— А як жа яны прыплылі? Мора ад нас далёка… — сумняваліся, хто слухаў Кірылу.
— А рэкі! Буг, Нёман, Дзвіна!
З цягам часу лютва пераўтварылася ў Літву, а людзей сталі называць ліцвінамі. Здарылася гэта шмат стагоддзяў таму. Дзяржава, пра якую ідзе гаворка, — Вялікае княства Літоўскае, ці проста Вялікае княства, як тут казалі.
Даваць веры такім паданням ці не — ніхто не ведаў.
У мове прускаўцаў, якія ад нараджэння гаварылі па-беларуску, пракідаліся рысы ўкраінскай, польскай і рускай моў. Трапляліся і больш кандовыя, непрывычныя для нетутэйшага вуха словы, якія ішлі ад сівой яцвяжскай даўніны. Зрэшты, можа, і не яцвяжскай, а палавецкай, бо ў абліччы прускаўцаў спрактыкаванае вока этнографа магло адшукаць даволі пэўныя старажытна-палавецкія рысы: шырокія скулы, раскосасць погляду, тонкія чорныя вусы ў мужчын над прыпухлымі губамі. Гістарычныя крыніцы сведчылі, што валынскі князь Уладзімір Васількавіч — будаўнік Камянецкага стаўпа — пасяліў на паўночным баку Камянца полаўцаў, каб тыя аберагалі яго ўладанні. З часоў Уладзіслава Ягайлы Белавежская пушча належала каралю і вёскі, якія да яе прылягалі,— таксама. Сяляне спаўнялі каралеўскія павіннасці і з панскім уціскам, як у іншых частках Беларусі, не зналіся.
«Мы людзі тутэйшыя, пракаветнікі,— гаварылі пра сябе прускаўцы, — не набрыдзь якая-небудзь». Спакон веку жылі тут з зямлі і жывёлы. Збіралі грыбы, ягады. Захар Відэрка ўмеў, калі пашанцуе, рыбы злавіць, а зімой удала ставіў пяцелькі на зайцоў.
Стаяла Пруска, як і, дарэчы, сёння стаіць, на гасцінцы паміж двума мястэчкамі — Камянец-Літоўскам і Высока-Літоўскам. Толькі цяпер назвы гэтыя карацейшыя: кажуць проста — Камянец, Высокае, не лічачыся з гістарычным дадаткам.
З-за Камянца сонца ўзыходзіць, а за Высокім заходзіць, і ўвесь дзень над гасцінцам трымаецца.
Гасцінец — звычайная, хоць, вядома, і вельмі старажытная прасёлачная дарога, аздобленая па абодва бакі бярозамі, вербамі, асіннікам. Зімою, хоць якая завіруха, — ніхто не заблудзіцца. З цягам часу, парадкуючы гасцінец, — гэта адбылося ўжо ў дваццатыя гады, пасля Першай сусветнай вайны, калі прускаўцы вярнуліся з бежанства, з Расіі,— пасадзілі яшчэ і вішні, купіўшы дрэўцы ў пана Бяльчынскага, маёнтак якога знаходзіўся ў Вайской.
Ад гасцінца, калі ехаць у Камянец, то па левую руку, якраз насупраць карчмы, і адгаліноўваецца прускаўская вуліца. З аднаго боку стаяць сялянскія хаты, за якімі зелянеюць сады і гароды, з другога — прыгуменні, клуні, дзе складваюцца на зіму збожжа і сена. Другім канцом — вёска выходзіць на шырокую аселіцу, якая служыць выганам, дзе пасвяцца свінні, куры, гусі і іншая жыўнасць. Вуліца нешырокая — як двум вазам, гружаным сенам ці снапамі, размінуцца.
Калі выйсці за гумны, ці за клуні, як тут кажуць, там — месца вышэйшае, узгорак, дык у які бок ні павернешся — на даляглядзе ўбачыш поле, а за ім лес. Далей, на паўночны захад, пачыналася старадаўняя Белавежская пушча, з якой, ажыўляючы ўсё наваколле, выплывала і песціла на шырокай лагчыне свае празрыстыя хвалі прыгажуня Лосьна. Каціла іх, уздоўж камянецкага гасцінца, у Буг. Не абмінала яна і Прускі, уносячы ў жыццё і побыт яе жыхароў шмат цікавага і разнастайнага.
Пры ўваходзе ў вёску, з абодвух канцоў, узвышаліся характэрныя для мясцовых паселішчаў вялікія дубовыя крыжы, перавязаныя белымі ручнікамі, упрыгожаныя засохлымі кветкамі…
Прускаўцы не пазбаўлены былі, як ужо згадвалася, своеасаблівага гонару і нават пачуцця некаторай як бы вышэйшасці: вёску сваю называлі не вёскай, а сялом, хоць усяго ў той Прусцы налічвалася хат трыццаць, не болей. А як жа! Была царква, невялічкая (таксама недалёка ад гасцінца) карчма, у якой сядзеў Мордка Вінаград, была нават школка — царкоўнапрыходская, пад апекай папа. Ураднік таксама свой! Двары ўсе абнесены шчыльнай сцяной штыкетаў, так што не толькі парася, але і курыца не выйдзе. І абавязкова перад вокнамі, што выходзяць на вуліцу, — ёсць у хаце дзеўка ці няма — гародчык з кветкамі: ружамі, півонямі, жоўтымі вяргінямі, мятай, а ў кутку — стромкімі атожылкамі шпарагусу.