Як што Габрусь даў мне гэтым грубым спосабам зразумець, што я поўны нуль бяз палачкі-выручалачкі, якая належыць толькі яму (а ня ёсьць гонарам усяго беларускага народу, як даказваў я), то я пакрыўдзіўся й ад пасады ягонага сутэнэра адмовіўся, пасьля чаго мы некалькі дзён нават не віталіся. Але гэта не азначае, што я перастаў яго, кажучы ягонымі словамі, „эксплюатаваць“. Канфіскаваўшы калісьці куплены мною, а цяпер закінуты ім (ня мне, а наагул) адкідны блок, дзе Габрусь раней у вольныя часы рабіў замалёўкі й вёў, як кожны творца, шыфраваны дзёньнік, я рушыў да мастакоў. Няўрымсны хлапец з Харкава, які ведаў у Празе ўсіх і кожнага, на маю просьбу пазнаёміў мяне з тутэйшымі сюррэалістамі — пераважна старымі дзядамі, якія ў думках жылі яшчэ даваеннымі часамі сваёй маладосьці. Спрактыкаваным вокам сюррэалісты імгненна распазналі ў Габрусёвых краявідах, актах і нацюрмортах высокаклясны арт-брут і тут жа прапанавалі мне зладзіць выставу ягоных (натуральна, я сказаў, што нібыта маіх) малюнкаў. Я пагадзіўся ўмомант. Выстава з назвай „АРТаграфія БРУТальнасьці“ адкрылася на наступны ж тыдзень, але ня ў Цэнтры па правах чалавека, як хацеў я, а ў Цэнтры рэабілітацыі людзей з псыхічнымі цяжкасьцямі, і мела, трэба сказаць, шалёны посьпех: за адзін толькі вэрнісаж прадалася палова карцінаў і добрая траціна старонак зь дзёньніка, а з выручаных за гэта грошай я жыў яшчэ месяцы два. Гэтак я апроч сутэнэра міжволі стаў яшчэ й Габрусёвым антрэпрэнэрам, то бок тым самым агентам. Аднак, каб зрабіць Габрусю падлянку, я не падзяліўся зь ім ня толькі грашыма, але й нават навіной пра ягоную абсалютна нечаканую, хоць і кароткачасовую мастацкую славу — чаго да сёньня, прызнаюся, не магу сабе дараваць.
9.
Інтэлігенцыя звыклая лічыць сябе мозгам нацыі.
Ленін
У той незабыўны сакавіцкі дзень Габрусь уварваўся ў наш пакой, ледзь ня ўдырыўшыся галавой аб супрацьлеглую сьценку: „Усё! Больш за грошы ня трахаюся!“ (А ён безь мяне й так, скажу не бяз гонару, ня моцна за іх трахаўся). Я ўжо падумаў, што ён стаў імпатэнтам (а гэта было малаверагодна) ці падхапіў ад якой-небудзь немкі СНІД (хаця што такім асілкам духу, як ён, якісьці там СНІД), ды толькі цымус быў зусім у іншым: „Мне далі працу! Як мастаку!“ Нягледзячы на посьпех нашай зь ім выставы, я палічыў, што ён ад такой колькасьці сэксу ўжо зусім зьехаў з глузду, у найгоршым выпадку — таксама пазнаёміўся зь сюррэалістамі. Адылі не: ён выпадкова сустрэў у горадзе аднаго вядомага беларускага песьняра з радыё „Свабода“, які з нагоды чарговых угодкаў БНР запрасіў яго на могілкі. „Разумееш, там нашыя прэзыдэнты пахаваныя („От каб сапраўды так было“, падумаў я), а дваццаць пятага ўсе туды прыйдуць кветкі класьці!“ „Ну і?“ „Ну й магілы трэба прыбраць ды надпісы падмаляваць! А то яны ўжо з гадамі пабляклі. Вось мне гэта й даручылі, асабіста. Нават аванс упершыню ў жыцьці атрымаў! Хадзем, дапаможаш магілы знайсьці, а то з маёй арыентацыяй, ведаеш... “
