У вокны зазірнуў скупы досвітак.
Андрэй Андрэевіч пазяхнуў, пацягнуўся, ускінуўшы рукі ўгору.
— Ты што, здаешся? — У голасе Івана Іванавіча пачуліся дакор і пагарда.
— От гэта зрэзаліся, гэта пагулялі! — Андрэй Андрэевіч праігнараваў яго рэпліку. Ухапіў у зубы цыгарэту, жвава прыкурыў і з асалодаю глытнуў дым. — Жонкі, мусіць, па трэцяму сну ўжо бачаць.
— Ну і хай сабе на добрае здароўе паабдымаюцца з марфеем, а мы давайце — таго… асвяжымся саракаградуснай ды яшчэ пазабаўляемся, — хуценька адгукнуўся Сямён Сямёнавіч. — Свята ж!
Ён наліў па чарцы. Усе дружна выпілі і задымілі цыгарэтамі.
Дзед Мароз як стаяў, так і грымнуўся на блішчасты паркет. На чэраве пасунуўся да дзвярэй, вырачыўшы асалавелыя вочы.
— Мы п’ём, а яму ў галаве закружыла. — Сямён Сямёнавіч тоненька рагатнуў. — Ну і слабакі маразы пайшлі цяперашнім часам. Нездарма ўзімку замест мяцеліц і завірух дажджы ліманяць. Ды ліха з ім, няхай праспіцца стары. То праўда, давайце яшчэ заб’ём, га? Удзень выспімся. Новы ж год, свята!
— Правільна, хлопцы-малойцы, чаго там, — ажывіўся Рыгор Рыгоравіч. — Святкаваць дык святкаваць!
На двары загурчала машына. Іван Іванавіч зірнуў у акно, але нічога не пабачыў. Скінуў з сябе пінжак, памахаў ім —разагнаў дым.
— «Хуткая дапамога». Глядзі ты — Дзеда Мароза на насілках выносяць! Стрэс, мусіць, нейкі ў старога. Інфаркт, мусіць. Ну і маразы цяпер пайшлі… Не разумеюць, дзівакі, у які век жывуць. Загартоўвацца трэба. Во — як мы!
ПЯТАК
У санаторыі Валянціну Сямёнаўну адразу прыкмецілі. Кожны дзень, а то і на дні па некалькі разоў — у новых уборах, галава з хлапечай прычоскай горда ўзнятая: «Вартасць сваю, людзі я добра ведаю!» А за ёю, як цень яе, соўгаўся муж. Пры ім заўсёды экзатычна размаляваная, разбухлая ад паклажы сумка.
На пляжы, дзе Валянціна Сямёнаўна ў сонечнае надвор’е цэлымі днямі дамагалася бронзавага загару, яна ўсім, хто меў ахвоту слухаць, расказвала пра свае ўборы. Якія яны ў яе прыгожыя і колькі іх многа!..
— Уладзік для мяне нічога не шкадуе. I я для яго таксама, — гаварыла яна важнай, распаранай ад гарачыні бландзінцы. — Жыць і за капейку трэсціся? Мы не крахаборы. Праўда ж, мужанёк?
— Угу, — паныла кінуў Уладзік і шпурнуў каменьчык у ваду.
— От вярнуся з курорта і куплю Уладзіку модныя туфлі. Колькі б яны ні каштавалі. А што, ён горшы за іншых? Хай і ён у модным пакрасуецца.
Пад вечар, сабраўшыся з пляжа, Вялянціна Сямёнаўна горда, як артыстка Ярмолава на знакамітым партрэце, стаяла на крайку хвалестрымальнай сценкі і шырока расплюшчанымі вачамі пазірала на чароўнае блакітна-зеленаватае мора. Назапашвала эстэтычных уражанняў да заўтрашняга дня. Ад сузірання адарваў яе звонкі вокліч.
— О, пятак! — выгукнула дзяўчына з распушчанымі аўсянымі валасамі, якая ішла па пляжы ў купцы сябровак-сакатух. Яна падняла новенькую манету, якая блішчэла на дробнай цёмна-шэрай гальцы. — Давайце кінем яго ў мора, на шчасце.
— Не-не! — Пранізліва тонкім голасам крыкнула Валянціна Сямёнаўна і, пратэстуючы, падняла руку. — Пятак вываліўся з кішэні піжамы майго мужа. Мы тут загаралі. Уладзік, бяры нашы грошы.
Манета дзынкнула каля Уладзікавых ног. Ён здрыгануўся, перахапіў з адной рукі ў другую экзатычна размаляваную курортную сумку такім рухам, быццам хацеў размахнуцца.
— Што, гэтага пятака не хапае табе, каб купіць мне модныя туфлі? — праказаў з’едліва, але не павышаючы голасу.
У Валянціны Сямёнаўны бліснулі вочы:
— Што?!
Уладзік падняў манету, падкінуў на далоні.
— Так, значыцца, пачнём з пятака, — сказаў поўныя вялікага сэнсу словы. I шпурнуў яго ў мора. — На шчасце!
БАЛЕЛЬШЧЫК
Кіно пачалося ўжо, калі ён прыйшоў у летні кінатэатр.
— Які гэта рад? — Голас яго быў цягучы, усё роўна як адсырэў.
— Трынаццаты.
— А дзе чатырнаццаты?
— Вы што?.. Ды вунь жа, наступны!
Ён прайшоў да наступнага рада.
— Якое гэта месца?
— Першае.
— А дзе чацвёртае?
— Праз два. Праходзьце вы хутчэй, садзіцеся.
Ён сеў.
— У цябе шклянка ёсць? — забубнеў да суседа спрана.
— Якая шклянка? Вы што?
— А ў жонкі тваёй няма шклянкі?
— Вы чаго чапляецеся, грамадзянін! Супакойцеся.
Рыпнула крэсла, ён павярнуўся да суседа злева:
— Шклянка ў цябе ёсць?
— Па дарозе разбіў. Сядзіце вы ціха, прашу вас.
— А жонка твая, папытай, не разбіла?
— Сціхніце! Як вам не сорамна турбаваць людзей глупствам!
— Раскрычаўся. Ну добра, сціхну, калі табе так хочацца.
I змоўк.
Аднак праз колькі секунд — зноў да суседа справа:
— 3 бутэлькі п’еш?
— Яшчэ чаго не хапала. От жа прывязаўся, назола!