Выбрать главу

— Рана ўсталі,— сказаў Міхаль, таксама паднімаючыся і апранаючы кашулю.

— Хто рана ўстае, таму Бог дае.

У гародчыку цвілі познія кветкі — вяргіні, пасаджаныя Марыляй. Кветкі, акрамя іншага, яшчэ і намёк на тое, што ў сям'і растуць прыгажуні-дочкі.

З-пад паветкі, вітаючы гаспадароў, ласкава заскуголіў, звякнуўшы ланцужком, Курцік. Ведаў, што гаспадары едуць у поле. За хатаю жаўцелі гарбузы, як бы хто іх параскідаў па ўсім агародзе. Як нежывая, стаяла трава, парыжэлая пасля спякотнага летняга сонца.

Паклалі на воз нарыхтаваныя звечара мяшкі і кошыкі, торбачку з харчам, каб на полудзень было што на зуб узяць. Сёлета Кужалі пасадзілі бульбу за Малым Трыбам — так называлася мясціна, куды яны накіроўваліся цяпер па даўно наезджанай палявой дарозе. Зямлі ў Кужалёй было няшмат. Гэта, дарэчы, і навяло на думку паслаць Лявонку вучыцца. Як-ніяк акрамя яго яшчэ тры дачкі — дзе ж набрацца пасагу?.. Той участак, які неўзабаве пасля прыгону перайшоў ад пана да прускаўцаў (выкупіла зямлю казна і сплачвалі потым з працэнтамі — ёй), падзелены на тры полі, а кожнае поле — паміж дварамі. Прускаўцы, як і ўсе ў гэтым краі, трымаліся трохполля. На адным палетку сеялі азімае жыта, на другім — бульбу, а таксама авёс, ячмень, проса, трэцяе поле адпачывала. Зямля тут, на жаль, не тая, пра якую кажуць: аглоблю ўтыркні — воз вырасце. Усё даецца надта нялёгкай працай.

Стараліся выехаць як раней, але прыехалі далёка не першыя. Многія з вяскоўцаў ужо корпаліся ў зямлі, нешта рабілі.

— А ты кажаш — рана ўсталі,— упікнуў сына Кірыла.

Надзелы размеркаваны ў такім прыкладна парадку, як стаялі ў вёсцы хаты. Зямля ля гасцінца належала ўрадніку — тут жа стаяла яго хата. Далей ішлі сялянскія надзелы. Крайні загон — Захара Відэркі. Яго сямейнікі на чале з Прузынай мітусліва церабілі разоры. Сам Захар, цыбаты, як бусел, няспешліва соўгаўся па полі, да нечага прыглядаўся, спыняўся, пра штосьці, відаць, думаў. Зрэшты, цяжка сказаць, пра што можа думаць чалавек, які выйшаў у поле.

— З'явіўся і ён, — падзівілася Марыля.

Захара ў полі рэдка калі і ўбачыш, звычайна жонка адна ўпраўляецца, радня памагае. Муж пастаянна на рацэ. Жыў ён бедна. Нездарма ў Прусцы кажуць: хто палюе і рыбачыць — той хлеба не бачыць. «Замысь таго, каб у поле ехаць, ён на раку пайшоў!» — скардзілася суседзям Прузына. Рыбацтва было ў Захара ў крыві, разам з сынам Оргіем — падлеткам яшчэ — ён цэлыя дні праводзіў на рацэ. Прузыне даводзілася часам насіць ім туды снеданне. Самі, праўда, рыбу не спажывалі, а прадавалі пану Падгурскаму, ці браў прускаўскі карчмар Мордка. Сабе пакідалі часам толькі дробязь. Адначасова Захар лічыўся і царкоўным вартаўніком — жыў непадалёку ад царквы.

— Якая цяпер рыба! — парушыў маўчанне Кірыла. — Восень…

— Э не! — запярэчыў яму Міхаль. — Цяпер шчупак якраз і бярэцца.

Каля Захара, у суседстве, поле Фёдара Тупчыка і яго брата Міхаля. Там яшчэ нікога не было, і не ўяўлялася, дзе тыя гаспадары, што яны робяць.

Далей ішлі Каленікі — трое братоў. Па ўсім відаць, цеснавата было траім на бацькоўскім надзеле. Палоскі — вузкія. Сёлета ў іх тут не бульба, а жыта, якое даўно пакасілі і звезлі з поля. Ржышча пабялела і нават паспела пазелянець ад травы, што дружна кінулася ў рост, нягледзячы на восень. Адзін з братоў, Васіль, казалі, збіраўся ў Амерыку, шыфс-карту і пашпарт ужо вырабіў і брата свайго Рамана цягнуў.

— Рызыкант! — услых падумаў Міхаль.

— За свет людзі едуць, — як бы пачуўшы думкі Міхаля, сказала Марыля.

Праехалі поле Галёнкаў. Таксама браты — Масей і Філафей. Хаты іх у вёсцы адна насупраць другой. Філафей ужо на полі, арэ, сагнуўшыся над плугам. Жонка ззаду, стоячы на каленях, капаецца ў баразне.

Побач з надзелам Кужалёў — зямля Яся Латушкі. Сусед. Яго яшчэ няма. Можа, таму, што бульбу паспеў ужо выбраць, поле ў яго падрыхтавана для азіміны. Воз калыхнула на глыбокай калдобіне.

— Ніяк не засыпле! — незадаволена прамовіў Кірыла.

Паміж Ясем і Кужалямі даўнія нелады, несумяшчальнасць нейкая. Ужо ніхто і не памятае, адкуль гэта пайшло.

Насупраць сваёй палоскі Міхаль спыніўся. Усе, хто ехаў, пачалі злазіць з воза. У небе доўгім клінам плылі жураўлі.

Лявонка праводзіў іх вачыма:

— Адлятаюць…

— Не, рана. Гэта яны маладых прывучваюць да палёту. Дарога ім няблізкая.

Міхаль маўчаў, адчуваючы нейкі ўнутраны неспакой. Ад межаў струменіўся тонкі водар палыну. Туман спадаў. З-за хмар выбліснула сонца. З другога боку з Кужалямі суседнічаў Назар Хомка — бесславесны чалавек, як называў яго настаўнік Фама Фаміч. Ён нашмат маладзейшы за Міхаля. Сёлета Назар позна садзіў, таму, відаць, і выбіраць не спяшаўся. Лявонка добра ведаў яго жонку — крыклівую Хомчыху. Хомчыха рана выганяла мужа ў поле, але там пакуль што нікога не было.