Ну добра, хай сабе ён ніколі ня памятаў датаў, назваў ніводнай з шасьці прачытаных кніг, гарадоў і вуліцаў, блытаў імёны сваіх дзяцей і бацькоў — гэта ўсё я разумею, але як ён мог забыцца, што як само Радыё, так і кусты вакол яго яшчэ з часоў замаху на блізьнятаў ахоўваюцца паліцыяй з аўтаматамі! Як на бяду, у тую ноч чарга дзяжурыць каля аб’екту надышла й таму самаму паліцыянту, што калісьці затрымліваў Габруся за крадзеж. Далей цытую з пастановы суду: „Пабачыўшы ў кустах ахвяру, я загадаў ёй выйсьці і ўзьняць рукі над галавой. Ахвяра падпарадкавацца адмовілася, а замест гэтага пачала выкрыкваць нешта ў невядомай мне мове, верагодна — нейкія пагрозы. Калі ахвяра ўрэшце павярнулася да мяне тварам, я адразу пазнаў у ёй фатаробат ведамага мне па ранейшай службе злодзея-рэцыдывіста.
Сумневаў быць не магло, бо ахвяра выглядала абсалютна гэтак жа, як тады, калі я затрымліваў яе ў першы раз. У руках ахвяры была зброя, на першы погляд — вадамёт з кіслатой. Я паступіў згодна зь інструкцыіяй. Заключэньне: звольніць паручніка такога й такога з паліцэйскай службы й адправіць яго ў прыватны сэктар працаваць вышыбалам у бардэлі, сваякам ахвяры выплаціць грашовую кампэнсацыю праскай паліцыі за маральныя страты“. Такім быў неспадзяваны канец нястомнага змагара за Бацькаўшчыну й майго сябра Габруся Калоды: гэтае настолькі любае яму гультайскае, а насамрэч цынічнае жыцьцё цішком перадаручыла дапісаць гэты разьдзел не каму-небудзь, а ягонай сьмерці.
Пахавалі Габруся на тых самых могілках і каля тых самых прэзыдэнтаў БНР, імёны якіх ён з такою любоўю падмалёўваў. На магільным камяні, з гэтай нагоды задарма прыкочаным зь Беларусі адным Габрусёвым калегам-мастаком, выбілі эпітафію майго аўтарства:
„Тут спачывае шчыры беларус і мастак ГАБРУСЬ КАЛОДА,
Чалавек зь вялікім „Ч“.
Каханьне ёсьць! Жыве Беларусь!“
На само пахаваньне, арганізаванае коштам Радыё, мяне, аднак, былыя калегі не запрасілі, а замест гэтага папрасілі мяне з нашае з Габрусём хаты. Пасьля я нейкі час, ужо з афіцыйным чэскім дазволам на жыхарства, жыў на могілках, дзе на грамадзкіх пачатках даглядаў найноўшы й апошні зямны прыстанак Габруся. Цэлымі днямі я сядзеў на ягонай магіле з пакетам чырвонага віна, разглядаў сваю надзвычай удалую эпітафію й размаўляў з Габрусём, амаль як тады зь ім жа, толькі цяпер у думках: „Эх, Габрусь-Габрусь! Шчасьлівы ты чалавек: усе твае мары спраўдзіліся. I мастаком ты стаў, і на Бацькаўшчыну папрацаваў, і кніжку выдаў, і пахаваны побач з прэзыдэнтамі... I цыцачак з жопкамі ў цябе было — дай бог кожнаму! Адно што аўтабіяграфію напісаць так і не пасьпеў... Не бядуй, усё адно на месцы Радыё, дзе мы з табой працавалі, аднойчы будзе музэй. Але якая ж усё-ткі іранічная штука лёс! Тым, чым ён цябе ўзнагародзіў — тым, можна сказаць, і забіў! Прычым не тады, калі твае кавалкі маглі ў любы момант апынуцца ў праскім лесе, як было з тым беларусам-гастарбайтэрам, і не на сквоце ці ў падваротні — а бадай на самым бясьпечныім месьце сьвету і ў самыім росквіце сіл! Ну хіба гэта справядліва? Што ні кажы, няроўна доля дзеле... Вось іншаму б такі вагар, як у цябе — ён бы сьвет перавярнуў! Але ж і ты ў жыцьці нямала ім наварочаў: прынамсі, маё ўяўленьне пра нас, беларусаў, дык перавярнуў дакладна. Сьпі сабе спакойна, дарагі дружа! Спадзяюся, я цябе нічым не пакрыўдзіў, а калі пакрыўдзіў — то выбачай. I ня бойся, пра Дашу я даўно ўжо забыўся, гэтак жа як і пра твае сьмярдзючыя шкарпэткі“.
