Выбрать главу

Прасторы ранішнія ня былі званістыя,

рэха ня несла далёка адгалоскаў.

Шамцела. Раслінам не перапалох

ад ветру скратнага,

бы мушлі высапаныя із прыгоршняў.

Адам

Ня ведаю, як будзе доўга

маё жыцьцё цягнуцца ў маім целе.

Ужо тыдзень (дні лічыць я навучыўся),

хаджу да мора слухаць хвалі,

і для яды зьбіраць

на бераг вымытыя мушлі.

На камень сеўшы адпачыць,

цяпер ня чую шум анёльскіх крылаў.

Адно мора плюскочыць каля ног,

іх сьцюдзяніць, як зямля карэньне…

хачу я гутарыць із сабой,

слаць вітаньні абы каму за небакрай:

ці Богу, ці нябачнай дзесьці далёкай хвалі.

Хачу ў пуцявіну мора апусьціцца,

каб знайсьці адгукі мае гамонкі…

Па ўзьбярэжжы (ніколі мне ня думалася)

сьцелецца прывольле, што працы просіць.

Дыханьнем глыбокім яго хвалюе неба,

пра якое я маўчаў калісьці…

Душу кранаю думкамі й развагамі,

ад іх, мой Божа, не адступлю напэўна.

Ня быўшы маленцам (ранейшае, здаецца, перажыта),

я ўжо скараюся жыцью й спадзеву іншаму…

Адзінотны — я. Мне помач, Божа, трэба.

Неаднойчы Цябе я патурбую просьбай

з вуснаў грэшных, але набожна шчырых.

Павер:

душа мая ня ўсім убралася,

што пакінуў тут на зямлі вялікай.

У кажнай сьцені дрэва,

побач нат зы мной,

я падслухоўваю ціхату Тваю,

але помач толькі:

— Адам, Адам,

разважай,

хвалюйся.

Схаваўся голас мой у грудзях морскіх…

Заходам сонца (так было калісьці)

ня чую гімнаў Боскіх.

Як і раней, я перад Табой укленчаны,

але мальбе цяперашняй словаў не стае.

Не стане мне райскіх кволасьцяў ды радасьцяў,

каб імі пахваліць Цябе

за дайнасьці штодзённыя.

Я чую гутарку сваю —

яна суродзіч маіх пачуцьцяў няўветных.

І думкі яны, як-бы кручаліны,

схаваныя ў заросьнях.

Але за імі падкрадлівы іду

ступаньнем першым першага чалавека.

Калі толькі гутаркай ды думкамі адолею

я асягнуць і час і быцьцё зямное,

ракой прыплыўнай буду поўніць мора

жыцьця вускрослага із цудамі патаёмнымі,

не векавіста бязьіменнымі…

(зноў пачынае зьбіраць мушлі)

Ева (у воддалі, каля пачоры)

Шкада цябе Адам і, радая,

тваё імё я ведаю…

Ты высішся над морам,

здаецца мне, і хмарай і скалаю,

твой пот ад працы сьцячэ у мора кроплямі

расінаў ці дажджу…

Адам, Адам! — вось зарас я паклічу.

Мой голас паляціць між небам ды зямлёй.

І вушы

ягоныя і мае

пачуюць рэха нябывалых скрыкаў…

Ён упяршыню адыходзіць ад мяне.

Ніколі ён ня клікаў: — Ева! Ева!

Ніколі ня шукала я, называючы яго:

Адам! Адам — дзе ты?

Ён быў раней заўсёды побач.

Як ён уважліва перабірае мушлі,

абмывае іх ад твані й пяшчынаў.

Мілей, чым хвалі мора

на галаве яго валосьсе

кудлочыць вецер.

Ён цяпер увесь у працы,

ён увесь у схове недадумнасьцяў,

на ляжаньне райскае забыўся…

Адам (заўважыўшы Еву, голасна да яе)

Хадзе сюды!

Ева (ідзе да Адама, голасна таксама)

Сваю працу

я скончыла даўно.

(Адам кідае прыгаршню мушляў у мора,

ідзе на сустрач)

Ева (абнімаючы яго)

За табою зводдалькі назірала я…

Хачу цябе, як сонца асьвяціць.

Мой кажны дадатак да цябе —

пешча Боская,

што часіну кажную надуманы уцячы

з маіх рук

гэтак, гэтак чуткіх…

Адам

Ева, ты, як дрэва тонкае

пад подзьмухам ветраным…

Ева

Адам… ты карэньне дрэва гэтага.

…чую, чую усім сэрцам

растуць яны у целе маім.

Адам

Нашым пешчам тыдзень ужо мінуў,

але тым сорамам,

і страхам

цьвялюся я…

Ева

Бог сказаў нам свой прысуд,

і нам засталося маўчаць прад Ім заўсёды.

Хвалі за міласьць: да самай сьмерці,

на зямлі пакінуў Адама і Еву.

Адам

Ева-а!

Сваволіш ты ад радасьці невядомай!..

Ты большыш, большыш грэх!…

Ева, можа сяньня ці мо заўтра,

адчую я, што ня знаў ніколі,

ідучы бяз мальбы, ці раніцай, ці ночай,

між зьвяроў цяпер хіжацкіх,

між шчабятаньняў шматпеўным птушак

што гнёзды віць пачалі ў скоймах скал,

у затулах недаступных.