Так ліло і так шугаў град, што здавалася, быццам раскалолася неба. Жанцы пахаваліся ў ляшкі. Жудасна было назіраць, як гэтае халоднае, ледзяное каменне абрынулася з неба, ламаючы і прыбіваючы дадолу нязжатае і бездапаможнае жыта, усцілаючы яго белым зімнім покрывам. Чутно было, як у вёсцы закрычалі куры і завыў ураднікаў сабака. Пахаладнела. Людзі разгубіліся — не ведалі, што рабіць: заставацца ў полі ці бегчы ў вёску. Першая апомнілася Марыля, кінулася дадому, яе непакоіла — што там? Падворак выглядаў не зусім звычайна. Град раставаў і станавіўся шэрым. З падворка ў агарод плылі дажджавыя ручайкі. Свіння з парасятамі схавалася ў хлеў, зарыўшыся там у кучу мінулагодняй саломы і бульбянога бадылля. Куры знаходзіліся ўжо на седале, чаго з імі днём ніколі не здаралася. Пад дрэвамі ляжала абабітае градам мокрае голле. Усе з жахам казалі, што такога граду яшчэ не было. Насланнё нейкае…
Праліўся з чыгунка і засквірчэў на агні кіпень; бульба, відаць, ужо добра ўварылася, і Кужалі збіраліся вячэраць. Гаспадыня дастала чыгунок з печы і паставіла на стол, побач — міску салёных агуркоў. Пара з чыгунка густым воблакам шуганула пад столь, агарнуўшы прысутных. Скрозь пару відаць было, што верхнія бульбінкі падгарэлі — іх тут называлі «асмалкамі».
— Можа, спачатку картахлянкі пахлёбаеце? — не то спытала, не то загадала Марыля.
— Давай картахлянку, — згадзіўся Міхаль.
Картахлянка — саленаватая вада, у якой варылася бульба.
— А дзяўчаты дзе? Клічце дзяўчат!
У Кужалёў чацвёра дзяцей: Лявонка — старэйшы сын і тры дачкі: Тоня, Фядорка і маленькая Барбарка — яшчэ ў калысцы. Лявонка выбег за парог, гукнуў, і адразу ж з'явіліся малыя — Тоня з Фядоркай. У абедзвюх на шыі чырванелі пацеркі, нанізаныя з ягад рабіны.
— Мыйце рукі і сядайце за стол! У пяску капаліся…
Праз некалькі хвілін уся сямейка была ў зборы. Кірыла сеў на чале стала — на покуці, набожна склаў рукі і прачытаў «Ойча наш», потым адгарнуў настольнік, якім была накрыта вялікая, як тут казалі, булка жытняга хлеба, узяў яе ў рукі, пяшчотна прыціснуў да грудзей і пачаў ашчадна наразаць шырокія скібы, кладучы перад кожным.
Міхаль з Марыляй перахрысціліся на абраз і таксама селі. Дзеці адразу пацягнуліся за хлебам.
— Хлеб есці не спяшайцеся! — напомніў Кірыла.
Ён уважліва сачыў, каб, не дай Бог, крошка якая не ўпала на падлогу. Тады яе шукалі і, знайшоўшы, хрысціліся, як бы просячы прабачэння за гэткі грэх.
— О, каб такі хлеб ды на круглы год, было б няблага! — заўважыў Кірыла.
— Нічога, калі і мякіны крыху дамяшаем — здаравей! — пажартавала Марыля, і ўсе засмяяліся.
Каб хлеба атрымлівалася больш, у муку дабаўлялі не толькі мякіну, але і лебяду, якую для гэтага сушылі і малолі, а часам нават і сасновую кару. Але і такога хлеба не хапала. У пераджніўны час заставаліся толькі высеўкі — рэшткі ад прасеянай праз рэшата мукі, якая ішла на хлеб. Гэта было проста вотруб'е з мякінаю ды асцюкамі.
— Падай, сынок, дзеду лыжку, — падказала Лявонку маці,— а то забываеш…
Лявонка падаў, і Кірылу падумалася, што вось ужо і падлеткам стаў яго ўнук, — выцягнуўся, і голас агрубеў. Елі моўчкі, строга па чарзе апускаючы лыжкі ў чыгунок з картаплянай пахлёбкай. Марылю радаваў добры апетыт сямейнікаў, асабліва дзяцей.