Выбрать главу

Пасьля цырымоніі, што завяршылася абавязковым для ўсіх кілішкам на расхадуху (Габрусь дык патрабаваў наліць нам яшчэ й па штрафным, бо мы, як заўжды, спазьніліся) ды групавым сьпевам, учорашні афарміцель магілаў падруліў да свайго знаёмага песьняра з Радыё, што замаўляў у яго прэзыдэнтаў, і замест выплаты рэшты ўзнагароды папрасіў яго запісаць нас ува ўдзельнікі зьезду: як прадчуваў, што там будуць бясплатна частаваць кавай з буцікамі. Пясьняр крыху памяўся, але ня здолеў адмовіць Габрусю як філфакаўцу, і ў выніку мы ўпершыню трапілі ў асяродзьдзе сапраўдных беларускіх інтэлектуалаў. Нам нават павесілі на шыі адпаведныя пасьведчаньні (сваё я захоўваю да сёньняшняга дня разам з трапяткімі ўспамінамі), калі б наконт нашага інтэлекту ў кагосьці раптам узьніклі пытаньні. Дзякуючы гэтым пасьведчаньням ахоўнікі прапусьцілі нас не абы-куды, а на тое самае Радыё, у якім адбываўся зьезд. Выгляд з радыйнага вакна на Прагу, мушу сказаць, быў афігенны.

У працы зьезду, аднак, мы ўдзелу амаль ня бралі, бо за буцікамі й кавай нам было не да ўдзелу, дый працы як такой з нашага гледзішча амаль не было — паседжаньне нагадвала хутчэй сустрэчу выпускнікоў праз дваццаць гадоў пасьля выпускнога. Адны мы з Габрусём выбіваліся сваім анархічным выглядам, поглядамі й паводзінамі з агульнай масы дэлегатаў (тых было чалавек трыццаць), праз што яны пазіралі на нас зь недаверам: не маглі прыпомніць, ці насамрэч мы хадзілі зь імі ў адну школу.

Як было напісана ў праграмцы, зьезд меўся вырашаць пытаньне жыцьця й сьмерці нумар адзін: у чарговы раз ці то рэфармаваць норму, ці то ўнармоўваць рэформу беларускага правапісу. Сумленна пад’еўшы й падпіўшы (у радыйным бух-вэце), мы з Габрусём заваліліся ў канфэрэнц-залю й акурат трапілі на адзін зь нешматлікіх спрэчных момантаў паседжаньня: абмяркоўвалася пытаньне, як пісаць такое слова як „Shakespeare“. Прапаноўваліся наступныя варыянты: Шэкспір, Шэксьпір, Шакспір, Шаксьпір, Шэйкспір, Шэйксьпір, Шайкспір, Шайксьпір; Шэкспіа, Шэксьпіа, Шакспіа, Шаксьпіа, Шэйкспіа, Шэйксьпіа, Шайкспіа, Шайксьпіа; Шэкспія, Шэксьпія, Шакспія, Шаксьпія, Шэйкспія, Шэйксьпія, Шайкспія, Шайксьпія — усяго дваццаць чатыры, фактычна па варыянце на дэлегата, кожны зь якіх імкнуўся бараніць менавіта сваю вэрсію, перакрыкваючы астатніх (да пытаньня, на каторы склад трэба рабіць у „Shakespeare’ы“ націск, пакуль было далёка). Ад такога багацьця беларускай мовы, пра якое Габрусь і не падазраваў, у яго ажно разбалелася галава, і ён, ня вытрымаўшы, папрасіў слова. У залі тут жа запанавала цішыня, і ўсе вочы вылупіліся на Габруся, а я ад нечаканасьці нават рот разявіў: па шчырасьці, я баяўся, што калі Габрусь зараз устане, то ўжо ня сядзе, а калі й потым сядзе, то больш ня ўстане. Габрусь, аднак, калі не лічыць ікаўкі, трымаўся малайцом, і пры ўставаньні перакуліў толькі адну шклянку з вадою. ,,Дзецюкі“, упэўнена пачаў ён, „я ня ведаю, дзе й чаму вас вучылі... Я сам дык вучыўся на філфаку... Пасьля паехаў у Швэцыю... Але што галоўнае: помню, на філфаку казалі, што ў беларускай мове... Матчынай, між іншым... А ў мяне дык і татчынай... Як чуецца, так і пішацца... А як пішацца, так і чытаецца, і наадварот... Дык вось, можа я дурны... А можа вы дурныя... Бо ў нас на вёсцы такімі словамі ня кажуць... Але я гляджу, тут у мяне напісана: Сга-ке-спэ-а-рэ... Чорным па беламу... Хоць і лацінкай... А я ёю карыстаюся, між іншым... Зь дзяцінства... Дзёньнік шыфрую... I татуіроўку магу паказаць... Ну дык скажэце, людцы дарагія... Калі лацінкай напісана Сга-ке-спэ-а-рэ... Дык чаму й тарашкевіцай не пісаць Сга-ке-спэ-а-рэ?.. Гэта ж так проста... I ясна... Усяго дзесяць... Не, трынаццаць літар... Дый наагул... Ня трэба з-за ўсякай ярунды сварыцца... Хадземце лепш па Празе пагуляем... Зь дзяўчатамі вас пазнаёмлю... Каб вы ведалі, якія ў іх тут цыцачкі, якія... жопкі... “