— Пішы тлумачэнне, чаму на рабоце — пад градусамі. Цяпер такая барацьба з гэтым злом вядзецца, а ты…
— Прашу прабачыць, Алег Канстанцінавіч, непаразуменне атрымалася. Захапіўся выхаваннем аднаго маральна няўстойлівага суб’екта, а сябе асабіста ўпусціў з-пад увагі. — Брыгадзір спачатку збянтэжыўся, а потым раптам выпрастаўся і цікаўна пачаў пазіраць на майстра: той неўпрыкметку прыкрываў рот далонню і прытрымліваў выдых…
ДАНОС
Марцін Блізнюк лічыў сябе чалавекам вельмі ідэйным, але не лічыў, што прыносіць грамадству вялікую карысць, праседжваючы штаны ў заводскай касе. Вечарамі ён мыў рукі, садзіўся за кубак чаю і ў глыбокім одуме разважаў, як уняць разгул так званай дэмакратыі, што ўсчаўся ў грамадстве.
Праўда, вядомы ўказ пра ананімкі падсек яго дзейнасць пад корань. Але не мог утаймаваць гадамі сфарміраваную падазронасць. Цяпер усёй сваёй сышчыцкай істотай Блізнюк падбіраўся да майстра з інструментальнага цэха Рогача. Нутром, вантробамі адчуваў: Рогач — нефармал! Ды каб жа хоць — проста нефармал! Правы нефармал!.. У курылцы вядзе ўсялякія падазроныя гаворкі, на сходах супраць начальства выступае з рознымі закавырыстымі прэтэнзіямі.
Халодным і дажджлівым вечарам Блізнюк, утапіўшыся носам у скураны плашч, віжаваў каля пад’езда дома, у якім жыў Рогач. Сачыў: хто да яго прыдзе, з кім знаецца гэты разумнік. Ён ужо добра-такі акалеў і збіраўся ісці дадому, але ў тую мінуту пабачыў: Рогач праслізнуў у пад’езд разам з нейкай невялічкай постаццю ў жаночым палітоне.
— Вось-вось, — сярдзіта забурчаў Блізнюк і пацёр рукі ці то ад холаду, ці ад задавальнення. — Заўком і адміністрацыя выдзелілі яму кватэру, а ён замест таго, каб жыць як усе прыстойныя людзі,— у распусту. Ды яшчэ — з палітычным ухілам!.. Але ж і хітрэц: піяніна завёў для маскіровачкі — до, рэ, мі, фа, соль… Не, піянінам мяне не абдурыш. А ў наступны раз я абавязкова высачу гэты залётны палітончык, голубе шызакрылы…
Назаўтра Блізнюк стаяў перад старшынёй цэхкома Мармуленкам.
— Чытаеш газеты, Пракоп Ягоравіч? — сыпануў ён словамі, як гарохам. — Рогач — наватар, Рогач — рацыяналізатар. А ён?.. 3 нефармалкамі гэтымі ў распусту ўдарыўся. Дык куды ты глядзіш? — Сухі голас добраахвотніка-асведамляльнка выдзіраўся з грудзей, як кошка вышкрэбваецца з вадасцёкавай трубы.
Старшыня цэхкома зморшчыў лоб у тугія зморшчынкі:
— А канкрэтныя факты?
— Што яны твораць там, канкрэтна сказаць не магу, — заклапочана звёў бровы Блізнюк. — У іх глыбокая канспірацыя: заўсёды ў дзвярах, на вокнах фіранкі…
— Пачакай, Марцін Гаўрылавіч, а пры чым тут ключ і фіранкі?
— Не разумееш? — непадробна здзівіўся Блізнюк. — Як жа інфармацыю здабыць? Думаеш — расчыняць насцеж дзверы і на табе…
«Гнюсата», — падумаў Мармуленка, але сам схіліўся да Блізнюка і шапнуў:
— Паведамі ў вышэйшыя інстанцыі…
— А я хачу, каб цэхком не ўхіляўся, не заігрываў з рознымі…
— Дык што ты канкрэнта прапануеш?
— Рэйд ад цэхкома на кватэру да Рогача па маім сігнале… Бо звядуць яго нефармалы… і нефармалкі.
— То напішы…
— Напішы і падпішы?.. Не-е-е! Ты мяне не ўблытвай, што я ініцыятар…
— Шукай тады ініцыятара…
Пасля «задушэўнай» размовы з Мармуленкам Блізнюк увесь дзень злаваўся: «Разумнік — шукай ініцыятара!.. Быццам гэта напарніка «казла забіваць»… Але ўвечары ён усё ж не ўтрымаўся, настрачыў ананімную заяву на Рогача.
У былыя часы пісаў ён даносы на першагатунковай, а то, калі дзе раздабудзе, і на мелаванай паперы, бо лічыў гэта дзяржаўнай справай: сігналізуе!.. Іншы раз, праўда, пырскаў у канверт з пульверызатара маленькі струменьчык тонкіх духоў. Тактыка: жанчына пісала. А жанчына — значыць не ён, хе-хе…
Ананімку на Рогача ён напісаў на снежна-белай мелаванцы. Пырснуў у канверт духоў і толькі хацеў сунуць яе туды, як праз расчыненую фортку ў яго пакой уварвалася вясёлая гамонка мужчыны і жанчыны. Ён аслупянеў: пазнаў галасы Рогача і сваёй дарагой пляменніцы Тацянкі, вядомай і любімай у рэспубліцы спявачкі народных песен.
«Ус-сё пераблыталася! Во жыццё пайшло!..» Блізнюк баўтануу галавой, быццам вытрасаў з яе нейкія пакутлівыя думкі, і аслупянеў: па снежна-белай мелаванцы, як вокам міргнуць, слізгануў прусак. У галаву нібы токам ударыла: «У шавялюры завяліся? Ах поган, кухні ім мала!.. То-та ў мяне ўвесь час быццам штосьці поўзала па патыліцы!..»
СКАРГА
— Выклікалі, Павел Паўлавіч? — спынілася ў парозе медыцынская сястра.
— Выклікаў, выклікаў, Зінаіда Пятроўна.— Галоўны ўрач дастаў з шуфлндкі стала невялічкі аркуш паперы.— Ведаеце, што гэта? Скарга. Між іншым, ад хворага, Зінаіда Пятроўна, ад таго самага, якога вы перавялі з чатырыста восьмай палаты ў чатырыста другую.— І ён памахаў у паветры паперкай.