у цемры ён заўважыў: чорны цень зварухнуўся пад дрэвамі. Брама адчынілася сама сабою ды зачынілася зноў – бязгучна. Вусьціш авалодала хобітам. Адсунуўся назад, на момант застыў, дрыжучы, за дзьвярыма. А тады замкнуў іх.

Праз начны змрок пачуўся мяккі пошчак капытоў – у прысадах цішком падводзілі коней. Пакінулі іх за плотам. Брама ашчэрылася, прасьлізнулі тры чорныя постаці, нібы згусткі ночы слаліся над зямлёю. Адзін – да дзьвярэй, два – да вуглоў хаты. Там і сталі, рыхтык цені камянёў, пакуль ноч павольна плыла над імі. Падавалася, і хата, і дрэвы навокал чакаюць, сьцяўшы дыханьне.

Лёгка зашапацела лісьце, недзе далёка азваўся першы певень. У халодным перадсьвітальным змроку, бяззорным, паўнюткім, рушылі чорныя цені – ільдзяным сьвятлом бліснулі лёзы, пакідаючы похвы. Ад моцнага, але амаль бязгучнага ўдару задрыжэлі дзьверы.

– У імя Мордару, адчыняй! – загадаў прывідны пагрозьлівы голас.

Ад другога ўдару дзьверы абрынуліся, пырснуўшы трускамі, бразнуўшы выдраным замком. Чорныя постаці прасьлізнулі ўсярэдзіну.

У гэты момант сярод дрэваў непадалёк засьпяваў горан. Распароў начны спакой, нібы вогнішча на вяршыні гары.

ПРАЧНІЦЕСЯ! ПАЎСТАНЬЦЕ! ВОРАГ! ВОРАГ!

Бо Фуфа Норс не чакаў кону, апусьціўшы рукі. Як толькі заўважыў чорныя постаці, што крадуцца праз сад, уцяміў: або ўцякаць цяпер, або гінуць. I ўцёк, выскачыўшы з задніх дзьвярэй, праз сад. па палёх. Калі дабег да найбліжэйшай хаты – вярста зь нечым – бразнуўся проста на ганку, галосячы: "Не, не! Ня я! Яно ані ў мяне!" Колькі часу змарнавалі, пакуль дапялі, пра што ён балбоча. Урэшце скемілі: у Прыбыччы ворагі, нейкія пачвары з Старой пушчы. Здагадаўшыся ж, часу ўжо ня трацілі.

АГОНЬ! АГОНЬ! ВОРАГ!

Ляцеў над Прыбыччам гук горна, старажытны бронь-бычаўскі заклік, які ня чулі ўжо сотню гадоў, з таго часу, як белыя ваўкі прыйшлі Ліхою Зімою па застылым Бранявіне.

ПРАЧНІЦЕСЯ! ПАЎСТАНЬЦЕ!

Здалёк адгукнуліся горны. Трывогу трубілі ўжо там і тут. Чорныя постаці пакінулі хату, пасьпяшаліся вонкі. Адзін зь іх на бягу згубіў хобіцкі плашч. Паляцеў пошчак капытоў – хутчэй, хутчэй, у намёт! – у разадраную, пераляканую цемру. Па ўсёй Цвыркуновай Лагчыне гулі ў горны, мітусіліся, галасілі. А Чорныя Вершнікі віхурай несьліся да Паўночнай брамы. Хай сабе гудуць недамеркі! Саўрон потым разьбярэцца зь імі. А пакуль – у іх іншыя справы. Бо хата сталася пустою, і пярсьцёнка там не было. Яны, не спыняючыся, вышыблі коньмі вартавых ля брамы й пакінулі Шыр.

Праспаўшы крыху, Фрода раптам прачнуўся, быццам пачуў нейкі гук ці адчуў побач чыюсьці прысутнасьць. Убачыў, што Швэндал па-ранейшаму сядзіць у фатэлі, нерухомы й насьцярожаны, і ў ягоных вачох адбіваецца полымя. Вогнішча ў агмені было дагледжанае, накладзеныя сьвежыя дровы.

Неўзабаве Фрода заснуў зноўку, але ў ягоны сон урывалася выцьцё ветру й імклівы пошчак капытоў. Вецер абкружаў шынок, абдымаў далоньмі, трэс яго, а недзе далёка захлынаўся, гуў горан. Фрода расплюшчыў вочы й пачуў, як весела сьпявае на падворку певень. Швэндал адсунуў фіранкі, ляснуў засаўкамі, адчыніў аканіцы. Першае, яшчэ шэрае сьвятло раніцы заліло пакой, праз акно падзьмула холадам.

Як толькі Швэндал абудзіў і падняў хобітаў, усе пасьпяшаліся да спальняў. А пабачыўшы іх, узрадаваліся, што паслухаліся Швэндала: бо вокны былі насьцеж, аканіцы матляліся, фіранкі шкуматаў вецер. Усе ложкі былі пакамячаныя й перакуленыя, падушкі валяліся на падлозе, пасечаныя, а руды ваўняны дыванок разадраны на шматкі.

Швэндал адразу паклікаў шынкара. Небарака Масьляк выглядаў сонным ды перапалоханым. Сьцьвярджаў, што ўсю ноч на нагах, але ж ня чуў ні гуку.

– Дый у жыцьці аніколі такога не здаралася! – узьняў ён ад жаху рукі. – Каб госьці й паспаць не маглі ў сваіх ложках, і такія падушкі файныя папсаваныя, і гвалт які! Куды мы коцімся?