Мушу прызнацца, што пры ўсіх сваіх недахопах Габрусь быў мне ўсё-ткі як брат. Колькі ўсяго мы зь ім разам перажылі, колькі ўсяго падзялялі — нават доўгі час адной на дваіх зубачысткай карысталіся, хай і з розных канцоў... Ат, што казаць. Пасьля Габрусёвай сьмерці мне й самому жыць на сьвеце стала нудна й нецікава. Наўрад ці такое нуднае й нецікавае жыцьцё вартае вашае ўвагі, таму апавядаць пра яго я ня бачу ніякага сэнсу. Як той казаў, мастацтва пасьля Асьвенціму немагчымае. З гэтым і разьвітваюся, заўсёды ваш — Андрусь Макатоўша, упырхлік.
Сукамэрнік па духу
(пасьляслоўе)
З Андрусём Макатоўшам (чыё імя аўтар гэтых радкоў без дазволу самога носьбіта даў аднаму з герояў свайго апавяданьня „17 імгненьняў музы“) я пазнаёміўся ў сярэдзіне бурлівых 90-х гадоў у менскіх анархісцкіх колах. Мы не былі надта блізкія, пра што цяпер можна толькі шкадаваць — аднак мне назаўжды запомніліся ягоныя ўдумлівыя мэлянхалічныя вочы, што выдавалі такі натуральны ў яго недавер да іншых і няўмольнае прадчуваньне ўласнага выгнаньніцкага лёсу. Цягам адной зь дзьвюх ягоных пяцідзённых акрэсьцінскіх адсідак я меў гонар быць ягоным суседам па камэры. Ужо тады Андрусь з раніцы да вечара разважаў уголас пра тое, якім шляхам будзе найлепей пакінуць турму, пад якой ён меў на ўвазе нават не Акрэсьціна, а ўсю краіну. Менавіта гэты намер і стаў галоўнай прычынай, зь якой ён зацікавіўся ня толькі анархізмам, але й беларускімі народнымі танцамі. Неўзабаве пасьля вяртаньня ягонага ансамблю з замежных гастроляў у Менск мы даведаліся, што Андрусь зьнік — верагодна, застаўся ў Чэхіі. З таго часу нашая анархісцкая групоўка „Чырвоны Жонд“, у тым ліку й на просьбу Андрусёвых сваякоў, некалькі разоў спрабавала выйсьці зь ім на сувязь праз чэскіх таварышаў — безвынікова. Урэшце, было пастаноўлена адправіць на пошукі Андруся мяне. Тыя з самага пачатку былі блытанымі й няпростымі: амаль ніхто зь ягоных тутэйшых знаёмых, перадусім зь беларускага асяродзьдзя, нічога ня ведаў пра сучаснае месца знаходжаньня Андруся. Толькі адзін з супрацоўнікаў радыё „Свабода“, які прасіў не называць ягонага імя, здолеў прыгадаць, што недзе перад самым Андрусёвым зьнікненьнем атрымаў ад яго зь цяпер ужо ня існага адрасу электроннай пошты файл з малазразумелай назвай „Упырхлікі“, якога з таго часу так і не адкрыў, прыняўшы за спам...