Праз колькі метраў другі лыжнік пырскнуў на яго снегам. Потым яшчэ і яшчэ… «Дык гэта што ж, я апошні буду?» Барыс Мітрафанавіч адчуў, як штосьці тоненька ўкалола яго ўсярэдзіне.
Калі зноў пачуў за спіной звон лыжаў, прышпарыў хаду. Не рвануў, а так, спакваля. Падумаў: «Хай толькі пачне абганяць, тады можна будзе і напружыцца, і сігануць, каб ажно вецер у вушах засвістаў».
Пасля першага курса Барыс Мітрафанавіч вырашыў, як гэта многія рабілі, адпачыць. Спыніўся пад каржакаватым дубам, глыбока ўдыхнуў носам марознае паветра. I толькі памкнуўся быў азірнуцца, ці далёка адарваўся ад таго, хто ішоў следам, як міма яго жанчына ў блакітнай куртачцы — шась!
— Малады чалавек, даганяйце!
«Гэта яна мне?» — бліскавіцай зіхнула ў Барыса Мітрафанавіча ў галаве. А ногі тым часам, нібы ў іх допінг які ўпырснулі, напружыліся, сіганулі ўслед за кабетай. Нават асцярога, якая затым пеканула ў душы — «А што як Рыгораўна мая даведаецца?», — не стрымала іх. «Бач — малады чалавек!..»
Свістаў у вушах вецер, мільгалі, прытанцоўвалі па баках дрэвы, а Барыс Мітрафанавіч усё набіраў хуткасць — яго ўсё больш ахопліваў спартыўны азарт. «Не, дарагуша, ад мяне не ўцячэш, не такіх даганяў»,— паўтараў ён ў думках, не адрываючы позірку ад блакітнай куртачкі.
Нарэшце ён спыніўся. Непаслухмянай ад стомы рукою зняў шапку. 3 узмакрэлай галавы, як дым з коміна ў бязветранае надвор’е, стаўбунком заклубілася пара.
— Ну, заяц, пачакай! — усклікнуў Барыс Мітрафанавіч з роспаччу ў голасе, гледзячы на блакітную куртачку, якая знікала ў зіхоткай далечыні.— Усё роўна даганю, от толькі патрэніруюся!
НАТХНЕННЕ
Рэжысёр Алалонаў-Громаў, мажны грывасты мацак з чатырохвугольным падбародкам, гневаўся.
— Ну, што вы сабе думаеце, Мацейкін? — гуў ён глухаватым барытонам.— Перад вамі ваш антыпод, бюракрат Гарбылюк. Вось ён, даруйце, на адлегласці пляўка. А як вы размаўляеце з ім? «Сю-сю-сю!» — перадражніў ён Мацейкіна, скрывіўшы вусны.— Дзе ваша ваяўнічая непрымірымасць, пытаю я ў вас? Дзе агонь высакароднай пагарды ў вострых пагардлівых вачах? Даруйце, няўклюда вы, Мацейкін. Паўтарыць! Усё спачатку!
Мацейкіну захацелася заплакаць ад крыўды. Але ён рашуча наважыўся не паддавацца роспачы. Падбадзёрыўся, выпнуў грудзі.
Апалонаў-Громаў падаў каманду:
— Матор!
— Ты, Гарбылюк, плесень у нашым грамадстве, ты накіп…
— Ой-ой-ой! — схапіўся за галаву Апалонаў-Громаў.— Зноў пайшло-паехала. Голас! Такім жа голасам толькі на хаўтурах спачуванні выказваць. Перад вамі біч нашага абноўленага грамадства — плод старой бюракратычнай сістэмы. Ён жа нахабнік, грубіян, хам… Хіба з ім так трэба размаўляць? Яго трэба ашарашыць, аглушыць магутным словам, каб аж тыя пукатыя вочы на лоб палезлі. Пераўвасабляйцеся, Мацейкін, ужывайцеся ў вобраз. I як мне вас натхніць на гарачы парыў?
У Мацейкіна тарганулася галава, быццам ён хацеў некага баднуць.
— Ты… ты плесень, Гарбылюк, у нашым грамадстве, ты накіп… — выпаліў ён адным духам.
— Хопіць! Сіл маіх больш нестае… — Апалонаў-Громаў люта перайшоў на «ты».— Доўга ты яшчэ будзеш псаваць мне гемаглабін, бездар?
Мацейкін тузануўся ўсёй сваёй доўгай постаццю, узмахнуў рукой, як нябачнай шабляй секануў паветра.
— Матор! — сам падаў каманду. Потым грымнуў свой маналог.— Ты плесень у нашым грамадстве, ты накіп… ты… Доўга ты, хам, нахабнік, будзеш мне гемаглабін псаваць? Доўга будзеш жылы цягнуць, грубіян ты гэткі?
Апалонаў-Громаў расцвіў: за адзін момант пераўвасобіцца так — ну, талент!:. Але ж яго трэба было ўмела стымуляваць! Натхніць!
Гнеўныя словы Мацейкіна груканулі перуном, вочы гарэлі знішчальным агнем.
— Цяпер здорава. Маладзец, Мацейкін! Так яго, басурмана! у хвост і ў грыву, у пячонку і ў селязёнку!.. Але… — Раптам Апалонаў-Громаў спалатнеў, як стаяў, так і плюхнуўся ўсёй сваёй масіўнай глыбай на партатыўнае крэсельца.— Але чаму вы, Мацейкін?.. Чаму на мяне пазіраеце? — Ён махнуў рукой і ўпалым голасам сам сабе адказаў: — Натхніў…
СМЕШНАЯ КІНАКАМЕДЫЯ
Апанас Мартынавіч быў не ў настроі: бухгалтар Ціхан Храмянкоў, папяровая яго душа, абрэзаў у шахматы, настукаў яму матаў. А тут, ліха на яго, жонка прыстае: поўдзем у кіно. Ды якраз трэба ж — па тэлевізары футбол. Вось што глядзець! Але паспрабуй адмовіць ёй… Сказала — як па душы кіпцюрамі прайшлася:
— Можа 6 ужо і абначыўся на сваёй рабоце?.. А людзі ў кіно жонак запрашаюць, камедыю глядзець.
«Во каб яшчэ ведала, што ў шахматы рэзаўся!» — жахліва думаў Апанас Мартынавіч і наўзахапкі бараніўся: гадавы ж баланс з Ціханам састаўлялі… Я, як эканаміст, кансультаваў яго.