Выбрать главу

Падышла і Марыля.

— Араць бы вучылі хлопца, а то ўсё кухню паліце, — папракнула яна мужчын, падставіўшы рукі бліжэй да агню.

— Чаго добрага, а гнуць спіну навучыцца! — буркнуў Міхаль, кіруючыся да каня з плугам.

Мэрылін папрок у многім быў беспадстаўны: мужчыны, Кірыла і Міхаль, шмат увагі ўдзялялі дзецям, асабліва Лявонку, вучылі яго гаспадарыць. Хлопец рос паслухмяны і працавіты. Ён і цяпер заўзята насіў кошыкі з бульбай, высыпаў у мяшкі, вяртаўся назад, шастаючы сухім картаплянікам. Шкадуючы сына, Марыля не набірала поўны кошык — толькі палавіну, каб яму было лягчэй.

Поле ўсё больш запаўнялася шэрымі постацямі людзей. Па часе прыехаў і сусед Ясё — сеяць азіміну. Спыніў каня, злез з воза, паглядзеў на свой загон, які быў ужо ўзараны, потым на суседзяў і, не павітаўшыся, пачаў нешта бубніць сабе пад нос. Марыля пазірала на яго напалоханымі вачыма. Адтапыраныя Ясевы вушы нагадвалі дужкі чыгуннага гаршчка, за якія бралася гаспадыня, калі ёй патрэбна было даць парадак гэтай пасудзіне.

— Здароў, сусед! — азваўся Міхаль.

— Здароў,— неяк вяла і незадаволена адказаў Ясё, здымаючы з воза барану, ворчык, пастромкі. Рассупоніў хамут, распрог каня, вывеў яго з аглабель і наладзіўся баранаваць поле.

— Сеяць маеш? — не ўцярпеў Кірыла.

— А што, не бачыш хіба?

У яго постаці было нешта ад драпежнага шуляка — так у Прусцы называлі невялікую птушку — адну з разнавіднасцей пароды каршуноў. Ад яе сцераглі куранят.

— Ён і не перахрысціцца ніколі,— ціха заўважыла Марыля.

У гарачым прысаку паспела бульба. Спечаная ў полі, у восеньскім вогнішчы, — што магло быць за яе смачней! Кужалі паселі палуднаваць.

— У шапцы сееш… Гэта, таго, нядобра… — не вытрымаў Кірыла, зірнуўшы ў бок Яся, які праходзіў міма Кужалёў з сявенькай.

— Сею, як хачу, — маё дзела. А табе скажу, што буду скардзіцца ўрадніку.

Для Кужалёў гэта было поўнай нечаканасцю.

Гаворачы пра характар прускаўцаў, трэба адзначыць адну прыметлівую, хоць не вельмі сімпатычную рысу. Самі прускаўцы называлі яе самаедствам, маючы на ўвазе сваю схільнасць да пастаянных сварак, бясконцых судовых працэсаў, суцяжніцтва, якія, здаралася, цягнуліся гадамі і дзесяцігоддзямі. Праўда, знаўцы гэтага характару да апошняга часу не перастаюць спрачацца: ці гэтая рыса спрадвеку была прыроджанай уласцівасцю прускаўскай натуры ці набыта па часе, па меры маёмаснага размежавання, якое, на жаль, у многім сапсавала чалавечы характар. Фактам, аднак, застаецца тое, што прускаўцы не забывалі былых крыўд. А крыўд, вядома, хапала, асабліва паміж суседзямі,— то мяжу абарэ адзін аднаму, то свіння на чужы падворак залезе, то карова шкоды наробіць, то нават курыца…

— На каго? — запытаў Кірыла, пачуўшы суседаву пагрозу.

— На цябе, на сына твайго! — Ясё прытрымаў каня.

— За што?

— А хіба не бачыш, як ён мяжу абрэзаў?

Прадчуваючы нядобрае, Кірыла спрабаваў супакоіць суседа.

— Ясё, гэта, павер мне, таго, здалося табе!

— Я вас ведаю: сёння абаралі, заўтра абкосіце!

— Дык там жа цэлы рад бульбы быў. Павінен я яго выараць ці не? — развёў рукамі Міхаль.

— А нашто ты мяжу чапаеш?!

Тут ужо Кірыла зноў не вытрымаў:

— Якую мяжу? Чалавеча, пратры вочы!

Людзі навокал паднялі галовы ад зямлі, сталі ўслухоўвацца ў спрэчку суседзяў.

Ясё пашырыў абсяг абвінавачванняў:

— А чые куры па панадворку бегаюць! — Ён ніяк не мог супакоіцца, прыпамінаў нешта такое, чаго ніколі не было.

Густыя, апушчаныя данізу Ясевы вусы натапырыліся, надаючы твару злосны і недаверлівы выгляд. Губы пабялелі.

— Ведаю вас! Твой дзед некалі нам залом у жыце зрабіў!

— Што ты плявузгаеш! Гад ты, таго, печаны! — разгараўся Кірыла. — Шкада, вілок не ўзяў — я б цябе праткнуў! Нягоднік!

— Людзі! Мяне тут забіць хочуць! — загаласіў Ясё, звяртаючыся да ўсіх, хто працаваў у полі, і бесперастанку пачаў сыпаць праклёны: — Каб цябе пакруціла! Каб ты ад дактароў не вылазіў! Каб цябе падняло і апусціла! Каб ты кавалка хлеба не бачыў!

Запас благіх пажаданняў у Яся быў такі багаты, што Лявонка, каб і хацеў, дык усяго б не запомніў.

Тут не стрымаўся і Міхаль.

— А бадай ты ценем па вадзе прайшоў! Ну і сусед трапіў! — са скрухай, нібы сам сабе, ціха пажаліўся ён і дадаў: — Жур пракляты!

Але Ясё пачуў, хоць сказаў Міхаль і ціха. Гэта была яго вясковая мянушка, вельмі для Яся абразлівая, хоць ніхто не помніў і не мог сказаць, як яна да яго прыстала.