Выбрать главу

Зямля ўся ў шнурах. Вузкія палоскі змяняліся больш шырокімі, разложыстымі, як у Гаўрылы Шведа, чыё поле адразу за Хомкавым. Бульбу яму выворваў зяць-прымак. Зямлі ў Гаўрылы больш, чым у каго, — два ўчасткі, бацькаўскае і жончына. Праўда, і сям'я ў яго вялікая: жонка, дачка з зяцем ды яшчэ два сыны. Гаўрыла, невысокі ростам, ужо стараваты, але ўвішны, хадзіў за зяцем ззаду, назіркам, сачыў за яго выворваннем. Не забываў правяраць, як працуюць жонка і дачка. Калі заўважаў які недахоп — ушчуваў, гугнявіў сабе пад нос. Уздоўж поля ў яго ўжо стаялі мяшкі з бульбай. Сыны Гаўрылы Фэдар і Міхаль адвозілі іх дадому, ссыпалі ў склеп. Гаўрыла славіўся сваёй скупасцю: казалі, што апраўляцца бег толькі на свой загон, нават калі знаходзіўся дзе далёка ад яго, нашто каму рабіць ласку — чужое поле ўгнойваць.

Суседзі іх — Шпунты і Чапёркі — на поле пакуль што не з'явіліся. Гэтыя не прывыклі рана ўставаць і бегчы на працу не спяшаліся.

Не было пакуль што і Пракопа Пахолка — вясковага каваля. Зямлі, праўда, у яго мала, жыве Пракоп у асноўным з кавальскай справы, якая так-сяк корміць сям'ю.

Крыху далей Мітрафан Давыдзюк за плугам хадзіў. Прускаўскі стараста. Здалёк было відаць, як ён, прыгорблены і даўгарукі, ішоў загонам, а потым адпачываў, аглядаючы наваколле. Мітрафан Давыдзюк пабываў некалі ў салдатах, а цяпер задаваў тон у Прусцы, кіраваў грамадой.

Выйшаў на поле таксама і Пятро Ламака (па вясковаму — Багдан) — жонка ім камандуе, Апраска, — чуваць яе хрыплы голас. З імі старэйшы сын Піліпко. Пятро, негаваркі ад прыроды, звычайна ўсё рабіў моўчкі, затое Апраска гаварыла бесперастанку.

— Ой, каб ты!.. Не з таго рада пачаў! Багдан дурны! — толькі і чутна было.

На сваю мянушку Багдан Пятро не крыўдзіўся — Багданам звалі чамусьці і яго бацьку, якога ўжо даўно не было. Піліпку сорамна было за маці, і ён хадзіў з апушчанай галавой.

Гальяшы ўжо сядзелі на разорах, паціху капаліся ў зямлі. Здалёк, скрозь туманную імглу, Лявонка пазнаў толькі Павала, сябрука, які быў крыху старэйшы за яго, але ўжо хадзіў за плугам.

Міхаль не стаў марудзіць, распрог каня, зняў з воза плуг, Марыля таксама пачала рыхтавацца — апранула паверх спадніцы доўгі андарак, Кірыла скінуў з воза кошыкі. Лявонка назіраў, як бацька ўваткнуў плуг у рад, цмокнуў на каня і, не спяшаючыся, павёў разору. Адну, другую, трэцюю… Іх адразу занялі Марыля з Кірылам, потым, спыніўшы каня адпачыць і падсілкавацца, да іх далучыўся і Міхаль. Лявонка падносіў ім кошыкі, ссыпаў у мяшкі бульбу.

— А бульба сёлета, здаецца, і сапраўды, таго, не благая, — нібы сам сабе адзначыў Кірыла.

Капалыпчыкі няспешна пасоўваліся наперад. Параўняліся з разгалістай грушай, што стаяла на мяжы з Ясем. Такія магутныя, падобныя на дубы грушы-дзічкі не рэдкасць на прускаўскіх палях. Стаяць яны здаўна, і хто пасадзіў — невядома. Самі па сабе сеяліся і вырасталі. Нездарма іх яшчэ называлі высранкамі. Лісце на грушы рдзела самымі нечаканымі колерамі і адценнямі — ад цёмна-зялёнага да ружовага, чырвонага і нават нейкага агніста-фіялетавага.

— Палезь, Лявонка, наверх — там гнілкі павінны быць, — падказаў Кірыла.

Лявонка ўзлез на дрэва, нарваў поўную шапку дробных, але ўжо мяккіх і салодкіх пладоў.

— А ты патрасі! — падвучыў Кірыла.

Лявонка скалануў тыя галіны, што навісалі над загонам Кужалёў,— свае. Пасыпаліся гнілкі.

Марыля падняла адну, паспрабавала на смак:

— Салодкія!

— Лявонка, — загадаў Кірыла, — кухню распалі, бульбу пячы будзем у прысаку.

Загон цягнуўся да самай Бярэзіны. Гэта быў даволі вялікі лес, што адным бокам прымыкаў да Бабіцкай гары, другім аддаляўся на поўнач, губляючыся недзе на подступах да Белавежскай пушчы. Лявонка, не заглыбляючыся ў Бярэзіну, на самым ускрайку назбіраў бярэма сухога ламачча, выкрасалі з дзедам агонь. Касцёр загарэўся, затрашчалі сасновыя галінкі, сухі картаплянік. Падышоў Міхаль, працягнуў да агню рукі.

— Гарыць, але не так весела, як летам!

Асенні агонь гіпнатызаваў і як бы спыняў час. Усё навокал рабілася застылым і нерухомым.

— Так і нашы дзяды грэліся… — сказаў Кірыла, які таксама падышоў, працягнуў азяблыя рукі да вогнішча.

— Якія дзяды? — зацікавіўся ўнук.

— Прусы, можа, ці яцвягі, ці яшчэ хто… — Кірыла павярнуў да ўнука твар: — Хто жыў тут… А хутчэй за ўсё люты. Лютва-а… Шматлікі быў народ і зямлі займаў падхадзяшча. Суцэльныя лясы тут былі, пушча, неруш, — Кірыла распавядаў так, быццам усё гэта адбывалася на яго памяці.— Змагаліся з лесам, як маглі,— палілі, карчавалі. Да нас у тых лясах палявалі, а мы за зямлю ўзяліся, араць ды сеяць пачалі.