Выбрать главу

I ў гэты момант Піпін усклікнуў:

– Што там?!

Ад ускрайку лагчавіны, з супрацьлеглага ад вяршыні боку, узьняліся чорныя цені адзін за адным. Іх нават ня бачылі – адчувалі. Вандроўнікі да болю ў вачох узіраліся ў цемру, а цені расьлі. Неўзабаве сумневаў не засталося: тры ці чатыры чорныя постаці стаялі на ўскрайку, пазіраючы долу на хобітаў і Швэндала. Гэткія былі яны чорныя, што падаваліся дзіркамі сярод цемры, што абкружала іх. Фрода пачуў ціхае шыпеньне – быццам гадзючы атрутны подых – і ажно скалануўся ад раптоўнага пранізьлівага холаду.

Постаці набліжаліся. Вусьціш авалодала Піпінам і Мэры, і яны кінуліся ніцма на зямлю. Сэм прыціснуўся да Фрода, пераляканага ня менш за спадарожнікаў. Але Фродаў жах перамагла неаадольная прага насунуць пярсьцёнак. Гэтае жаданьне вынішчыла ўсе думкі, не пакінула анічога. Фрода памятаў курганы, памятаў Гэндальфава папярэджаньне, але нешта змушала яго забыцца на ўсё – і ён усёй істотай прагнуў скарыцца. Не з надзеяй уратавацца ці зьдзейсьніць нешта, добрае або благое, не – ён адчуваў толькі, што павінен насунуць пярсьцёнак. I сказаць анічога ня здолеў. Ведаў, што Сэм глядзіць на яго, нібы ўсьведамляючы, што гаспадар у вялікай небясьпецы, але Фрода ня быў здольны й павярнуцца да яго. Толькі заплюшчыў вочы, спрабуючы супраціўляцца, не, немагчыма, невыносна! Павольна выцягнуў ланцужок – і насунуў пярсьцёнак на ўказальны палец левай рукі.

Усё навокал засталося, як і раней, цьмяным ды невыразным, але чорныя постаці нарысаваліся з жудаснай выяўнасьцю. Фрода бачыў іхнія абрысы пад чорнымі плашчамі. Іх было пяцёра: два засталіся на ўскрайку лагчавіны, тры набліжаліся. На белых тварах палалі пранізьлівыя, бязьлітасныя вочы, гайдаліся доўгія шэрыя саяны, на сівых валасах ляжалі срэбныя шаломы, касьцяныя рукі сьціскалі сталёвыя мечы. Позіркі праціналі Фрода наскрозь. Здані рушылі да яго. У адчаі Фрода выхапіў корд, падалося, што ён палыхнуў чырваньню, нібы распаленае вугольле. Два прывіды прыпыніліся. Трэці быў вышэйшы за астатніх. Яго валосьсе было доўгім і бліскучым, а на шаломе зьзяла карона. У адной руцэ ён трымаў доўгі меч, у другой – нож. I нож, і рука зьзялі блядным сьвятлом. Каранаваны прывід скочыў наперад і паўстаў над Фрода.

Фрода кінуўся на зямлю, пад ногі ворагу, і нечакана пачуў уласны выклік:

– О Эльберэт! Гільтоніель!

I пырнуў кордам нагу прывіда. Віскатлівы лямант разадраў начную цішыню – і Фродава плячо зайшлося ад болю, быццам працятае ільдзяным дротам. За імгненьне да непрытомнасьці Фрода заўважыў – нібы празь віхуру туману – Швэндал скочыў зь цемры з запаленымі дравінамі ў кожнай руцэ. Апошнім намаганьнем Фрода, выпусьціўшы корд, сьцягнуў з пальца пярсьцёнак і заціснуў яго ў правай далоні.

12. Уцёкі да броду

Калі Фрода апрытомнеў, ён усё яшчэ адчайна сьціскаў пярсьцёнак. Але зараз ужо ляжаў ля вогнішча, вялікага, зыркага. Над Фрода нахіліліся тры хобіты.

– Што здарылася, дзе белы кароль? – спахапіўся ён.

Хобіты так узрадаваліся, пачуўшы яго, што й адказаць былі няздольныя. Нарэшце Фрода ўсё-ткі выпытаў у Сэма: астатнія бачылі толькі няясныя цьмяныя постаці. Цені наблізіліся, і Сэм раптам вынайшаў, што гаспадара побач няма. Чорны прывід кінуўся наперад, амаль на Сэма, той упаў. Чуў Фродаў выклік нібы аднекуль здалёк ці з-пад зямлі – дзіўныя, незнаёмыя словы. Болей анічога ня бачылі й ня чулі, шукалі й натыкнуліся на Фродава цела. Ён ляжаў як мёртвы, ніцма на траве, накрыўшы свой корд. Швэндал загадаў перанесьці Фрода бліжэй да вогнішча й сам зьнік. Надоўга.

Відавочна, Сэм зноў засумняваўся ў Швэндале. Калі той раптоўна вынырнуў з змроку, хобіты ўздрыгнулі, а Сэм выцягнуў корд ды паўстаў над Фрода. Але Швэндал проста апусьціўся на калені побач з Фрода й сказаў ціха:

– Сэм, я ня Чорны Вершнік і ня іхні паслугач. Я хацеў дазнацца, куды яны падзеліся, але анічога не знайшоў. Не магу ўцяміць, чаму яны зьніклі й не нападаюць больш. Анідзе побач іх прысутнасьць не адчуваецца.

Калі пачуў Фродаў расповед, занепакоіўся, пахітаў галавою й уздыхнуў. Тады загадаў Піпіну з Мэры сагрэць як мага болей вады ў іхніх маленькіх імбрыках ды ўвесь час прамываць Фродаву рану.

– Трымайце вогнішча добра распаленым, каб Фрода сагрэўся! – папярэдзіў іх, а потым устаў, падышоў да Сэма й сказаў нягучна:

– Цяпер я разумею, чаму яны зьніклі. Падаецца, іх было тут толькі пяцёра. Чаму ня ўсе – ня ведаю. Мабыць, не чакалі, што зь імі будуць біцца. На час яны адступіліся. Аднак, баюся, недалёка. Калі мы ня сыдзем адсюль, яны нападуць зноў. Яны чакаюць, бо вырашылі: справа амаль зробленая. Пярсьцёнак амаль у іх руках. Баюся, Сэм, што яны лічаць рану твайго гаспадара сьмяротнай, а таксама што гэтая рана зробіць яго падуладным ім. Ну, гэта мы шчэ пабачым!