— Драўляныя шашаль ушчэнт паточыць… А жалезныя нашы — де ўгрызе, не-е.
I вось яны сабралі кругленькую суму. За вячэраю Мікіта Уласавіч урачыста аб’явіў жонцы:
— Цяпер, Антаніна Сілівестраўна, і мы будзем як людзі. У лес па ягадкі, па грыбочкі, таксама яблычак, бульбачкі прыдбаць увосень — на сваім транспарце… Купляем «Жыгулі».
Антаніна Сілівестраўна лыпнула доўгімі пушыстымі вейкамі, нібы ёй запарушыла вочы, прыклала далонь да лоба мужа: ці не ў гарачцы ён?
— А як у слуп дзе ўрэжашся альбо з МАЗам якім пацалуешся? Плакалі тады нашы грошыкі.
Ад жончыных слоў Мікіта Уласавіч аж здрыгануўся. Усю ноч ён не спаў. Варочаўся, крактаў, уздыхаў. Досвіткам, расплюшчыўшы вочы, хвілін на дзесяць напружана сцішыўся, потым кулём кінуўся да жонкі на кухню.
— Эўрыка! — віскнуў прарэзлівым тэнарам, якім калісьці ў самадзейнасці спяваў «Пасею гурочкі нізка над вадою». — Купім дачу. Гародніна, садавіна… I сабе хопіць, і на Камароўку. Зноў жа, трусоў завядзём, таксама свежая капейка будзе. Выдатна!
Жонка паказала яму на дзверы ў бакавушку:
— Ты б спачатку схадзіў і добранька пад халодным душам асвяжыуся. Дачу яму засвярбела! А калі пярун у тваю дачу смальне? Ці замыканне якое?
Мікіта Уласавіч скрушліва пашкроб патыліцу і патупаў пад халодны душ.
Праз мінуту ён гукнуў з ваннага пакоя:
— Асвяжаюся-астуджаюся, а думкі, шаноўная Антаніна Сілівестраўна, у мяне ўсё роўна тыя самыя. Што нам нейкі пярун? А сацстрах навошта? — I пад шум тугіх струменяў зацягнуў: «Нам не страшны шэры воўк, шэры воўк, шэры воўк…»
Калі ён зноў з’явіўся на кухні, жонка нібы цэбар кіпеню на галаву яму абярнула:
— Страхоўку выплаціш, і тады ён грымне, пярун. Толькі не ў тваю — у суседаву дачу.
У Мікіты Уласавіча ледзь не вырвалася: «Дык я не пабягу тушыць, ад яе і наша загарыцца». Але ён падумаў і сказаў:
— Тады пакладзём у ашчадную касу. Яшчэ і працэнты набягуць.
— Эх Мікіта, Мікіта… — Антаніна Сілівестраўна зрабіла красамоўны жэст — пакруціла пальцам каля скроні. — А калі тая каса згарыць разам з дакументамі? А ты сваю кніжку выпадкова пасееш?
— Тады-ы-ы… — Мікіта Уласавіч роспачна развёў рукамі. — Тады няхай паляжыць наш капітал у тваёй панчосе. 3 цягам часу, можа, што і прыдумаем.
— А зладзеі, бесталковая твая галава? Прыду-умаем! — скрывіўшыся, перадражніла жонка.
Яго тузанула крыкнуць: «Хопіць! Што ў тваёй галаве ўсё нейкая змрочная фантазія бушуе?» Аднак ён і сам улоўліваў у сабе якоесьці таемна-страхавітае пачуццё. I сам не памятаў, як неспадзявана крыкнуў:
— Эўрыка!
На рабоце Мікіта Уласавіч папрасіў у саслужыўца Аляксея Панцюшкі пазычыць тысячу рублёў.
— Навошта табе? — пацікавіўся той.
«Прызнайся яму, дык яшчэ перахопіць, — пеканула Мікіту Уласавіча трывожная думка. — Там жа, можа, — апошні...»
— У аднаго добрага сябра майго дзень нараджэння, дык вырашылі з жонкай купіць яму шыкоўны падарунак, а тысячы рублёў не хапае, — схлусіў ён.
— Ну, на такую справу хто ж адмовіць, — задаволена крактануў Панцюшка.
Увечары, пераступіўшы парог сваёй кватэры, Мікіта Уласавіч радасна гукнуў жонцы:
— Зірні ў акно!
Каля пад’езда з паўтузіна асілкаў-грузчыкаў згружалі вялізны незгаральны сейф.
ВЫХАВАЦЕЛІ
Брыгадзір муляраў Андруховіч быў чалавек строгі. Калі здымаў, як кажуць, стружку з каго — дык ажно іскры сыпаліся.
— Козуб, ты чаго сёння на працу спазніўся? Вунь паглядзі — у суседзяў ніводнага парушэння няма.
— Ведаеце, Мікалай Кандратавіч, аж пяць тралейбусаў прапусціў. Народу было — палец не ўшчаміць.
— Ведаю: пяць… «тралейбусаў»… Не сёння, а ўчора звечара будзеш па столькі прапускаць — мазгі згараць.
Прайшло два дні.
— Козуб, ты як муруеш? Чаго ў цябе рукі дрыжаць? Зноў «тралейбусы» звечара «прапускаў»?
— Не, Мікалай Кандратавіч, прастудзіўся, відаць.
— То чаго да ўрача не пайшоў? Глядзі ў мяне — прастудзіўся!..
Мінуў яшчэ дзень.
— Козуб, ты чаму ўчора на паўгадзіны раней з работы змыўся? Колькі буду я выхоўваць цябе?
— Даруйце, Мікалай Кандратавіч, па пільнай патрэбе. Прыёмны пункт за кіламетр, а «Жыгулёў» у мяне няма, каб цэлы мяшок бутэлек адтарабаніць…
— Не, Козуб, я цябе выхаваю. Цяпер такая барацьба вядзецца з гэтым праклятым злом...
— Мікалай Кандратавіч, зайдзі ў прарабскі ўчастак! — паклікаў брыгадзіра майстар.
У прарабскім участку — канторка такая — яны былі сам-насам, і майстар сурова запатрабаваў: