Выбрать главу

Я от пішу і тут жа падумала: што табе там, на курорце, рабіць? Не за чарцёжнай дошкай гарбееш з ранку да вечара. У магазіны часцей заглядвай, магчыма, натрапіш на што цікавае. Толькі будзь кемлівы, з густам выбірай. А то прывязеш не сукенку, а балахон які зрэбны… Пастарайся для сваёй Маргарыткі кветачкі. Ага, ледзь не забылася: пад крымпленавы касцюм блузка мне патрэбна. Колеру марской хвалі. Як мае вочы. Нашы бабы пазелянелі б ад зайздрасці.

Ну, хопіць пра гэта. Адпачывай весела, шануй сябе. Ні аб чым не турбуйся. Не куры: курыва і для здароўя шкоднае, і для кішэні. Палашчы горла марской вадой. Будзь, Іван, заўсёды ў людзей на вачах. Не ацірайся абы-дзе. Гэта я табе кажу, твая верная палавінка».

Іван Сідаравіч уздыхнуў, сцепануў плячамі.

«Вось і ўсё збольшага,— шэптам дачытваў ён пісьмо. — Ну і суседзям нешта трэба ж прывезці. Ддя прыстойнасці. Прывязі паштовак з пейзажамі Каўказа, марскіх каменьчыкаў — яны такія прыгожыя бываюць. Не палянуйся, пашукай. А мне яшчэ прывязі махеравы джэмпер і лайкавыя пальчаткі, калі будуць, купі. Там гэта ўсё бывае.

Ну, да сустрэчы. Твая Маргарытка-кветачка».

— А скулу ты, Маргарытка-кветачка, не хочаш? — сіпла, з прыдыхам, вырвалася ў Івана Сідаравіча.— Такую зеленаватую, пад колер тваіх вачэй.

Ён утаропіўся нерухомым і халодным позіркам у сцяну. 3 хвіліну сядзеў як адзервянелы. Потым, нешта ўспомніўшы, таропка крануўся рукою кучаравай чупрыны. У галаве прамільгнула думка: «магазіны, цікава, ужо адчынены ці не?»

3 таго часу Іван Сідаравіч цэлымі днямі прападаў у горадзе. Вечарамі ён бавіў час на лаўцы пад разгалістай чынарай у ціхай скрушлівай самоце. 3 танцавальнай пляцоўкі плыла мяккая чароўная музыка. За паркам велічна, спакойна шумеў марскі прыбой. Іван Сідаравіч у адказ на нейкія свае цяжкія змрочныя думкі гаварыў сабе: «Нічога, нічога, будзе і на маёй вуліцы свята».

Дадому Іван Сідаравіч прыехаў не дужа загарэлы, але бадзёры і вясёлы. Жонка сустрэла яго абдымкамі. Ад дзвярэй да канапы паднесла чамадан.

— I чым ты так напакаваў яго? Ледзь руку не адарваў. — Уважліва зірнула на мужа.— А сам ты дужа радасны нейкі. Можа, там як той певень, крылом чырыў?

— У жыцці ўсё бывае,— усміхнуўся Іван Сідаравіч, а сам падумаў: «Пачакай, галубка, зараз пагляджу, як ты са злосці пасінееш, як пакажу ўсё гэта!»

Адкрыўшы чамадан, Іван Сідаравіч пачаў выкладваць на канапу рэчы: пуховую хустку, крымпленавую сукенку, кофту — зеленаватую, колеру марской хвалі… Жонка схапіла кофту, прыклала да грудзей.

— Вой, якая прыгожая! — усклікнула.— Акурат, Іванка, пад колер маіх вачэй!

— Але ж гэта не табе.— Іван Сідаравіч выпнуў грудзі.— Гэта свякрусе тваёй, а маёй маці, значыцца.

— Што?! — Жонка звузіла вочы, як рысь перад скачком.— Ты ўпэўнены, Іван, што здаровы? Дык глядзі, каб табе ў гэтых сценах чадна не стала.

Іван Сідаравіч дакрануўся пальцамі да лоба — ён стаў гарачы, як прас. У галаве бліснула маланкай: «Не здамся, не».

— Ад чароўнага водару Маргарыткі-кветачкі? — Ён зашамацеў нечым у чамадане.— А гэта, мая жонка, табе!

На туалетны столік пасыпаліся пярэстыя, адшліфаваныя прыбоем каменьчыкі.

Усё, што здарылася далей, было для Івана Сідаравіча нібыта у казцы. Жонка горача абхапіла яго за шыю і цмокнула ў вусны. Ды так, што ажно рэхам азвалася ва ўсіх кутках. Потым адхінулася, глянула ў вочы:

— Люблю сапраўдных мужчын. А ты, Іванка, аказваецца, сапраўдны мужчына! 3 характарам!

Ён як стаяў, так і плюхнуўся на канапу. 3 разяўленым ротам, быццам яму не хапала паветра.

— Ну во, нарэшце ты зразумела мяне… Даруй, Маргарытка. Бяры ўсё… Хай усё будзе табе, калі ты такая…

НА ЛЫЖНІ

Калі б не сусед, не спазнаць бы Барысу Мітрафанавічу таго ні з чым непараўнанага хараства і салодкага «буянства пачуццяў».

— От пацешымся ўволю на прыродзе — такую ўзнёсласць адчуеш, такі бадзёры станеш! — даводзіў сусед.— А то паглядзі, які ты ў свае трыццаць пяць!.. Як тумба, на якой афішы наклейваюць. На прыродзе, братка, і здорава, і хораша.

— Ага, па тэлевізару вунь паказвалі — прыгожа! — пагадзіўся Барыс Мітрафанавіч.— Так і быць, паедзем.

Такім чынам сябры зрабілі вылазку «на прыроду».

Лыжня праходзіла па ўзлеску. Снег блішчэў на сонцы безліччу зыркіх іскраў. Паветра было — што той лячэбны бальзам: пі — не нап’ешся… Сусед ужо дзесьці за пагоркам схаваўся — быццам ветрам яго падхапіла,— а Барыс Мітрафанавіч не спяшаўся. Хіба, несучыся як на скрут галавы, нацешышся гэтым казачным дзівам? Вунь як лагодненька, рамантычна рыпіць пад лыжамі снег!..

На павароце яго абагнаў таўстун у пыжыкавай шапцы з апушчанымі вушамі. «От гэта ўхабака, баіцца, што змерзне,— пакпіў з яго Барыс Мітрафанавіч.— Бяжы, выжыльвайся, а я так: цішэй едзеш — далей будзеш».