Потым, павязваючы перад люстэркам новы гальштук, ён пераконваў сябе: «Можа, яно якраз і добра, што ў кіно пойдзем. Што калі «Спартаку» будзе, як мне сёння ў шахматы? Душа сатлее. А камедыю пагляджу — пасмяюся, сум адвяду».
Але ў кіно Апанасу Мартынавічу яшчэ больш моташна стала. Галоўны герой аж выпінаўся, каб смешна было, а ў зале — нуда-нудота. Сумна, як было на мінулым прафсаюзным сходзе, на якім Ціхан Храмянкоў у прэзідыуме задрамаў.
«Чаго ён крыўляецца? — аж скрыгатаў зубамі Апанас Мартынавіч. — Недзе там «Спартак» галы забівае, а ты тут кісні, гледзячы гэтую лухту…»
— Дык чаго не рагочаш? — з’едліва шапнуў ён жонцы. — Камедыю ж глядзіш.
Жонка зірнула на яго, усміхнулася — відаць, падумала: дзяцінее сівы дурань.
А ён ужо не ведаў сутрыму: гэта ж так уляцець у дурноту! Во яна, камедыя…
Кацярына Мікалаеўна, мусіць, нейкім падсвядомым чуццём улавіла яго настрой. Калі камедыянт, каб абсушыцца, пусціўся ў скокі вакол кастра і запэцкаўся сажай, яна пляснула далонямі:
— Паглянь, Апанаска, як арыгінальна, паглянь! — I закацілася прытворным рогатам.
«Няўжо ёй і сапраўды смешна з гэтых прымітыўных выхадак? — збянтэжыўся Апанас Мартынавіч.
— Ты, Кацярына, — як у тым анекдоце…
— О, яны анекдоты шпараць! — крутнуўся да іх Ціхан Храмянкоў, які сядзеў паперадзе. — А мяне як прымарозіла.
— Дык ты варушы ноздрамі на вецер, — параіў яму сусед.
— От я і кажу, — забухаў, нібы ў бочку, Ціхан. — Паслухай, братка, свежанькі — хо-хо-хо… Развешвае Ігнат партрэты дзяржаўных кіраўнікоў перад святам, да яго падыходзіць Кірыла і пытае: «А гэтага дурня навошта ты павесіў?» «Каторага?» — перапытвае Ігнат…
— Ха-ха-ха! — закацілася рогатам Кацярына Мікалаеўна.
— Кхе-кхе-кхе! — закудахтаў Апанас Мартынавіч.
Ціханаў сусед тым часам расказаў анекдот далей, і па блізкіх радах хвалямі пакаціўся смяшок. А неўзабаве Апанас Мартынавіч ужо не чуў, што даносілася з экрана.
— Ціха! — грымнуў раптам на ўсю залу Ціхан Храмянкоў. — Разрагаталіся!
Зала прыціхла.
— А-а… А што? — спалохана пачаў азірацца Апанас Мартынавіч.
— Столь абваліцца. Бачыў, як яе падкідвала? Грошы заплацілі — дык камедыю глядзіце. А скончыцца — я вам не такі анекдот раскажу.
ГАРТАВАННЕ
Яны забівалі «казла». Азартна, натхнёна і кваліфікавана. Марскога. Пад навагодняй ёлкай. Тым часам Дзед Мароз, каб не паляцець потырч ад галавакружэння, раз за разам хапаўся спацелай рукою за іглістую галінку, а другой цёр пачырванелыя вочы. Каб іх не выядаў тытунёвы дым. Ад удушша кашляў, усё роўна як біу у бубен, — бух, бух, бух…
— Мароз, а прастудзіўся, — пасміхаліся даміношнікі. — I ён, выходзіць, грыпу баіцца. Яшчэ вірусаў тут напусціць нам.
Яны ўжо горача пагаварылі пра тое, што на мінулым тыдні на іхняй вуліцы «Масквіч» не паспеў размінуцца з «Жыгулямі»; паабураліся моладдзю, што яна цяпер такая кудлатая і свавольная; падрабязна разабралі новую замежную кінакамедыю пра каханне пажарніка з прадаўшчыцай галантарэйнага магазіна. Потым нечакана нехта ўспомніў нядаўні артыкул у газеце пра даўгалецце. I яны ўглыбіліся ў гэтую важную сацыяльную праблему.
— Добра наясіся, дык і доўга жыць будзеш, — сіпла праказаў Іван Іванавіч, крутнуўшы стончанай шыяй. — Калі табе ўежна, тады і ўлежна, спакойна, значыцца. Праўда, Сямён Сямёнавіч? — Маленькімі, глыбока пасаджанымі вочкамі ён хітра глянуў на свайго партнёра.
Сямён Сямёнавіч спакойна, неяк асцярожна паставіў карту-касцяшку ў край «рабай», вострым вуглом загнутай дарожкі.
— А я так скажу: наадварот, калі улежна, яно тады і ўежна, — павярнуў па-свойму і раздзьмуў пухлыя шчокі. — Той доўга жыве, хто ў работу не дужа кідаецца.
— Во-во, правільна, — падхапіў цельпушок з чырвона-сінім тоўстым носам, якога ўсе паважліва звалі Андрэй Андрэевіч.
Ён падтрымаў Сямёна Сямёнавіча, але крыху ўдакладніў яго думку:
— Калі на пуп не бярэш ды галаву нічым не тлуміш — тады і спіш і, узяўшы чарку, ясі добра. Тады і жыць будзеш, пакуль не здаволішся.
Утрох разам, як згаварыўшыся, паглядзелі на прыгорбленага, з рудой шчотачкай вусоў над кірпатай губой Рыгора Рыгоравіча.
— А ты, маўчун, што наконт гэтай праблемы думаеш? — запыталі ў адзін голас.
Рыгор Рыгоравіч павярнуў жаўтлявымі бялкамі вачэй на аднаго, на другога, выпусціў з носа, як з коміну, густы струмень дыму.
— Не згодзен я з вамі. Па-мойму, той будзе доўга жыць, каму нязлую жонку лёс паслаў. От як папілуе злюка кожны дзень, дык будзе табе і ўежна, і ўлежна… — Ён размахнуўся з-за вуха, гакнуў па стале дупелем шасцёркі і аб’явіў: — Казлы!