Выбрать главу

Недзе на самым пачатку другога курсу да мяне ў інтэрнат прыбег мой сябар Вітаўт (якога насамрэч звалі Гена), пабудзіў мяне й пачаў клікаць на плошчу ў сьведкі нейкага жахлівага генацыду — маўляў, усе „нашыя“ ўжо там. Каб я ведаў, што такое генацыд, то не хадзіў бы.

Аказалася, паводле вынікаў нейкага ці то ахвярэндуму, ці то лесьбісцыту з фасаду будынку ўраду (а мо й парлямэнту, я ж ня менскі) скінулі віленскага каняку, а ў дадатак яшчэ нейкі невядомы мне мастак-пэрформэр залез на страху й пачаў усім падпісвацца на стужках, бы на вы­пускным, толькі стужкі былі зь беларускага дзяржаўнага сьцягу. Міліцыя, як заўжды, ні ў што не мяшалася, нягледзячы на выяву такога ж канякі на фуражках. Гэта мяне абурыла: „Мужык,“ крычу, „ты шо робіш? Апупеў? Карлсанам задзелаўся? Ты ж без страхоўкі! Яшчэ грымнесься ўніз — турыст, маць яго, знайшоўся...“ Я спадзяваўся, што маю актыўную пазыцыю ў гэтым пытаньні заўважаць перадусім дзяўчаты — але яе заўважылі перадусім мянты. Гэтак я ў першы раз у сваім студэнцкім жыцьці трапіў на суткі. Пасьля гэтага ўжо й дзяўчаты мяне заўважылі: на спатканьні да мяне ў прыёмнік пачаргова хадзілі ўсе тры прыгажуні. Тыдзень праляцеў як вада з цукрам — умовы ў прыёмніку ў параўнаньні з нашым сіроцкім дзіцячым садком былі ня самыя горшыя.

Выйшаў я з сутак закарэлым і закаранелым ворагам дзейнага ладу. Да канца другога курсу я на знак салідарнасьці з апазыцыяй не выходзіў з запою — за гэты час у мяне настолькі адрасьлі валасы, што дзед з бабай і дзядзькам не пазналі мяне, калі я прыехаў на вёску на вакацыі. Бабця абвясьціла мяне „анціхрыстам“, а дзядуля ганяўся за мною па двары з нажом і намерам адрэзаць мой конскі хвост. I толькі дзядзька нешта бубнеў пад вусы кшталту „Усе мы былі маладыя й дурныя“ (хаця хадзіць са мною ў грамадзкую лазьню пасьля й пасаромеўся). Свой конскі гонар мне ўдалося-такі ад дзеда ўбараніць. Калі, вярнуўшыся з вакацый, я трапіў на першы ў новым сэмэстры апазыцыйны мітынг, мяне адразу ж прыкмеціла купка маладых людзей падобнай да мяне зьнешнасьці, і самы цьвярозы зь іх тут жа падышоў да мяне і спытаўся: „Гэй, хлопча, ты часам не анархіст?“ Згадаўшы бабціну абзывалку, я ўзрадаваўся: бабуля зноў мела рацыю! Гэтак я пазнаёміўся зь яшчэ адной катэгорыяй прасунутай моладзі, якая неўзабаве навучыла мяне курыць (бо піць я ўжо ўмеў дагэтуль, дзякуючы сваім сябрам-псэўдавяскоўцам).

Ад новых сяброў-анціхрыстаў я даведаўся жахлівыя рэчы: ня толькі тое, што мы ўсе ад нараджэньня жывем у злачыннай рэпрэсіўнай сыстэме, але й што раскіданыя кавалкі зубровага цела цяпер зноў спрабуюць сшыць разам, каб зрабіць зь яго гэткага зьвярынага вітгенштайна, страшнага бязьлітаснага монстра, у параўнаньні зь якім колішні жывы зубр быў проста ўвасабленьнем рахманасьці й чалавекалюбства. Пры ўсёй маёй любові да скаціны гэты намер здаваўся мне негуманным. Карацей кажучы, анархісты напалохалі мяне да ўсёру. Ад іх жа я ўпершыню пачуў слова „эміграцыя“ і пачаў сур’ёзна над ім задумвацца — перадусім над тым, што яно ўласна азначае.

Між тым ува ўнівэрсытэце маё становішча пагаршалася: каб заняць чымсьці хлапцоў майго веку, для іх стварылі вайсковую катэдру. На першай жа шыхтоўцы палкоўнік Кастамалоцкі, зьмераўшы поглядам даўжыню маіх валасоў, сказаў, што ў мяне невайсковае мысьленьне, таму такім, як я, дарога адразу ў войска (у гэтай фразе ён, як той яшчэ підагог, тут жа й падаў наглядны прыклад вайсковага мысьленьня). Маўляў, навошта я хачу быць афіцэрам? Я такі — ну, хачу памерці за Радзіму (Не, ну праўда, раз нашая Радзіма цяпер — Беларусь). А ён: Радзіме патрэбныя шарагоўцы! Тады я, абы толькі ня быць шарагоўцам, якім у нашым войску яшчэ да пачатку баёў пагражае верная сьмерць, папрасіўся адразу ў камікадзэ — на што палкоўнік Кастамалоцкі параіў мне сьпярша пастрыгчыся, а тады, маўляў, і пагаворым. Больш мяне на вайсковай катэдры ня бачылі: анархісцкі гонар не дазволіў мне разьвітацца з маім хаерам.