Хто меў залатыя рукі й ня меў лішняй фантазіі, той у найбліжэйшым населеным пункце прыватна наймаўся ў электрыкі ці будаўнікі — прыкладам, Рамэо гэтак зарабляў Джульеце на шакалядкі ў адной чэска-цыганскай сям’і. Пэтэру было анігадкі, бо ён быў у лягеры адзіным, хто ўмеў па-тутэйшаму, таму пракурваў і прапіваў тое, што непісьменныя (то бок усе астатнія) плацілі яму за складаньне заяваў, скаргаў, даносаў і апэляцый. Латыш-беларус дачуўся, што ў недалёкай рэстарацыі гатуюць эскарго й прымаюць на рэалізацыю жывых сьлімакоў, таму штораніцы ці пасьля дажджочку зьнікаў зь вядзерцам у лесе, а пад вечар прыносіў яго ўжо поўным гэтай сьлізкай брыдоты, каб на наступны дзень здаць яе на далікатэсы. Уначы сьлімакі, не дурнейшыя за латыша, вылазілі зь вядзерца й распаўзаліся па пакоі, праз што страты ў іхных шэрагах былі значныя, асабліва на шляху ад нашых ложкаў да прыбіральні — зраньня былы футбаліст мусіў зноў бегчы дабіраць вядзерца. Урэшце, ён плюнуў на сьлімакоў і пастанавіў зьбіраць лепей чарніцы, слушна зацеміўшы, што тыя за ноч нікуды зь вядзерца не ўцякуць. 3 гэтай мэтай ён, паводле прыкладу італьянцаў, што выкарыстоўваюць для пошуку труфэляў парсючкоў, выкарыстоўваў Гавану.
Гавана пайшоў у бясплатныя памочнікі латыша цалкам дабраахвотна: то ж бо на райскай высьпе Куба празь нейкі боскі недагляд не расло ні чарніцаў, ні малінаў, і варта было Гаване зайсьці ў лес, як ён пачынаў лямантаваць: „Андрусь! Хутчэй, хутчэй! Маліны! Чарніцы! Суніцы!“ (кубінскіх назваў гэтых ягад ён ня ведаў, таму карыстаўся адразу чэскімі). Я як чалавек, што ўсё дзяцінства прабадзяўся па беларускіх лясох у пошуках дадатковых калёрый, зусім не падзяляў ягонага энтузыязму і лазіць зь ім па тутэйшых зарасьцях адмовіўся, саступіўшы гэтую ганаровую ролю латышу. Той ня мог нахваліцца, які ж гэты Гавана разумны й таленавіты хлопчык. Калі неўзабаве ў ваколіцах лягера пайшлі яшчэ й грыбы, якіх на Кубе таксама няма, Гавану ўжо не магла ўтрымаць у лягеры ніякая ахова: ён рваўся ў лес, як паляўнічы сабака. Балазе, латыш меў дастаткова сумленьня, каб частаваць нас набытымі за прададзеныя ягады й грыбы цыгарэтамі, у найгоршым выпадку — самімі ягадамі й грыбамі. 3рэшты, Гаване можна было скарміць усё, хоць мухаморы.
Што да мяне, то я нажываўся на астатніх толькі тады, калі мне на рэдкасьць шанцавала, як аднаго разу з мусульманамі, зь якімі я пасярэдніцтвам Дыназаўра падтрымліваў прыязныя стасункі з прычыны сваёй зацікаўленасьці травой (каму ягады, каму што). Неяк раніцай у нядзельку Дыназаўр прыбег да нас у пакой і пачаў на мігі паказваць, што ў мусульманскім корпусе рыхтуецца інтыфада (а я дык думаў, траву завезьлі). Тут трэба патлумачыць, што ў нядзелю сталоўка была зачыненая, таму ў суботу ўвечары лягернікам выдаваўся сухі паёк — печыва й нейкія кансэрвы, па адной на ўцекача. Мусульманам з павагі да іхнага далікатнага страваводу выдаваліся строга курыныя, качыныя, індычыныя, а мо нават і гусіныя паштэты чэскага вырабу, што я ведаю. На бяду, папярэдняга дня нехта зь іх даўмеўся прачытаць маленькія літары на ўпакоўцы кансэрвы. Белы ад жаху, гэты грамацей паведаміў сваёй грамадзе, што ў так званым „курыным“ паштэце ўтрыманыя, паводле ўпакоўкі, ажно пяць працэнтаў сьвініны! Грамада параілася й прыйшла да высновы, што нехта наўмысна (а чаго ж яшчэ чакаць ад бледнатварых) паспрабаваў падкласьці ёй сьвіньню. Я ніколі ў жыцьці ня бачыў на ўласныя вочы ўзброенага паўстаньня, таму пабег на яго зірнуць — натоўп пакрыўджаных вернікаў ужо на той момант утварыў перад баракам карагод, пасярэдзіне якога былі досыць ладнаю пірамідкаю складзеныя кансэрвы, прызначаныя для рытуальнага спаленьня. На маё ветлае пытаньне, што здарылася, адзін знаёмы пакістанец (яго былі на нейкі час да нас падсялілі, але ў нашым Артэку ён вытрымаў нядоўга, бо ўставаць а чацьвёртай раніцы, каб пастаяць ракам і паслухаць лонданскае радыё, савецкія людзі ня звыклыя) усё мне расказаў: „Май фрэнд! Порк! Порк, май фрэнд! Уі доўнт іт іт, ітс дэрці!“ Я, натуральна, тут жа абурыўся ня менш за мусульманаў і ўзяўся ад іхнага імя (ну й яшчэ ад Пэтэрава) напісаць скаргу дырэкцыі лягеру, чым адразу здабыў іхны давер і павагу. Маўляў, я сам сала ня ем, бо няма. Вось толькі, кажу, спальваць кансэрвы немэтазгодна, гэта могуць расцаніць як хуліганства й пашкоджаньне маёмасьці. Дый яны па-людзку й не гараць, гэта ж не герэтыкі. У абмен на маё самазванае заступніцтва мусульмане тут жа даручылі ліквідацыю кансэрваў мне. Скаргі мы, праўда, так і не напісалі, затое рэшта лягера да канца тыдня ладавалася па вечарах курыным паштэтам, а я зарабіў сваю першую ў замежным жыцьці тысячу крон — у тры разы болей за нам прызначаны ўэлфэр.