Выбрать главу
, толькі адгалінаваньне надта тонка прадрапанае, – сказаў Швэндал. – Можа, гэта знак для нас ад Гэндальфа, хоць цалкам упэўніцца нельга. Драпіны тонкія й выглядаюць сьвежымі. Але яны могуць значыць і нешта іншае, і прызначацца зусім не для нас. Сьледапыты таксама карыстаюцца рунамі й сюды час ад часу завітваюць.

– А што яны значылі б, калі б былі пакінутыя для нас? – спытаў Мэры.

– Напэўна, Г3 значыць, што Гэндальф быў тут трэцяга кастрычніка, тры дні таму. А таксама што надта сьпяшаўся й небясьпека была побач, таму ён ня меў часу й магчымасьці напісаць што даўжэйшае ды больш уцямнае. Калі так, нам трэба сьцерагчыся.

– Каб толькі сапраўды ён пакінуў гэтыя адмеціны, што яны ні азначалі б! – усклікнуў Фрода. – Так добра было б ведаць, што ён таксама вандруе непадалёк ад нас.

– Магчыма, так і ёсьць, – пагадзіўся Швэндал. – Асабіста я мяркую, што ён тут быў і напаткаў небясьпеку. Тут усё абпаленае, а цяпер я ўзгадваю сполахі тры дні таму. Здаецца, тут, на вяршыні стромы, на яго напалі, але чым усё скончылася, сказаць цяжка. Цяпер яго тут няма, а значыць нам самім трэба паклапаціцца пра сябе й дабірацца да Долага Яру на ўласную рызыку.

– А колькі яшчэ да Долага Яру? – Мэры стомлена азіраўся навокал. Сусьвет зь вяршыні падаваўся такім прасторным і чужынскім.

– Ня ведаю, ці вымяраў хто Шлях у вёрстах ад "Пакінутага шынка", які за дзень вандроўкі на ўсход ад Прыгор'я, – паведаміў Швэндал. – Хто кажа так, а хто іначай. Дарога тут ня надта добрая, і ўсе клапоцяцца адно, каб хутчэй убачыць яе канец, а не пра тое, каб вымяраць. Але я ведаю, колькі спатрэбіцца мне пехатою пры добрым надвор'і й без перашкодаў: дванаццаць дзён адсюль да бродаў Бруйнену, дзе Шлях перасякае Грым'ю, якая выцякае з Долага Яру. Перад намі яшчэ два тыдні вандроўкі, бо, мяркую, па Шляху нам ісьці нельга.

– Два тыдні! – усклікнуў Фрода. – Безьліч усяго можа здарыцца!

– Але, – пацьвердзіў Швэндал.

Колькі часу моўчкі стаялі на вяршыні, ля паўднёвага краю. У гэтым самотным месцы Фрода ўпершыню цалкам уявіў сабе сваю беспрытульнасьць і небясьпеку навокал. Падумаў з горыччу: навошта лёс выгнаў яго з спакойнага, мілага Шыру? Паглядзеў уніз на ненавісны Шлях, зірнуў назад – у бок пакінутай радзімы. I раптам зразумеў, што ў далечыні на захад павольна рухаюцца дзьве маленькія чорныя плямкі, а насустрач ім яшчэ тры. Ён ускрыкнуў:

– Зірні! – і схапіў Швэндала за руку.

Адразу ж Швэндал кінуўся ніцма на зямлю, пацягнуўшы Фрода за сабою. Мэры бухнуўся побач. Прашаптаў:

– Што такое?

– Ня ведаю, але, баюся, найгоршае зь верагоднага, – адказаў Швэндал.

Павольна падпаўзьлі зноў да ўскрайку кольца руінаў, зірнулі праз шчыліну паміж вызубранымі камянямі. Пацямнела, бо раніца прамінула й аблокі, што напаўзьлі з усходу, засьцілі сонца. Чорныя плямкі на Шляху бачыліся ясна. Хоць ні Фрода, ні Мэры не маглі разгледзець, коньнікі тое ці не, нешта падказвала: так, там, далёка ўнізе, за падэшваю стромы зьбіраліся Чорныя Вершнікі.

– Так, – вымавіў Швэндал, які меў вастрэйшы зрок. – Вораг ужо тут!

Хутка адпаўзьлі ад краю ды пабеглі па паўночным схіле да сяброў.

Сэм і Перыгрын тым часам не сядзелі склаўшы рукі. Дасьледавалі цясьніну й схілы паблізу. Непадалёк напаткалі чыстую крынічку, а ля яе – адбіткі падэшваў, пакінутыя не даўней як дзень-два таму. А ў самой лагчавіне знайшлі сьляды вогнішча й іншыя прыкметы чыёйсьці нядаўняй прысутнасьці. Ля найбліжэйшага да вяршыні краю цясьніны за наваленымі камянямі Сэм убачыў невялікую, але добра складзеную й прыхаваную кучу дроваў.

– Цікава, можа, тут пабываў наш старына Гэндальф, – сказаў Сэм Піпіну. – Хто б тут ні прызапасіў, ён, напэўна, меў намер вярнуцца.

Швэндала знаходкі таксама зацікавілі.

– Лепей мне было пачакаць зь вяршыняй ды дасьледаваць усё самому, – сказаў ён і пасьпяшаўся да крыніцы.

– Гэтага я й баяўся, – вымавіў, вярнуўшыся. – Сэм зь Піпінам утапталі мяккую глебу, папсавалі й заблыталі сьляды. Нядаўна тут былі сьледапыты, безумоўна. Менавіта яны пакінулі дровы. Але ёсьць таксама й некалькі іншых адбіткаў. Нечыя цяжкія боты, дзень або два таму. Можа, тыя сьляды й не ад адной пары ботаў. Цяжка цяпер сказаць, але, баюся, не ад адной.

Ён змоўк, задумаўшыся. А хобітам уявіліся загорнутыя ў плашчы, абутыя ў цяжкія боты Вершнікі. Калі яны сапраўды ўжо ведаюць пра цясьніну, лепей зьвёў бы Швэндал сяброў куды-небудзь адсюль. Сэм дык увогуле пазіраў на лагчыну, нібы на пастку, даведаўшыся, што ворагі на Шляху й усяго за некалькі вёрстаў.

– Ці ня лепей нам як хутчэй адсюль зьнікнуць, спадару Швэндале? – спытаў нецярпліва. – Бо ўжо сутонее, а мне гэтая дзірка ў схіле зусім не даспадобы. А дакладней, тут як на могілках.