Швэндал уздыхнуў і змоўк. Тады вымавіў:
– Такія песьні на эльфскай мове называюцца эн-тэнаф. Іх цяжка перакладаць на Агульную мову. Вы чулі толькі далёкае рэха. Яна пра тое, як Бэрэн, сын Барахіра, сустрэў Люціень Цінувіель. Бэрэн быў сьмяротным чалавекам, а яна – дачкой Цінгала, караля эльфаў Міжзем'я, тады яшчэ маладога сусьвету. Яна ж была найпрыгажэйшая сярод усіх дзяцей гэтага сьвету. Прыгажэйшая за зоркі над туманамі паўночнай зямлі. Твар яе зьзяў спрадвечным сьвятлом. У тыя даўнія дні Вялікі Вораг, у каго нават Саўрон быў толькі адным з паслугачоў, панаваў на Поўначы, у краіне Ангбанд, і эльфы Захаду вярнуліся ў Міжзем'е, каб сілаю адабраць у яго сваю найвялікшую каштоўнасьць, цудоўныя дыяманты Сільмарылі, якія Вялікі Вораг прыдбаў забойствам і здрадай. Прабацькі людзей дапамагалі эльфам у той вайне. Але Вораг перамагаў. Барахір, бацька Бэрэна, быў забіты, а Бэрэн, цудам уратаваўшыся, праз горы Вусьцішы прыйшоў да патаемнага каралеўства Цінгала ў лесе Нэлдарэф. Там ён пабачыў, як Люціень танчыць на паляне ля чарадзейнай ракі Эзгальдуйн, пачуў, як яна сьпявае, і назваў яе Цінувіель. На Старажытнай мове эльфаў – Салавей. На іхнюю долю выпала шмат гора й ростаняў. Цінувіель выратавала Бэрэна з Саўронавых скляпеньняў і разам зь ім прайшла празь незьлічоныя небясьпекі й бітвы, і ўрэшце яны разам здолелі перамагчы самога Вялікага Ворага, пазбавіць моцы й зрынуць з стальца. Тады Бэрэн выразаў з жалезнай кароны Ворага адзін з трох Сільмарыляў, найзіхацейшы з дыямантаў, каб аддаць яго Цінгалу шлюбным выкупам за Цінувіель. Але шчасьце іх было нядоўгім, бо падчас паляваньня на вялікага Ваўка, вартавога брамы Ангбанду, Бэрэн атрымаў сьмяротныя раны й сканаў на руках Цінувіель. А яна абрала долю сьмяротных, каб памерці, зьнікнуць з гэтага сьвету й пайсьці наўздагон за каханым. У песьні пяецца, што яны сустрэліся па-за Апошнім морам і вярнуліся сюды, у Міжзем'е, на кароткі час, каб потым назаўсёды зьнікнуць за межамі гэтага сьвету. Так Люціень Цінувіель адзіная з эльфаў насамрэч памерла й пакінула сьвет. Эльфы любілі яе болей за ўсіх жывых і тужылі па ёй найболей. Але ў яе нашчадках кроў эльфскіх уладароў паядналася з крывёю людзей. Яшчэ ходзяць па зямлі спадкаемцы Люціень, і прадказана, што кроў яе заўсёды будзе жывая ў гэтым сьвеце. Эльранд, уладар Долага Яру, – яе нашчадак. Бо ад Бэрэна і Люціень нарадзіўся Дыяр, спадчыньнік Цінгала, а ад яго – Эльвінг Белая, зь якою пашлюбаваўся Эярэндыль, той, хто выплыў на караблі за туманы нашага сьвету ў мора нябёсаў. Яго вёў Сільмарыль, што зьзяў на ягоным чале. А ад Эярэндыля паходзяць каралі Нумэнору, ці Захаду.
Швэндал прамаўляў, і твар ягоны, асьветлены чырвоным бляскам вогнішча, падаваўся таемным і натхнёным. Вочы прамяніста зьзялі, і голас быў глыбокі й моцны. Над ім каронаю блішчэлі зорныя нябёсы. Раптам срэбнае сьвятло разьлілося за ім над вяршыняю стромы. Месяц павольна выкараскаўся з-за вяршыні, і горы пабляклі.
Швэндал скончыў, хобіты заварушыліся, пацягнуліся.
– Зірніце-тка, – сказаў Мэры. – Ужо ўзышоў месяц? Напэўна, позна.
Астатнія зірнулі ўгору – і ўбачылі на вяршыні маленькую чорную пляму, цень у месяцовым сьвятле. Напэўна, вялізны камень ці скала, асьветленая месяцам.
Сэм з Мэры ўсталі й адышлі ад вогнішча. Фрода зь Піпінам засталіся на месцы й маўчалі. Швэндал уважліва сачыў за схілам, залітым сьвятлом месяца. Усё падавалася спакойным і нерухомым, але ў Фрода чамусьці мурашкі паўзьлі па сьпіне. Хоць бы Швэндал зноў сказаў што! Калі ён прамаўляў, рабілася спакайней. Фрода прысунуўся бліжэй да вогнішча, шчыльней захінуўся ў плашч. Тут ад краю лагчыны прыбег Сэм.
– Ня ведаю, што гэта, – вымавіў ён, – але я раптам моцна перапалохаўся. Я адсюль ані за якія грошы не крануся. Чую – там нешта паўзе па схіле!
– Ты бачыў ці не? – спытаў Фрода.
– Не, спадару. Анічога ня бачыў і прыпыняцца ня стаў, каб разгледзець.
– А я бачыў, – азваўся Мэры. – Ці так падаецца, што бачыў. На захадзе, на роўнядзі па-за ценямі ад вяршыняў гор, у сьвятле месяца. Лічу, дзьве ці тры чорныя плямы, і мяркую, што паўзуць сюды, да нас.
– Бліжэй на полымя, сьпінамі да вогнішча! – выклікнуў Швэндал. – Выберыце доўгія галіны! Хутчэй!
Затаіўшы дыханьне, сядзелі моўчкі, чакаючы, павярнуўшыся сьпінамі да агню, углядаючыся ў цені, якія абкружылі іх. Усё была спакойна. Анічога ня рухалася ў ночы. Анічога ня чулася. Фрода паварушыўся, адчуваючы, што трэба неяк пабурыць гэтую невыносную цішыню. Яму нястрымна хацелася загаласіць.
– Ціха! – прашаптаў Швэндал.