Выбрать главу

Тым ня менш я быў удзячны Радыё за тое, што яно карміла й паіла мяне цэлы год, а Габрусю — што ён, як сапраўдны сябрук, ня выгнаў мяне з радыйнай кватэры, цяпер ужо выключна ягонай, пакінуўшы мяне замест пакаёўкі. Мы сталі вымушана жыць выключна зь ягонага заробку, але розьніцы ўва ўзроўні жыцьця чамусьці зусім не заўважылі — гэтак я даведаўся, што Габрусю як творцу плацяць у разы болей, чым плацілі мне. Ягоная кар’ера дык наадварот набірала абароты: у вольны ад глядзеньня порнаканалаў і „Сам сабе рэжысэра“ час ён пачаў задумваць новую, гэтым разам не кулінарную, а аўтабіяграфічную кнігу зь лёгка запамінальнаю назваю „Пуцявіна: Прымакі — Гомель — Менск — Рыга — Хельсінкі — Стакгольм — Мальмё — Капэнгаген — Гамбург — Бэрлін — Варшава — Прага“, дзе зьбіраўся выказаць пра сябе ўсю праўду-матку да самага знаёмства са мною: як і з кім вучыўся на філфаку, як рабіў з жонкаю дзяцей, як уцякаў ад беларускіх гопнікаў, як нелегальна пераходзіў па лёдзе Батанічны заліў, каб трапіць у Швэцыю, і нямецкую мяжу, каб трапіць у Чэхію, як лавіў у Прыпяці асятроў... „Габрусь“, умяшаўся я, „слухай — я табе веру, але нельга ж меру перабіраць! У Прыпяці няма асятроў!“, на што Габрусь, крыху падумаўшы, адказаў: „Пападаюцца...“

Ад лішку вольнага часу й зайздрасьці да Габрусёвых пісьменьніцкіх ляўраў я ня ведаў, куды сябе падзець. „Дык ты жывапісам займіся“, параіў мне Габрусь, „гэта ж лёгка“. „Габрусь, слухай, ну я ж ня ты...“ „Тады кніжку напішы — гэта яшчэ лягчэй“. „Ну й пра што я пісаць буду?“ „Як пра што? Пра мяне!“ „Пра цябе ты лепш сам пішы...“ „Ну, тады пра сябе“. „А што пра мяне пісаць? Я ж асятроў у Прыпяці не лавіў“. „А ты напішы пра лягер, пра сквот, усё такое... А я табе прадмоўку чыркану — у „Бібліятэцы Свабоды“ адразу выдадуць, пабачыш... “

Нягледзячы на такія пэрспэктывы, апавядаць ні пра сябе, ні пра лягер мне не хацелася, таму кніжка пісалася досыць марудна, а на пачатку дык не пісалася зусім. Я ўсё ніяк ня мог увайсьці ўва ўласную колішнюю ролю й пагадзіцца з думкай, што я нядаўні й я цяперашні — ня два розных чалавекі. За сябе-нядаўняга мне было перад сабою-цяперашнім сорамна, да таго ж пасьля звальненьня з працы пагроза зноў ператварыцца ў сябе-нядаўняга памацнела й перасьледавала мяне ў начных і дзённых кашмарах: я рабіў усё, каб пра гэта ня думаць і нават ня згадваць — а пісаць успаміны бяз згадак у мяне не выходзіла. Але ж калі Габрусь на другія ўгодкі нашага знаёмства падараваў мне сваю прадмову, шляху да адступленьня не засталося, і я, як кажуць сярод графаманаў, паступова ўвайшоў у смак: пакуль Габрусь толькі прыдумляў эпіграф да сваёй эпапеі, я ўжо неўпрыкмет сабе настрачыў у суме ажно дваццаць два разьдзелы. Што да апошняга разьдзелу, то мы з Габрусём пастанавілі гэтак: хай яго піша само жыцьцё. Дакладна на гэтым месцы Маўр ува мне умывае рукі.

12.

Я цябе спарадзіў — я цябе й заб’ю.

Solanum Tuberosum

Эх, Габрусь, дарэмна ж ты мне параіў, каб я перадаў эксклюзіўныя правы на напісаньне гэтага разьдзелу самому жыцьцю! Хто ж мог ведаць, што яно напіша яго так хутка й так бяздарна! Але што зробіш, хай ужо піша далей — у мяне самога дык не хапае словаў...

Адным словам, Габруся забілі. Прычым у самы недарэчны момант, калі ён толькі-толькі атрымаў амэрыканскую грын-карту й падаў ужо заяўку на вольнае месца, што акурат тады вызвалілася ў Радзе БНР. Вінаватая ўва ўсім была, як заўжды, воля лёсу — іначай кажучы, Габрусёвае ўласнае ну й яшчэ мясцовае чэскае разьдзяўбайства. Колькі разоў я казаў яму: зьмяні лад жыцьця! Зьнімі касуху! — не паслухаўся, бо ягоны мЕтал яму быў даражэйшы за сябе самога. Думаю, гэта перш за ўсё й выклікала той дзівацкі ланцуг непаразуменьняў, пры канцы якога Габруся вітала з абдымкамі трагічная сьмерць: ён як мастак у душы сам ішоў ёй насустрач, хай сабе й досыць хісткім ды няўпэўненым крокам. Менавіта такім крокам ён ішоў тады з працы, дзе засядзеўся да позьняй ночы, угаворваючы недапітыя калегамі пляшкі (не каб лепей дадому прынесьці!), бо была якраз пятніца — але не пасьпеў адысьціся й пары мэтраў ад Радыё, як згадаў, што зноў забыўся схадзіць адліць на дарожку. Дабегчы да найбліжэйшага бару сілаў у яго ўжо не было, а вось да найбліжэйшых кустоў — было.