Недзе ў мяне за спіною на вечар хілілася сонца і дагарала ў вокнах крайніх хат нашай вёскі, а на грудку за вёскаю, там, дзе было нашае поле, дзе мая мама капала бульбу, мігцела шкельца. Да мяне цягнуліся і рваліся, ніклі і зноў, успыхнуўшы, туга трымцелі тонка-бліскучыя праменні.
Папалуднаваўшы дома, я ішоў на тыя грудкі памагаць маме падносіць кошыкі з бульбай і ссыпаць. Сонца ўжо не было — толькі там, за мястэчкам, дзе яно схавалася, светла чырванела неба. Выразна цямнела над мястэчкам высокая вадакачка. А пасля неба рабілася карычнева-фіялетавае. Мы з мамай сядзелі на мяшках і чакалі падводу.
— Будзе калгас, то ўсім будзе аднолькава… казала мама, і цёмныя патрэсканыя рукі яе ляжалі на прыполе. — А то за калодзеж — адрабляй, за каня — адрабляй…
У нашай вёсцы ўжо гаварылі пра калгасы, і кожнае суботы ціхім чэрствым вечарам, спатыкаючыся ўпоцемку на вуліцы, узбіваючыся на платы, па вёсцы хадзіў старшыня сельсавета і разам з ім, расслабіўшы цёплыя хусткі, настаўніцы з нашае школы.
Аднойчы ў нашую хату старшыня прыйшоў з дырэктарам школы і Чаславай Карлаўнай.
— А-а, стары знаёмы, — сказала Часлава Карлаўна, мусіць, з радасцю, што ўбачыла мяне. Я сядзеў за сталом — якраз адрабляў урокі.
Я засаромеўся і схаваў пад лаўку босыя ногі. Мама засаромелася таксама — пачырванела і пачала спешна прыбіраць у хаце.
— Нічога, нічога, хадзяйка… — Старшыня агледзеў нашу хату, і вочы яго спыніліся недзе на сцяне, на мамінай яшчэ дзявочай павялічанай фатаграфіі. — Ну, дык як нашчот калгаса, хадзяйка?..
— Як усе добрыя людзі, так і я. — Мама змахнула фартухом з услона. — Во садзіцеся… А я вам скажу, якая з мяне калгасніца… Няхай во багацейшыя — у іх коні ёсцека.
Настаўніца і дырэктар школы таксама разглядалі маміну фатаграфію — мама там яшчэ была прыгожая.
Часлава Карлаўна падышла да стала — лёгкім ветрам дыхнуў на мяне светлы пах яе духоў, і ў мяне, здаецца, закружылася галава.
— Ты рашыў задачу? Помні — яна з двума невядомымі. — Вочы ў яе былі цёмныя і ціха мільгалі.
— Ага…
Яна абняла мяне адною рукою, і на тонкім пярсцёнку ў яе бэзавым святлом мільгануў каменьчык. Я стаіўся ад нечаканага шчасця, з памяці зноў выплылі тыя дзіўныя словы: «I спраўдзіцца воля твая, і прыйдзе шчасце тваё…»
— А як з пастаўкаю? Нябось, слаба, га? — старшыня гаварыў ужо недзе з сенцаў. — Дык думай пра калгас, хадзяйка.
— Што ж… Я ўжо ні першая ні апошняя, — сказала мама, стоячы каля дзвярэй.
За старшынёю выйшла настаўніца. Дырэктар школы працягнуў з сенцаў руку. Часлава Карлаўна ўзялася за яе і асцярожна ступіла за парог. У сенцах, мусіць, на нешта спатыкнулася — залілася смехам. Зарагатаў дырэктар школы, і яны доўга чамусьці шукалі клямку.
У той вечар маме не спалася: яна гаварыла пра вайну, пра калгасы, а я драмаў пад гэтую гаворку, успамінаючы цёмныя вочы Чаславы Карлаўны, яе прыгожы твар і тонкі пярсцёнак з бэзавым каменьчыкам. I ноччу яе сніў. Мы хадзілі з ёю за рэчку ў карычнева-сіняваты голы алешнік, што пах ветрам і сырым холадам шэрае восені, зграбаць лісце. Набіралі яго поўныя дзяружкі і неслі дадому на подсціл карове, як неслі з мамай, па гнуткай кладцы, праз чужыя падворкі, — і з дзяружкі ў Чаславы Карлаўны ўсё падала мне пад ногі зрудзелае альховае лісце. Я ішоў па гэтым лісці — яно чуйна і мякка шапацела пад нагамі. Назаўтра мне ўспамінаўся гэты сон. А Часлава Карлаўна ўвайшла ў клас па-новаму прыгожая, іншая, чым у той вечар, — у шэрай куртачцы з пазалочаным замочкам, у просценькай спадніцы, у гумовых бліскучых ботах, завязаўшы пад бараду выцвілую празрыстую касынку, — і выдавала зусім маладою, жваваю, як дзесяцікласніца.