Напачатку мы нават хадзілі туды з высока ўзьнятымі насамі (асабліва перад ахоўнікамі, што нас тады вытурвалі), бо працаваць на радыё „Свабода“ ёсьць патаемнай марай кожнага сьвядомага эмігранта, параўнальнай хіба толькі з марай быць пахаваным каля прэзыдэнтаў. За паўстагодзьдзя свайго існаваньня Радыё здолела прабіцца на першае месца сярод усіх беларускіх фірмаў паводле вышыні заробку, аднак гэта, на шчасьце, ніяк не адбілася на якасьці яго прадукцыі. Заробкі (а нярэдка й пашпарты) у радыёўцаў былі амэрыканскія, тым часам як стаўленьне да ўлюбёнай працы — нашае, беларускае: то бок між вышынёю заробку й працоўнай аддачай усталявалася надзейная адваротная сувязь. Гэта ў тым ліку значыць, што калі ўзяць да ўвагі, колькі плацілі нам з Габрусём, то стане ясна, што бальшыню працы на Радыё, асабліва так званай чорнай, рабілі мы, гастарбайтэры. „Габрусь“, падзуджваў я яго, „чаго ты цяпер не пратэстуеш супраць эксплюатацыі? Давай хоць які прафсаюз створыім, ці што...“ „Ну ты даў! Есьць жа розьніца: што змагацца за Бацькаўшчыну, а што баб за грошы трахаць“. „I якая?“ „А хоць бы й такая, што змагацца — гэта гонар, а блядзтвам займацца — гэта ў найлепшым выпадку ганарэя. Да таго ж тут у сталоўцы ну такі суп смачны! Ня тое што ў анархістаў! А кошт той самы, анарха-камуністычны — пяць крон...“ З гэтым я быў вымушаны пагадзіцца. У выніку цягам першага году на Радыё мы ня толькі там працавалі, але й папросту жылі — і ўсё таму, што такое жыцьцё было ўсё-ткі больш прыймальным у параўнаньні са сквоцкім.
Тым часам як мне даручылі займацца радыйным інтэрнэтам, які тады быў толькі нядаўна зьявіўся, Габруся пасадзілі працаваць з мовай: кіраўніцтва было ўражанае перадусім ягоным беларускім вымаўленьнем, сапраўдных носьбітаў якога ў новым тысячагодзьдзі засталося столькі, што можна на пальцах зьлічыць. Спадар дырэктар меў тайны спадзеў ператварыць Габрусёў голас у візытоўку свайго эфіру, таму паступова пачаў прывучаць да яго гучаньня слухачоў, а самога Габруся — да чытаньня. У першыя тыдні Габрусь яшчэ баяўся мікрафону — ня меней, чым саромеўся відэакамэры (удакладню, што гэтак жа ён баяўся мабільнага тэлефона, які ўвесь час блытаў з пультам дыстанцыйнага кіраваньня, ліфта, бо ў ім таксама былі кнопкі, ці праскага мэтро, бо там да яго вечна чапляліся кантралёры), аднак неўзабаве той стаў ягонай улюбёнай прыладай, бо ён палюбіў яго ўвесь час уключаць і выключаць. Скончыўшы кароткі курс адвыканьня ад гэтай звычкі з ганаровай граматай, Габрусь, седзячы цяпер у студыі перад асабістым мікрафонам, стаў адчуваць сябе кімсьці накшталт рок-зоркі з свайго ўлюбёнага гурта „Дзіпёрпал“. Тады кіраўніцтва палічыла, што кліент сасьпеў, і адправіла Габруся чытаць вечаровыя навіны. Атрымаўшы першы раз шанец прамовіць на ўсю краіну ў прамым эфіры, Габрусь ня вытрымаў і расплакаўся: „У Менску дваццаць гадзін... У праскай студыі навінаў... Мамка, татка, гэта я, Габрусь, ваш сынок! Як вы там, безь мяне? Сумую па вас — ня тое слова... Каб вы толькі ведалі, што ў нас тут адбываецца... Сёньня амэрыканскія вайскоўцы заатакавалі пячору, дзе паводле зьвестак выведкі хаваецца... Не, не магу... Мама, як там наш гарод? Ці выкапалі бульбу? Беларускі кіраўнік Аляксандар Лукашэнка выказаў занепакоенасьць сытуацыіяй на сяле. Як там Прыімакі? Чуеш, мама? Што ты кажаш? Калі я ўжо вярнуся? I сам ня ведаю... Колькасьць ахвяраў землятрусу ў Азіі вырасла да сямісот чалавек... А божа ж божа, як я бяз вас смуткую... Татка, мамка, калі я вас чым-небудзь пакрыўдзіў, то выбачайце... I пра надвор’е: заўтра ў Менску будзе дванаццаць градусаў вышэй за нуль, на поўдні краіны да чатырнаццаці... Мама, тата, апранайцеся цяплей, беражыце сябе, я вас вельмі люблю...“
Пасьля такога пачатку дыктарскай кар’еры кіраўніцтва пастанавіла даць Габрусю работку папрасьцей і перавяло яго ў катэгорыю блогераў. З маёй сьціплаю дапамогай (я на той момант ужо няблага навучыўся пісаць пад дыктоўку двума пальцамі) Габрусь пачаў выліваць на беларускіх сецевікоў сваю чыстую вясковую душу й вучыць іх жыцьцю. Посьпех быў ашаламляльны: статыстыкі наведваньня нашага сайту пачалі ламаць сьпярша беларускія, а пасьля й радыйныя рэкорды, а празь якія паўгода Габрусь ужо выдаў свой блог у сэрыі „Бібліятэка Свабоды“ пад назваю „Малая кулінарная энцыкляпэдыя (Габруся)“, з прадмоваю спадара дырэктара й наступным зьместам: „Суп курыны. Салат „аліўе“. Катлеты па-кіеўску. Макароны па-флёцку. Дранікі са сьмятанай. Торт „Птушынае малако“. Торт „Напалеон“. Татарскі біфштэкс. Зацірка. Крэм-бруле. Соўс „бэшамэль“. Раяль з сырам. Дзёнэр-кебаб. Пончыкі. Цыпляня з табакай. Вінэгрэт“. Кніга, сярод іншага, сьведчыць пра тое, што ў Габруся ўрэшце зьявіліся грошы, каб пакаштаваць усе гэтыя прысмакі. На жаль, разьдзелы „Цыцачкі па-швэдзку“ й „Жопкі па-чэску“ ў яе не ўвайшлі. Гэтак Габрусь з мастака ператварыўся ў пісьменьніка, у выніку чаго Радыё прапанавала яму сталы кантракт, а неўзабаве ў нагрузку атрымаў ад чэскіх уладаў і палітычны прытулак — паспрабуйце адмовіць такой мэдыйна вядомай асобе! Тым часам я па-ранейшаму бегаў у Хельсінскі камітэт і ўсё працягваў свой лягерны пропуск, штодня чакаючы адмовы ў „азілі“ й дэпартацыі, пакуль спадар дырэктар урэшце не пазваніў куды трэба й ня ўставіў ім там па першае чысло. Мяне легалізавалі, хоць і без асаблівай ахвоты.