— Я перавяла? — перапытала Зінаіда Пятроўна.— Дык жа па нашаму загаду, Павел Паўлавіч. Я сказала хвораму, што ў чатырыста восьмай не працуе вентыляцыя. А пакуль яе адрамантуюць, давядзецца паляжаць у чатырыста другой. Праўда, там няма тэлевізара, халадзільніка, і ложкаў аж пяць, а не два. Сказала, што часова… Хворы і пагадзіўся. А ў чатырыста восьмую я пасяліла загадчыка базы. Як вы і сказалі.
— Мяне не цікавіць, як і каго вы перасялялі,— пачаў строга галоўны ўрач, перахапіўшы паўзу ў медыцынскай сястры.— Мяне цікавіць: як магла наогул з’явіцца гэтая скарга? Яшчэ добра, што яна трапіла мне, а не вышэй куды.— Галоўны пачціва тыцнуў пальцам уверх.— Вы паслухайце, што напісана: «Выходзіць, у нас хворыя не аднолькавыя. Адны лепшыя, другія горшыя». Вы разумееце, што напісана? Як вы пасмелі?!
— Я ж кажу: зрабіла, як загадалі вы,— разгубілася медыцынская сястра.
— Што я? Што я? — яшчэ больш усхадзіўся галоўны ўрач.— У мяне свае абавязкі, у вас свае. Не трэба валіць з хворай галавы на здаровую. 3 людзьмі працаваць трэба! Больш увагі ім, больш клопату. Каб не пісалі…— Ён шпурнуў палерку.— Пакуль абмяжуюся вымовай, а далей — глядзіце, каб такое ў апошні раз! Вось так, Зінаіда Пятроўна…— I больш памяркоўна дадаў: — Мне званілі з прыёмнага пакоя, што прывезлі хворага. Знайдзіце яму месца.
— Дык жа ніхто не выпісваецца?
— Пагаварыце з тым, што скардзіцца, растлумачце…
— Яму лечачы ўрач казаў, яшчэ з тыдзень паляжаць трэба. Курс лячэння…
— Але ж прывезлі, Зінаіда Пятроўна, хворага,— стальным голасам націснуў галоўны.— Вы мяне зразумелі?.. Жорсткае сэрца ў вас, Зінаіда Пятроўна…
КАЛЕГІ
Цвёрдай паходкаю Барыс Канстанцінавіч зайшоў у прасторны, светлы вестыбюль. Апрануты ён быў у шыкоўны чорны касцюм, на якім дзівосна пераліваліся тонкія бліскучыя ўзоры. На белай кашулі кантрастна выдзяляўся чорны гальштук «бабачка», а злева на пінжаку — ражок насоўкі, які вытыркаўся з верхняй кішэні.
Каля дзвярэй Барысу Канстанцінавічу сустрэлася прыгожая дзяўчына, мусіць, абітурыентка. Светла-ружовая лёгкая сукенка зграбна аблягала тонкую гнуткую постаць. Яны даўжэй, чым трэба, паглядзелі адзін на аднаго. Дзяўчына прыязна ўсміхнулася, ветліва павіталася:
— Добры дзень.
Барыс Канстанцінавіч схіліў галаву ў інтэлігентным паклоне, адказаў стрымана, з падкрэсленай годнасцю. Адступіў убок, і яна хуценька пераступіла парог.
Здавалася, зусім нядаўна ён, як тая светла-ружовая краля, упершыню адчыніў дзверы ў гэтае мастацкае вучылішча. Тады на прыёмных экзаменах лысагаловы, з адтапыранай ніжняй губою выкладчык, лагодна ўсміхаючыся, сказаў:
— Пакажыце мне які-небудзь свой твор.— Лысагаловы пазіраў так, быццам прасіў у яго прабачэння. Гэта падбадзёрыла Барыса. Ён смела падаў яму самы лепшы малюнак, які дужа падабаўся бацьку і яго сябру, папулярнаму кампазітару.
— Цудоўна, малады чалавек! — усклікнуў выкладчык высокім тэнарам, папраўляючы акуляры з тоўстым шклом у масіўнай аправе.— Ваша работа сведчыць аб добрым мастацкім гусце. Гэтая вось тэлевізійная антэна на даху камяніцы пацвярджае, што ў вас пільнае мастакоўскае вока, што вы добра адчуваеце подых эпохі. Цудоўна, малады чалавек, таленавіта!
Барыса прынялі. Пачалася ўпартая карпатлівая вучоба. Ён шмат маляваў. 3-пад яго пэндзля выходзілі дрэвы, дамы, выкатвалі аўтобусы, выплывалі рэчкі. I вось нарэшце — выпускныя экзамены.
Калі Барыс паклаў на стол экзаменацыйнай камісіі сваю дыпломную карціну, на якой быў намаляваны завод, усім адразу кінулася ў вочы, што над вытворчымі карпусамі не вісіць воблака дыму. Навінка вельмі ўзрушыла членаў камісіі. Асабліва захапляўся лысагаловы. Якое вялізнае выхаваўчае значэнне маюць такія творы мастацтва! Глядзіце, якія трэба будаваць заводы, каб не забруджвалася паветра, каб аберагаць чалавека, нашу флору і фаўну! I зноў жа, ад такога твора — велізарная эстэтычная асалода. Вісела б дымнае воблака ў блакітным небе — як бы яно вока мазоліла!.. Не, карціна — шэдэўр, мастак — разумны талент!..
Усё гэта Барыс Канстанцінавіч успомніў, пакуль важна ступаў па бліскучай падлозе вестыбюля, падымаўся па шырокай лесвіцы на другі паверх і крочыў па доўгім калідоры. Перад дзвярамі выкладчыцкай ён прыасаніўся: выкладчык! Прыжмурыў цёмныя вострыя вочы, быццам выглядваў штосьці, аднаму яму бачнае, абедзвюма рукамі далікатна правёў ад ілба да плячэй па хвалістых доўгіх валасах. Рашуча адчыніў дзверы. Лысагаловы за сталом чытаў газету.
— Прывітанне, калега! — бадзёра гукнуў Барыс Канстанцінавіч і наважыўся ляпнуць яго па плячы, але той тузануўся, як апечаны.