Выбрать главу

— Ну, ты як хочаш. А яна як, жонка твая?

— Так, як і я. Цяпер усё?

— Усё будзе тады, як дно пакажацца. — Ён пагардліва махнуў рукою, нечага пашоргаў нагамі па падлозе. — Ліха з ёю, са шклянкаю, — зноў загаварыў да суседа злева. — 3 бутэлькі пацягнеш?

— Вы нарэшце супакоіцеся ці вас папрасіць адсюль?

— Не гарачыся, ніводнага ж гола яшчэ не забілі. Можа, жонка твая каўтане з бутэлькі?

— Таварышы, што тут адбываецца? — пачулася з усіх бакоў. — Няўжо вы там, бліжэйшыя, не знойдзеце на яго ўправу?

— Ага, сапраўды, што ідзе? — учапіўся ён за локаць суседа справа. — А то мы тут загаманіліся…

— «Спартак» ідзе, «Спартак». Няўжо не бачыце?

— А Гаўрылаў іграе?

— Пры чым тут Гаўрылаў? Які Гаўрылаў?

— Ну той, што замест Хусаінава. Ён іграе сёння?

— Фільм «Спартак», разумееце? Фільм. I ніякага ў ім Гаўрылава няма.

— То чаго вы тут сядзіце, калі Гаўрылаў не іграе? — Ён устаў, безнадзейна махнуў рукой. — Запусціць бутэльку на поле ці што?.. Эх вы, бегемоты вы, не балельшчыкі!

Ён уздыхнуў і пайшоў, пакрыўджаны і зняважаны. Каля апошняга рада азірнуўся.

— Дык застаецеся? Ага, бадай і правільна. А раптам трэнер выведзе на поле Гаўрылава?.. То пабуду і я. Дзе тут чатырнаццаты рад?

Сярод гледачоў запанавала аднагалосная цішыня.

ІНТУІЦЫЯ

Настрой у Даўгаручанкі быў, як маЙская раніца. Дзіва што: такія сёння шчупакі трапляліся! Ну, і ён не падкачаў!..

Звычайных кліентаў Даўгаручанка не крыўдзіў: прыйшла твая чарга — атрымай. А вось лаўкачоў, якія з-за спіны, цераз галаву!.. Не, тым не глядзеў у зубы. Пакладзі на лапу — тады… Праўда, ён не казаў ім так, разумеў: і без таго добра ведаюць, шэльмы. Па-ро-ода! Тады ён толькі ссоўваў бровы над пераноссем: ты што гэта!.. Затым разводзіў рукамі — ну ладна, толькі для цябе.

Даўгаручанка нетаропка перабіраў кароткімі нагамі, міжвольна з цікавасцю разглядваў твары сустрэчных. «Таўсматы гэты, мусіць, шкляны посуд прымае. Бач, хі-хі, раскарміўся на шкляных харчах!

А то ж — столькі «жыгулёў» развялося. Падкацілі, без чаргі разгрузіліся са службовага ўваходу — яму барыш… Гэты будзе маім кліентам, бу-удзе. Цэгла, цэмент, шыфер — яны ўсім цяпер патрэбны. Да-ачы… А той вунь даўталыгі? Глядзі, сігае, як ганчак! Можа, механік які на аўтасервісе ці прадавец у магазіне запчастак. Бяжы, бяжы, але ўсё роўна не мінеш мяне…

Раптам Даўгаручанка скалануўся: за яго быццам учапіўся вачамі лейтэнант міліцыі. Вунь чаканіць крок… Яны сустрэліся позіркамі. «Ат, д’ябал з ім, хай вытрэшчваецца. Ён што, за руку мяне схапіў? — Даўгаручанка хацеў адвярнуцца, але заўпарціўся. — Ці ў мяне на складзе неапрыходаваная цэгла ляжыць? Цэглы той ужо і след прастыў».

Крок, другі… Лейтэнант і вокам не міргнуў. Шыракаплечы, не зломак які — што той Шурык са «знатакоў». Любога бандзюгу — у рог бараноў. Яшчэ крок… Даўгаручанка бачыць вялікія зрэнкі. «Колкія, як шыла». Спіну яго лапнуў холад, ногі нібы хто спутаў. Паўкрока… Можа, у магазін скокнуць? За цыгарэтамі. Цыгарэты ж, як і сухары, дазваляецца…

Лейтэнант параўняўся. Зараз казырне для ветлівасці і… Пальцы Даўгаручанкі, здрадлівыя пальцы, самі сашчапіліся за спіной. Інтуіцыя.

Раптам… У вачах лейтэнанта нібы сінія агеньчыкі ўспыхнулі. Белыя, як цукар, зубы бліснулі. Усміхнуўся.

Крок, другі, трэці… Даўгаручанка недаверліва павярнуўся: лейтэнант ужо згубіўся ў людской таўкатні. «А каб табе!..» Даўгаручанку нясцерпна захацелася паслаць услед міламу таму лейтэнанту самае шчырае — ну як самому б сабе — пажаданне. Заслугоўвае: усмешка ж — як сонца. А што пажадаць яму? Здароўя? Дык куды яшчэ такому лашаку! Поспехаў у службе?.. Ад гэтай думкі Даўгаручанку перасмыкнула: «Каб яго поспехі табе, Іван Спірыдонавіч, вомегам не вылезлі». Але ж — як самому б сабе!.. I тут бліснула: «Няхай цябе, дружа, начальнікава жонка пакахае, хі-хі…»

Дома Даўгаручанка зняможана плюхнуўся ў сваё любімае мяккае крэсла. От зараз яму стане зусім добра, зараз пачнуць закалыхваць яго прыгожыя салодкія мары. Яны заўсёды апаноўвалі душу, калі сядзеў у гэтым крэсле. Двухмеснае купэ ў мяккім вагоне, сонечны пляж на беразе цёплага мора…

Да яго, пафарбаваная, надушаная, лёгкакрылай птушкай падляцела ад люстэрка жонка.

— Іванка, я ва ўпраўленне, — весела зашчабятала. — Выклікае мяне шэфка… Дарэчы, цябе таксама выклікаюць. Вунь позва на стале ляжыць.

— У ваенкамат?

— Не, у міліцыю.

Мяккае крэсла рыпнула спружынамі — як войкнула. «Позва?! А так белазуба ўсміхаюцца!..»

ЭЎРЫКА

Жылі яны, як сказаў Мікіта Уласавіч, сціпла. Ніякай раскошы не дазвалялі сабе. У кіно і тэатр не хадзілі, моднага адзення не куплялі. Таксама ў водпуск нікуды не ездзілі, сядзелі дома. Словам, «адкладвалі». Аднаго разу, праўда, Антаніна Сілівестраўна заікнулася была, ці не памяняць ім ложкі, ды Мікіта Уласавіч, разважыўшы, неабвержаным довадам скасаваў яе намер: