Выбрать главу

— Ой, я ж забыўся, тэлефонная размова ў мяне заказана, — схлусіў ён.

Боль, хаця і паменшаў, але не сціхаў усю ноч. «Нічога, часовае абвастрэнне, — супакойваў сябе Атрошчанка. — Марына ж Панцеляймонаўна папярэджвала, што ў працэсе лячэння бывае такое. Ці, можа, гэтай гаючай вадзіцы «Друскінінкай» мала жлукціў? Заўтра ўжо нап’юся дык нап’юся — хоць напаследак.

Раніцай ён як ні трушком пашыбаваў да бювета. У бювеце зіркнуў туды-сюды. I пачуў салодкі голас:

— Зараз, любы, я нап’юся і прагуляемся перад снеданнем у благадатнай лясной гасподзе.

КВАТЭРА ДЗЕДА

Андрэй Максімавіч Дзед пісаў раман. Думкі яго цяклі складна, радкі клаліся на паперу роўна, вобраз галоўнага героя вымалёўваўся выразна.

Раптам творчую цішыню кабінета парушыў тэлефонны званок. Андрэй Максімавіч зняў трубку і пачуў звонкі дзявочы голас:

— Алё! Гэта кватэра Дзеда? Паклічце Вадзіка.

Бровы Андрэя Максімавіча незадаволена ўскінуліся ўгору, але ён стрымаўся і спакойна прамовіў:

— Ніякага Вадзіка тут няма, вы памыліліся, даражэнькая.

Ці не мінуту Андрэй Максімавіч сядзеў нерухома. Званок перабіў думку, трэба было засяродзіцца. А калі ён, нарэшце, узяў самапіску, зноў азваўся тэлефон.

— Алё! Гэта кватэра Дзеда? — бадзёра пачулася ў трубцы.

Андрэя Максімавіча быццам ударыла токам. Але ён зноў пераадолеў сябе і, нечакана ўсміхнуўшыся, адказаў:

— Гэта кватэра ўнука.

— А-а, Вадзік! Гэта ты? Я цябе пазнала, хоць ты і змяніў голас,— зашчабятала трубка.— Дзе сустрэнемся? Каля кінатэатра? Як заўсёды ў восем? Ну, чаго ты маўчыш? Маўчанне — знак згоды, так?

Ён ужо шкадаваў, што пажартаваў, але як нейкі чорт цягнуў яго за язык — Андрэй Максімавіч паволі, нібы падымаючы штангу, сіпеў:

— Не Вадзік я — Андрэй. Ты чуеш — Андрэй. Але я згодзен: у восем гадзін каля кінатэатра. Толькі ты не звані мне больш, дай магчымасць папрацаваць. Чуеш?..

Дзяўчына ўздыхнула, нейкую секунду памаўчала, потым зноў заверашчала:

— Алё! Што вы, жартуеце? Паклічце Вадзіка!

На большае Андрэя Максімавіча не хапіла — ён рэзка кінуў трубку на рычагі.

Рэдкія буйныя сцяжынкі біліся ў шыбы. Ён зняможана адкінуўся на спінку крэсла і, нерухомымі вачамі пазіраючы ў акно, пачаў шнарыць у кішэнях, шукаючы валідолу.

Наступны званок перашкодзіў Андрэю Максімавічу палячыцца. Таблетка валідолу выслізнула з пальцаў у той момант, калі ён падносіў яе да роту.

— Алё! Колькі вас прасіць — паклічце Вадзіка!

— Паслухайце, вы нармальны чалавек ці не? — вырвалася ў Андрэя Максімавіча.

— А вы? — адгукнулася трубка.

Яму нясцерпна захацелася аблаяць яе, але сілы на гэта не было і ён адно разгублена сказаў:

— Я нармальны.

— Тады паклічце Вадзіка.

— Не-не, я ненармальны! — не сваім голасам, танклява заверашчаў Андрэй Максімавіч.— Ненармальны я

— Яно і відаць! — пачулася ў трубцы. — Але хопіць дурыць, мне ўжо набрыдла. Дайце трубку Вадзіку.

— Дык яго ж дома няма! Ён у замежнай камандзіроўцы. Вернецца праа год! — як бы ратуючыся ад нечага, закрычаў Андрэй Максімавіч.

— То навошта было мне галаву тлуміць? 3 вамі пагаварыўшы, сапраўды ненармалыіым станеш.— Дзяўчына ўздыхнула і прымірэнча дадала: — Ну, добра, я буду пазвоньваць, можа, джынсы мне прывязе…

У Андрэя Максімавіча дробна заклацалі зубы. Ён схапіў самапіску і на аркушы, на якім была пазначана трынаццатая старонка рукапісу рамана, напісаў: «Аб’ява! Мяняю трохпакаёвую кватэру. Можна ў любым раёне, на любым паверсе. Можна з вокнамі на вуліцу. Толькі без тэлефона».

МАРГАРЫТКА-КВЕТАЧКА

Іван Сідаравіч, разамлелы, расслаблены, увайшоў у вестыбюль санаторыя. Ён толькі што прыняў мацэсцінскую ванну, яму патрэбен быў спакой. Але яго вельмі пацягнула да століка каля акна.

I прадчунанне спраўдзілася: на століку ляжала доўгачаканае пісьмо. Іван Сідаравіч таропка надарваў канверт, разгарнуў бялюткі аркуш і пабег вачамі па ломкіх радках.

«Шлю сардэчнае прывітанне і з нецярпеннем чакаю дамоў,— шапталі яго вусны. Ён задаволена ўсміхнуўся і чытаў далей: — А пакуль ты там, даю табе, любы, наказ: не шкадуй грошай, купляй і еж усё, што душа пажадае. Ты ж — на курорце. За мяне, Іванка, не турбуйся. У мяне ўсё ёсць, мне нічога не трэба. А калі ўжо… Дык хіба толькі шапачку. Беленькую, варсістую. Ну, можа, яшчэ складны японскі парасон. А болей… Хоць — не, калі хустка пуховая трапіцца, дык ты ўжо не паскупіся, абрадуй сваю верную жонку…