– Так, ведаю. I Фрода таксама ведае, бо яна тычыцца нас абодвух, і непасрэдна.
Мэры зь Піпінам павярнуліся да Фрода, які глядзеў у полымя.
– Я ведаю толькі тое, што казаў мне Гэндальф, – вымавіў Фрода павольна. – Гіль-Галяд быў апошнім вялікім каралём эльфаў Міжзем'я. Гіль-Гаяяд значыць Зорнае Сьвятло на эльфавай мове. Разам з Элендылем, Сябрам Эльфаў, ён сышоў у...
– Не! – перабіў Швэндал. – Ня трэба пра гэта зараз, калі слугі Ворага непадалёк. Калі мы праб'емся да сядзібы Эльранда, там пачуеце цалкам, ад пачатку да заканчэньня.
– Тады, можа, што іншае, – папрасіў Сэм, – можа, пра эльфаў, пра часы іхняга росквіту. Я так хацеў бы болей пачуць пра эльфаў. Цемра тут такая шчыльная, нават, падаецца, і дыхаць цяжка.
– Я распавяду вам пра Цінувіель, – сказаў Швэндал. – Няшмат, нажаль, бо гэтае паданьне доўгае, і ніхто цяпер, апроч Эльранда, ня ведае, як яго распавядалі ў даўніну. Добрая гісторыя, хоць і сумная, як і ўсе міжземныя былі. Аднак, можа, яна падыме вам настрой.
Змоўк і неўзабаве пачаў не распавядаць, а ціхенька сьпяваць:
Па-над зялёнаю травой
Балігалоў квітнеў духмяны.
Сьвятлом празрыстым над вадой,
Срабрыстым ветрам над ракой
Пад сьпеў дуды зачараваны
Цінувіель па-над расой
Лясной таемнае паляны
Часінай танчыла начной.
Туды спусьціўся Бэрэн з гор –
Да гушчару зьдзічэлых дрэў,
Да плыні патаемных чар
Прывёў яго падманны змрок.
Ды праз галінаў шчыльны ўзор
Пачуў ён той чароўны сьпеў,
Увасабленьнем дзіўных мар.
Сьвятло пабачыў ён здалёк.
Самота, боль, ліхі праклён
Сьмяротных жахаў і шляхоў
Тады забыліся, і ён
Насустрач крочыў – і сустрэў
Адзіны поўні прамянёў
Падманны рух, а зорны цень
Імгненьнем лёгкім зьмільгацеў
I зьнік. I змоўк чароўны сьпеў.
Яшчэ самотнейшым блукаў
Тады паміж маўклівых дрэў,
I зноўку чуў, і пазнаваў
Той сьмех, і звон, і лёгкіх ног
Палётны погук, дзіўны сьпеў –
Недасягальны. I падзьмуў
Халодны вецер між лістоў.
I зімні змрок на сэрца лёг.
Бы ссохлы цень, балігалоў
Застыў над жухлаю травой.
Па зьмерзлым саване лістоў
Гадоў апалых крочыў ён,
У бляску зорных тых палёў,
У промнях поўні мроіў зноў
Пабачыць танец лёгкі той,
Пачуць той сьмех і срэбны звон.
Яна вярнулася зь вясной.
З чароўным сьпевам новы дзень
Па-над краінаю лясной
Паўстаў і абудзіў вясну –
Крыніцаў плынь і кропляў звонь.
А Бэрэн бы вады жывой,
На боль забыўшыся і цень,
Яе пабачыўшы, глынуў.
I раптам радасная трэль
Па-над чароўнаю ракой
Адкрыла ймя: "Цінувіель!"
"Мой салавей!" – яе назваў
Ён эльфскім імем. Варажбой
Магутнай для Цінувіель,
Прысудам лёсу і журбой
Ягоны голас прагучаў.
Зірнуў у вочы Бэрэн ёй,
І ясны бляск спрадвечных зор
Над чыстай веснавой вадой
У іх пабачыў, і тады
Сьмяротных год нямы дакор
Забыў і зь вечна маладой
Князёўнаю лясоў і гор
Пакляўся разам быць заўжды.
Ім шмат шляхоў прызначыў лёс
Праз полымя ды льдзяны жах,
Сталь ворагаў і злы мароз,
Ды браму чорную у ноч.
I сьмерць не разлучыла іх,
Вярнула на сьмяротны час
Сьпяваць, і жыць сярод жывых,
I назаўжды аднесьці прэч.