Выбрать главу

Што тут пачалося! Нязгодны гул, які паступова нарастаў па меры Габрусёвага набліжэньня да цыцачак, цяпер перарос у лямант, а той ледзь не ў адкрыты гвалт з боку інтэлектуалаў. Мне ажно стала крыўдна за свайго сябра, і я ня мог за яго не ўступіцца: „Рацыя, Габрусь! Я больш скажу: няма ў нас такога слова! Па-беларуску ваш „Shakespeare“ правільна будзе „Дзідатрос“! Вучыце замежную мову!“ — на што інтэлектуалы пачалі раўсьці: „Хто гэта вапшчэ такія? Хто іх сюды вапшчэ ўпусьціў? Гэта абструкцыя! Прафанацыя нацыі! Дывэрсія! Дзіверсія! Дывэрсыя! Сабатаж!“ Тут ад імя ўсіх інтэлектуалаў узяў слова адзін сівавусы дзядзька (гэта я дакладна памятаю, бо аднойчы быў, яшчэ ў Менску, галасаваў за яго на нейкіх выбарах, пра што цяпер пашкадаваў) і сказаў: „Вось бачыце, спадары, якія прайдзісьветы просяць у Чэскай рэспубліцы палітычнага прытулку. Мала таго, што яны ня маюць ніякага дачыненьня да палітыкі, бо зьяжджаюць з чыста эканамічных прычынаў за лепшым жыцьцём — яны яшчэ й нават мовы беларускай ня ведаюць! Перад вамі яскрава выражаныя прадстаўнікі новай катэгорыі беларусаў: палітычных турыстаў, або, як кажуць па-чэску, так званых „упырхлікаў“! Прапаную гнаць іх з гасьціннай Эўропы сраным венікам — а калі не з Эўропы, дык прынамсі з гэтага зьезду! Хто „за“ — прашу галасаваць!“

У гэтым пытаньні дэлегаты былі нашмат больш адзінадушнымі, чым наконт „Shakespearey". Убачыўшы амаль акцябрацкі лес рук, Габрусь ад прыкрасьці ледзь сам не расплакаўся, як акцябронак: гэта ж трэба, ён хацеў, як лепей, як да людзёў, а тут... Аднак у наступны момант ён, будучы сапраўдным мужыком з Прымакоў, ужо ўзяў сябе ў рукі (гэтым разам цалкам, а ня самую выбітную сваю частку, як кагадзе на пажары) і прамовіў так, каб пачуў усяк, але літасьці ня меў (я ніколі дагэтуль ані пасьля не заўважаў за ім такога імпэту): „Чуеш, ты, перхаць падзалупная! Як могілкі прыбіраць — дык вам упырхлікі, а як пра Шаксьпіра ці каго там пагаварыць — дык сабатаж! Круціў я на хую твайго Шаксьпіра! Выходзь на разы — убачыш, як я табе эканамічныя й іншыя прычыны паадбіваю! А яшчэ лепш у лягер прыяжджай — там і безь мяне адаб’юць! На сквот шуруй, я табе лепшае жыцьцё пакажу! Згадаеце яшчэ ўпырхлікаў! Прыйдзе вайна — папросіце хлеба!..“

Але гэта ўжо нас ахоўнікі выводзілі з залі пад рукі.

10.

Родзіна слышыць — родзіна знаець.

Радыйны фальклёр

Габрусёвы словы аказаліся прарочымі: вайна неўзабаве прыйшла, і хлеба ў нас сапраўды папрасілі. Гэта здарылася, уласна, дзякуючы ісламскім тэрарыстам, што ўмазаліся на самалёце ў тых нью-ёрскіх блізьнятаў (ня ведаю, што ўжо там за блізьняты былі такія — шкада дзяцей, вядома, але не вайну ж праз гэта пачынаць). У гэтай сувязі амэрыканскія гаспадары Радыё пачалі пашыраць свае штаты й ідэалёгію, у тым ліку й на Беларусь, таму ў беларускую службу быў абвешчаны дадатковы набор прапагандыстаў. Аднак, паколькі грошай на пашырэньне штатаў амэрыканцы не далі (усе чыста пайшлі па Тунэльбане), то набіраць прапагандыстаў давялося з таго, што было пад рукой у кіраўніцтва — вось тут гэтая рука й пацягнулася па нас, упырхлікаў. Не пасьпеў я прыйсьці на сумоўе, як да мяне тут жа ўзьніклі прэтэнзіі, кшталту: „З кампутарам працаваць умееце?“ Я ўзрадаваўся, бо ў душы баяўся, што мяне першым чынам зноў папросяць пастрыгчыся, як на вайсковай катэдры — вайна ж вам ня жарты, а яны пра нейкі кампутар! „А што там умець!“ „Ну, напрыклад?“ „Напрыклад, мэйл магу адаслаць... На любы адрас, было б каму...“ „А яшчэ?“ „А магу яшчэ й не адаслаць — гэта ўжо як пашанцуе...“ „Дазвол на працу маеце?“ „Не“. „Чароўна — будзеце працаваць нелегальна“. „Без праблем, я іначай і ня ўмею...“ Неўзабаве пасьля мяне з кабінэту спадара дырэктара выбег Габрусь: „Ну што, узялі?“ „Вядома!“ „Цяжкія пытаньні задавалі?“ ,,Ды ну, легката! Паспрабаваў бы ты ў мастацкую акадэмію паступіць...“ Пазьней мы даведаліся, што мяне ўзялі на працу як самага маладога й пэрспэктыўнага (спадар дырэктар, падпісваючы са мной кантракт, усё мармытаў сабе пад нос нешта кшталту „бабуля разам“ — можа, гэта мела нейкае значэньне й ён быў калісьці знаёмы з маёй бабуляй?), а Габруся — як былога філфакаўца. Гэтак мы з Габрусём пачалі з восені штодня хадзіць у той самы будынак, адкуль нас яшчэ ўвесну вытурылі.