Выбрать главу

Звычайна Лявонка ўсё пачутае расказваў дома. Ён і цяпер паімчаўся дадому — пераказаць Кузёмкаву навіну бацькам, сямейнікам. Міхаль і Марыля да расказаў Кузёмкі (ён заходзіў да Кужалёў даволі часта) ставіліся без асаблівага даверу, але слухаць — слухалі, бо цікава было. Сядзіба Кужалёў якраз пасярэдзіне вёскі: хата — па адзін бок вуліцы, бліжэй да гарода; клуня з прыбудовамі, хлявом для скаціны, невялічкім склепам для бульбы — па другі. Хата нізкая, скасабочаная ад старасці, крытая саломай, з маленькімі падслепаватымі вокнамі. Збіраліся ставіць новую. У двары ў пяску капаліся дзеці — васьмігадовая Тоня і чатырохгадовая Фядорка. Лявонка не стаў каля іх затрымлівацца — адразу ступіў на ганак. Зрэшты, ганка пры хаце, можна сказаць, і не было — замест яго ляжаў стары камень ад жорнаў з дзіркай пасярэдзіне і адбітым краем.

Пад кожным дахам — свой сямейны свет, свае думкі, жаданні, мары. Бацькі былі дома. Маці, адвярнуўшыся да сцяны, карміла грудзьмі маленькую Барбарку. Пасярод хаты, на круку, убітым у бэльку, вісела калыска. Месца ля сцен займалі драўляныя ложкі, засланыя даматканымі посцілкамі, сумна пабліскваў абраз на покуці, аздоблены высахлымі валошкамі і вышытым ручніком: спакутаваны, нямоглы Ісус Хрыстос, якога анёлы збіраюцца ўзнесці на неба. У кутку — калаўрот.

Бацька распальваў каганец, жаўтаватыя водсветы агню гладзілі яго непаголены, стомлены твар. Востра пахла асенняя лаза: дзед Кірыла, седзячы на столаку (так тут называлі невысокія стульчакі, што стаялі ля печы ці ля парога), падплятаў кошык. Барада і вусы яго зараслі сівымі валасамі і ад гэтага мелі нейкі шэры колер. Цяжкія, шырокія плечы, здаецца, прыгіналі гэтага чалавека да зямлі. Жылістыя рукі ўвішна снавалі паміж рабрынамі кошыка, замацоўваючы вакол іх гнуткія лазіны.

— Што я чуў! — з парога пачаў Лявонка. — Кузёмка казаў…

Ад нечаканасці ўсе павярнуліся да яго. Хлопец выглядаў узрушаным, вочы блішчэлі, з-пад казырка выбілася непакорлівая пасмачка чорных, як смоль, валасоў.

— Кузёмка? — перапытаў Кірыла. — А чаму ён да нас не зайшоў? Звычайна ж заходзіць, некуды спяшаўся, не іначай…

Лявонка перавёў дыханне:

— Ён там сказаў!..

— Што ж там ён сказаў? — пацікавіўся Міхаль, пераглянуўшыся з бацькам.

— Што ўжо дваццатае стагоддзе пачалося! — выпаліў узбуджаны Лявонка.

У хаце ўсталявалася маўчанне. Ніхто не ведаў, што гэтая навіна азначае і як да яе ставіцца.

Першая занепакоілася Марыля:

— Ой-ёй! Што ж гэта будзе?

Гэта была яшчэ не старая жанчына з мяккім, нават жаласным выразам твару. Белая хусцінка яе збілася на патыліцу. Густыя цёмныя валасы зачэсаны назад і сабраны ў вялікі цяжкі вузел. Навіна была і сапраўды нечаканай, ніхто не ведаў, што яна абяцала і як да яе паставіцца, але залішне ўпадаць у паняверку таксама не было прычыны.

— Не хвалюйся! — па-філасофску зазначыў Кірыла. — Час жа павінен неяк ісці. Што будзе, тое і будзе…

— Што людзям, тое і нам, — зазначыў пасля некаторага маўчання Міхаль. Ён, па праўдзе кажучы, не надта верыў, што ў гэтым свеце нешта можа змяніцца, тым больш да лепшага.

Усе прыціхлы Чутно было, як кіпіць бульба ў чыгунку і паныла гудзе чмель, бездапаможна тыкаючыся ў шыбу.

Маўчанне парушыў Кірыла:

— Я адно ведаю, што свет за апошні час не той стаў. Хіба забылі, які сёлета град быў! Я колькі жыву, а такога не прыпомню.

— Ураднікавых авечак градам паглуміла, — пацвердзіў Міхаль.

Тое, пра што напомніў Кірыла, здарылася на жніво, у канцы ліпеня. Гарачыня стаяла такая, што хоць ты ў склеп лезь ці на ток кладзіся. Але дзе той склеп і дзе той ток — усе былі ў полі, жалі, абліваючыся потам, са скрухай паглядалі на сонца і ніяк не маглі дачакацца полудня.

Нарэшце ўсё ж такі дачакаліся і, калі цень скараціўся да двух крокаў, пасядалі ў цяньку пад ляшкамі — перадыхнуць ды перакусіць, чым Бог паслаў. «Ну і гарачыня! Напэўна, навальніца будзе, — добра, што снапы павязалі ды ляшкі паставіць управіліся», — падумаў тады Кірыла. На бела-шэрыя хмаркі, што заблішчэлі над галавой, ля сонца, ніхто не звярнуў увагі, такімі бяскрыўднымі яны здаваліся. Трывога ўсчалася толькі тады, калі з захаду павольна пачало наплываць, набліжацца нейкае няпэўнае цёмна-свінцовае цемрыва, палохаючы яшчэ сцішаным, але пагрозлівым вуркатаннем далёкага грому. Зрэшты, гэта было больш падобна не на гром, а хутчэй на стогн: хмара стагнала, бы нешта жывое. Асабліва занепакоіліся, замітусіліся тыя, хто яшчэ не паспеў сабраць снапы ў ляшкі. Неўзабаве хмара, не такая і вялікая напачатку, завалакла паўнеба і амаль упрытык наблізілася да самага сонца. Уражанне нават было такое, што з'явілася яна не з-за далягляду, а апусцілася на зямлю аднекуль з вышыні, з-за сонца. Раптоўна і моцна ўдарыў, як быццам недзе зусім побач, сухі, але аглушальны па моцы пошчак грому, і адразу ж пасыпаўся буйны, краплісты дождж, а потым да яго далучыўся град — спярша невялікі, дробны, а затым усё большы і большы і, нарэшце, як курыныя яйкі ці нават яблыкі. Чорная хвіля павісла над прускаўскім наваколлем. На хмары як бы хто сядзеў, малаціў зямлю градам, страшыў маланкамі і ў дадатак апусціў адтуль доўгі, пакручасты хобат, які на хаду звіваўся і раскалыхваўся, як слуп дыму, быццам кагосьці лавіў ці хацеў пастрашыць. Потым ад хобата аддзяліліся дадатковыя прысоскі і, дасягнуўшы зямлі, пачалі бурыць, шкуматаць і паднімаць у паветра ўсё, што трапляла ў поле іх прыцягнення.