Мы затарыліся чырвоным віном у пакетах, набылі за „аванс“ фарбы (залатую, белую, чырвоную), узялі калісьці купленыя (зноў-такі, за мае грошы) пэндзлі й паехалі на могілкі. Як я й прадчуваў, прыборку прэлага лісьця й птушынага лайна Габрусь даручыў мне, а сам, як прафэсіянал, заняўся падмалёўваньнем надпісаў і сьцяжкоў на помніках. „Заўжды марыў папрацаваць на карысьць Бацькаўшчыны“, прызнаўся ён мне ў перапынку між дзьвюма першымі літарамі, выціраючы пот (гэта ён, відаць, меў на ўвазе сваю мару пра беларускі „Плэйбой“). „Нездарма ж я на філфаку вучыўся“. „Што? Ты скончыў філфак?“ „А што я — не чалавек?“, абурыўся Габрусь. „Ну не, ты проста нічога не казаў... Я думаў, ты чыста з мастацкай вучэльні...“ „Ды не, як мастак я самавучка“. Нельга сказаць, каб я пра гэта не здагадваўся, але тут мяне ўзяло за жывое: „Раз самавучка, дык якім правам ты тады надпісы падмалёўваеш? Ану пайшоў сьмецьце прыбіраць!“ „Ну што ты так раскрычаўся? Я цябе хіба нечым пакрыўдзіў?“ „Не, не пакрыўдзіў“. „Ну, тады выбачай...“ Урэшце, менавіта тады на могілках, дзякуючы дыпляматычнаму пасярэдніцтву абодвух прэзыдэнтаў БНР, мы з Габрусём канчаткова памірыліся.
На наступны дзень было дваццаць пятага, да якога мы традыцыйна рыхтаваліся, як да сьвята: яшчэ за тыдзень да яго памыліся, пагаліліся й прычасаліся ў суседнім са сквотам студэнцкім інтэрнаце. Натуральна, прыйшлі мы й на могілкі, зірнуць, якое ўражаньне зробіць на суайчыньнікаў нашая праца (пасьля нашча выпітага пакету віна Габрусь ня здолеў утрымацца й прыпісаў ззаду на кожным з помнікаў „Каханьне ёсьць! Жыве Беларусь!“ — балазе, зірнуць на іх заднюю частку ніхто не даўмеўся). Суайчыньнікаў ля магілаў сабралося нешта падазрона шмат (мы ўжо баяліся, што зьбіраюцца ці кагосьці хаваць, ці наадварот, эксгумаваць нашых дарагіх прэзыдэнтаў), прычым праскіх была сярод іх толькі пара чалавек „макдональдцаў“, а ў астатнім — усе тыя, каго мы з Габрусём ведалі чыста завочна з радыё й газэтаў, а таму даўно марылі пабачыць увачавідкі. Габрусь ажно пашкадаваў, што ня можа намаляваць іхнага калектыўнага партрэту: атрымаўся б поўны Гойя. Тут табе й дзейны старшыня нядзейнага парлямэнту, і былы міністар памежных спраў, і выканаўца абавязкаў Зянона Пазьняка, і выканаўца перадапошняй волі Зянона Пазьняка, і галоўны па краіне лінгвіст, і галоўны паліткір Першай Газэты з рысункамі (насамрэч у яго ў руках былі не рысункі, а мапа могілак), і галоўны нампаліткіра, і першы намесьнік галоўнага палітвязьня... Карацей, калі б на могілках у той момант выбухнула граната ці Габрусь даўмеўся зьняць боты, наш беларускі рух застаўся б калі не без галавы, то дакладна бязь яйцаў. „Яны што — усе прытулак прасіць прыехалі?“, шэптам пацікавіўся Габрусь у таго, хто стаяў побач. „Выглядае, бяда: зусім апазыцыю прыціснулі... Калі так, магу ўсім патлумачыць, дзе знаходзіцца лягер — я там нядаўна быў. А пажыць калі што можна і ў нас на сквоце...“ „Яны прыехалі на зьезд“, адрэзаў той, хто стаяў побач, бо ня чуў праз Габруся словаў сьвятара. „Што за зьезд? Беларусаў сьвету? Дык і я ж беларус...“ „Мовазнаўцаў!“ „Ну дык і я жмову знаю...“