— То-та ж!..— задаволена азваўся ад дзвярэй рэвізор.
Чацвёра з машыны, высокія, дужыя, ужо ўваходзілі ў пакой.
— Не-не, мы не нефармалы! — з перапуду збіўся з панталыку Уюнок. — Мы цывілізаваныя кааператары!
— Цыц, шалапут! — гаркнуў на яго Бародаўка і кінуў рукі да грудзей.— Вінаватыя, каемся! Перадайце нас, як той раз, на пера…
— Ага, як той раз! — горача, наперабой залямантавалі «браткі».— На перавыхаванне калектыву!
— Успомнілі, на перавыхаванне… Гэта вам не застойныя часы! — строга асадзіў іх рэвізор.— На перабудаванне!
— На перабудаванне! — дружна згадзіліся «браткі».
Чацвёра з машыны, два старшыя лейтэнанты і два старшыя сяржанты, пераглянуліся і чула задумаліся. Як той раз.
ПРАЯВІЦЕЛЬ
У фоталабараторыю да Кірылы Чарнушчыка цяжка, нібы выпражаны з воза, уваліўся яго сябар Максім Казанец.
— Ратуй, браце, канаю. Учора адкрывалі адзін салідны кааператыў, дык я ўдзельнічаў там ад прэсы. Галава-а!.. А тут — купоны, талоны…
Чарнушчыку не трэба было многа тлумачыць.
— Момант! — Ён выхапіў з-пад стала бутэльку.
Ашчаперыўшы яе, як каханку, Максім закінуў галаву і — без перадыху да кроплі.
~ Хо-о, адпускае… Але лоб штосьці!..
Кірыла зірнуў на лоб Казанца і ледзь не самлеў: на ім усё выразней выступалі напісаныя дробным крывым почыркам словы. «Чарнушчык называў Леаніда Ільіча маразматыкам…» «Чарнушчык атэставаў архітэктара перабудовы таварыша Гарбачова і яго кліку — прабачце, паплечнікаў каварнымі авантурыстамі…»
— Дык вось хто пісаў на мяне даносы ў пільны клапатлівы орган! — Кірыла ўзняў кулак, каб апусціць яго на хворую галаву сябра, і раптам рука як абарвалася, бездапаможна павісла: гэта ж ён даў Максіму не гарэлкі, а праявіцель — бутэлькі пад сталом побач стаялі. Сканае — турма!..
Тым часам Казанец, тручы далоняй лоб, адступіў задам да дзвярэй. «Уцячэ нягоднік! — з адчаем падумаў Кірыла.— А праз паўгадзіны лоб яго будзе чысценькі, як у анёла. Не, цяпер няхай замацавальнік вып’е, раз жывы застаўся. Тады на ўсё жыццё будзе мечаны».
— Максім, дружа, я пажартаваў! — Чарнушчык кінуўся Казанцу напярэймы.— Ды я табе, як і ты мне,— найлепшы сябар. Усім сэрцам да цябе. Давай вып’ем на брудэршафт!
— Д-давай.
Кірыла пачаў шнарыць рукою пад сталом, і на лобе ў яго раптам выступіў халодны пот — не знаходзіў замацавальніка. Пахмяліўся ім? «Няўжо і ў мяне вылазіць?!» — апякла яго страшная здагадка. Пальцы шалёна сталі драпаць лоб.
— Што ты выдурняешся? — засердаваў Казанец.— Шкада смалы гэтай стала? Дык, можа, талоны ды купоны даць табе?.. А я ж яшчэ згадаіўся з табою, брыдотай, на брудэршафт.
З адчаю сэрца ў Чарнушчыка як агнём хапілася, і ён прачнуўся. «Фу, дурніца! — аблаяў сябе.— Замацавальнік жа не праяўляе». Памкнуўся ўхмыльнуцца, але ўсмешкі не атрымалася, пакутлівая грымаса скрывіла твар. А пальцы тым часам самі, паміма яго волі, усё драпалі спатнелы лоб, нібы здзіралі там нейкія плямы.
ПАД ЗНАКАМ СКАРПІЁНА
За акном грукатала навальніца. Касаручанка скасіў позірк на акно. «А што, калі б неба раскалолася?» — стукнула яму ў галаву недарэчная думка.
3 дзяцінства ў душы Касаручанкі жыў паталагічны страх перад навальніцай. 3 таго дня, калі на Цішкаву ігрушыну залез. I свае ж былі грушы — не, карцела чужых налаташыць… Успамінаць пра тое Касаручанку не хацелася, аднак нахабны ўспамін сам палез у галаву.
Набіў ён тады пазуху Цішкавымі дулямі і толькі наважыуся быў яшчэ адну сарваць, а тут над галавой у ясным небе як лясне! Ён — «Ай!» І вобземлю. Косці, праўда, уцалелі, але запэцкаўся як ні да вушэй — пераспелыя грушы за пазухай у цеста змясіліся. Ачомаўшыся ад перапуду, ён у сваім агародзе за плотам стаў абчышчацца ад таго цеста, ды тут яго — ну трэба ж так! — падсцерагала іншае насланнё. Цішкава ігруша нібыта гукнула яму рьшучым голасам старчыхі Аўдоцці, якая зрэдчас з торбаю хадзіла па хатах: «Сквапнасць, малец, караецца нябёсамі».
3 таго часу, калі Касаручанка злаваўся на каго, ён зычыў таму: «Каб цябе пярун на Цішкавай ігрушыне застаў!»
Цяпер таксама, адмахнуўшыся ад успаміну, пажадаў сваім злоснікам той трасцы. Агрызнуўся ім: падумаеш — ветэраны, Гітлера знішчылі!.. Ён і сам быў акалеў. Вечна ніхто не жыве… Але ж і накі-інуліся! I з крытыкай, і з дакорамі, і пад дзевятую рабрыну паддзяюць! «Што ты, таварыш Касаручанка, будзеш рабіць цяпер са сваім ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга?..» А нічога, заслужыў.
Сам Міхаіл Андрэевіч Суслаў ацаніў мае навуковыя працы — казалі, у нейкім дакладзе памянуў!.. Цяпер таксама ацэняць. Дзякуй Богу, міхаілы андрэевічы не перавяліся. I ўказанне дадуць, і накіруюць, і заахвоцяць…