Гэткім чынам, Танава кніга – першая з копій Пунсовай кнігі, і таму ўтрымлівае шмат з таго, што пазьней было выкінутае ці згубленае. У Мінас Тырыце да яе дадалі шмат камэнтараў ды паправак, асабліва што да імёнаў, іншамоўных словаў і цытацый з эльфскіх моваў. Дадалі й скарочаную вэрсію тых частак "Сказу пра Арагорна ды Арвэн", якія ляжаць па-за расповедам пра вайну. Даводзяць, што цалкам той сказ запісаў Барайр, праўнук намесьніка Фараміра, пасьля сьмерці караля Элесара. Але ж галоўная каштоўнасьць Фіндэгілевай копіі ў тым, што ў ёй адной – усе цалкам Більбавы "Пераклады з эльфскай". Гэтыя тры тамы – паводле агульнага сьведчаньня, працу вялікага майстэртва й навуковасьці – ён склаў паміж 1403 і 1418 гадамі падчас жыцьця у Долым Яры, карыстаючыся ўсімі даступнымі там крыніцамі: і запісамі, і расповедамі жывых сьведкаў. Аднак паколькі яны амаль цалкам прысьвечаныя Даўнім дням і не скарыстаныя Фрода ў ягонай гісторыі, тут пра іх болей згадвацца ня будзе.
Спадары Мэрыядок і Перыгрын ачольвалі вялікія роды, не парываючы сувязяў з Роханам ды Гондарам, і таму бібліятэкі Бычышчаў і Хват-Гарадку ўтрымліваюць шмат таго, што ў Пунсовую кнігу не ўвайшло. У Прырэчнай сядзібе ёсьць колькі працаў пра Эрыядар ды гісторыю Рохану. Некаторыя склаў ці пачаў складаць сам спадар Мэрыядок – хоць у Шыры яго памятаюць, галоўным чынам, за ягоныя "Травазнаўства Шыру" ды "Адлік гадоў", дзе ён апісвае, як суадносяцца календары Шыру й Прыгор'я з календарамі Долага Яру, Гондару й Рохану. Ён таксама склаў кароткі трактат "Старыя словы Шыру", зьвярнуўшы асаблівую ўвагу на сваяцтва з роханскаю моваю такіх "шыраслоўяў", як "адмецьце" й розныя незразумелыя архаічныя часткі шырскіх назваў.
Кнігі ў бібліятэцы Вялікіх Сьміялаў былі ня дужа цікавыя для шырскіх чытачоў, але ж тычыліся значна шырэйшай гісторыі. Ніводная зь іх не напісаная самім Перыгрынам, аднак ён і ягоныя пераемнікі сабралі даволі гондарскіх рукапісаў: пераважна, сьпісаў ці пераказаў паданьняў пра Элендыля й ягоных сыноў. Вялікія Сьміялы – адзінае месца ў Шыры, дзе можна знайсьці шмат матэрыялаў з гісторыі Нумэнору й Саўронавых войнаў. Верагодна, з дапамогай сабраных Мэрыядокам зьвестак менавіта ў Вялікіх Сьміялах склалі "Летапіс гадоў". Пададзеныя там даты (асабліва Другой эпохі), даволі прыблізныя, але ўсё-ткі заслугоўваюць увагі. Магчыма, Мэрыядок карыстаўся дапамогай Долага Яру, дзе ня раз бываў. Хоць Эльранд і пакінуў Міжзем'е, у Долым Яры яшчэ заставаліся ягоныя сыны разам з Вышнімі эльфамі. Казалі, што Келебарн жыў там пасьля таго, як Галадрыель сплыла за мора. Але ж у хроніках анічога не гаворыцца пра тое, калі ён сам, нарэшце, адшукаў Сівыя Завані, зь ім разам зь Міжзем'я зьнік апошні жывы сьведка Даўніх дзён.
КНІГА ПЕРШАЯ
1. Доўгачаканая вечарына
Калі спадар Більба Торбінс з Торбы-пад-Стромай нарэшце абвесьціў, што неўзабаве найшыкоўнейшай бяседаю адсьвяткуе сваё стаадзінаццацігодзьдзе, усхадзіўся, загаманіў увесь Хобіцак.
Більба быў вельмі заможны й надта дзіўнаваты хобіт, пагалоскі пра яго гулялі па ўсім Шыры ажно з часоў Більбавага таемнага зьнікненьня й нечаканага вяртаньня шэсьцьдзесят гадоў таму. Багацьце, якое ён прывёз з далёкіх краёў, зрабілася мясцовым паданьнем, тутэйшы паспаліты люд – за выключэньнем хіба самых старых, на чые словы ўсё адно ніхто не зважаў, – лічыў, што Строма ўздоўж ды ўпоперак пракапаная тунэлямі й з коптурам заваленая скарбамі. Але, каб і не багацьце, было чаго дзівіцца на спадара Більба. Час нібыта не адбіваўся на ім. У дзевяноста ён выглядаў амаль гэтаксама, як і ў пяцьдзясят. У дзевяноста дзевяць пра яго казалі, што ён "добра захаваўся", але ж дакладней было б – "ані не зьмяніўся". Некаторыя трэсьлі галовамі, прыгаворваючы, што занадта, ажно нячэсна, ужо каму-нікаму шчасьціць – заставацца відочна маладым ды пры незьлічоным (з чутак) багацьці.
– За ўсё давядзецца сплочваць, – казаў сёй-той. – Вох, няладна гэта, не па-хобіцку, пагляньма, абернецца ліхам.
Але беды абыходзілі Торбу-пад-Стромай; спадар Більба заўсёды вызначаўся шчодрасьцю, і таму знаёмыя ахвотна прабачалі яму й дзівоцтвы, і "ліхое" багацьце. З сваякамі ён падтрымліваў прыязныя стасункі, нават гасьцяваў у многіх (натуралёва, толькі ня ў Кесак-Торбінсаў), а сярод хобітаў з малазаможных ды несамавітых сямействаў у яго былі й адданыя прыхільнікі. Толькі ж сапраўдных сяброў Більба ня меў, пакуль не пасталелі ягоныя маладзейшыя родзічы.