Неба грукатала, зіхала змяістымі маланкамі. Касаручанка хвіліну корпаўся ў думках, бадзёрачыся, патэтычна прадэкламаваў:
— «Пусть сильнее грянет буря!» — I дадаў: — Толькі не на маю галаву. Не пад тым я знакам нарадзіўся, каб яны сцапалі мяне голымі рукамі! — Падсунуў на стале газету, прачытаў, што раніцай абвёў чырвоным фламастэрам: «Калі Скарпіён выкарыстае свае здольнасці празарліўца, то разгледзіць будучую ўдачу за частаколам мітусні і руціны».
Тоненькай струной скрыпкі віскнулі за спіной дзверы. «Віталь! — сханянуўся Касаручанка. — Як коцік!» — Ён ведаў звычку любімага сына заходзіць да яго ў пакой, дэманструючы сваю далікатнасць і ветлівасць.
— Не чытаў, Віталік, што пра твайго бацьку заімшэлыя ў газеце пішуць? — кінуў сыну цераз плячо.— «Адступнік…» «Рэнегат…» «Кан’юнтуршчык…» Во як!.. Дык што скажаш, сынок?
Віталь сціпла сеў на канапу.
— Тут так з ходу, тата, не адкажаш.— Лёгенька пакратаў белы крыжык на расхрыстаных грудзях.— Трэба падумаць.
— Аб чым? — Касаручанка захваляваўся, але ўзяў сябе ў рукі.
— Ну, што больш падыходзіць.
— Што-о?! — Пранізлівы голас узвіўся і трэснуў, як сухая галіна.— Ах ты сукін сын!
Бліскавіца секанула неба. Касаручанка зажмурыўся і хістануўся назад, быццам яму плёснула гарачым у твар.
— Та-ата! Ты што?.. Мы ж заўсёды разумелі адзін аднаго. Я лічу гэтыя словы не абразай, а пахвалой. Ад чаго адступіўся? Ад памылковых шкодных поглядаў, навязаных утапічнай камуністычнай ідэяй. Правільна ж?
Рэзка, як спалоханая варона, каркнулі дзверы. Касаручанка страсянуў галавой, нібы вытрасаў адтуль рэшткі нейкага кашмарнага сну, расплюшчыў вочы: так і ёсць, Станіслаў… Гэты — не па-кацінаму, урываецца нібы вецер.
— Ты паслухай, Стасік, як твой брат бацьку атэстуе! — Ён, як з гарачкі, затупаў пад сталом пантофлямі, быццам хацеў пераканацца, што пад мяккім дываном ёсць надзейная падлога.— Дык гавары, дарагі Віталька, скланяй бацьку ў падгалосак тым заімшэлым.
— Супакойся, тата.— Станіслаў чула прыклаў руку да грудзей.— Табе нельга хвалявацца. А ты, Віталь…— Ён плюхнуўся на канапу, якая войкнула спружынамі пад яго грузным, камлюкаватым целам.— Ты што сабе думаеш? — Наблізіўся да Віталя, зашаптаў, прыкрыўшы рот рукою: — Ты не ведаеш яго? Яшчэ заўпарціцца, хорч стары.
Пярун у небе на хвіліну ўгаманіўся. Касаручанка наставіў вуха да сыноў.
— Што вы там шушукаецеся? I ты, Стась, супраць мяне?
— Не выдумляй, тата, супакойся. Нельга, кажу, табе хвалявацца.— Тоўстыя пальцы магутнай баксёрскай рукі Станіслава расслабілі вузел пярэстага гальштука.— I нам з Віталем яно лішняе, мы таксама не жалезныя.
За спіной Касаручанкі мякка праспявалі дзверы. Ён абрадавана ўздыхнуў. «Жонку бог прынес».
— Паглядзі, Серафіма Кандратаўна, на нашых дарагіх-залатых сыночкаў! Пра бацьку шушукаюцца. А таго не ведаюць, шчанюкі, што ў цяперашні час лягчэй выйсці з вады сухім, чым чыстым. Правільна я кажу, маці?
Серафіма Кандратаўна бліснула вачамі на сыноў.
— Правільна, бацька, правільна,— таропка згадзілася з мужам і дадала: — А дзяцей, бацька, у народзе кажуць, трэба пачынаць выхоўваць з дзяцінства іх бацькоў.
— Ты на што намякаеш? — натапырыўся Касаручанка. Ён хацеў ляпнуць далоняй па стале, ды ўспомніў, што здольнасць усміхацца ўратавала чалавецтва, і ўсміхнуўся.— Не варта мне, інтэлігенту, зневажаць і цябе, і заадно сябе брыдкімі словамі, а то я б табе выдаў, старая ты карчажына.— Раптам ён упаў грудзямі на стол.— Во гакнуў! Быццам неба раскалоў.
Станіслаў упаў з канапы, пацягнуўся.
— Нічога, зрасцецца… Паслухай, тата, мы з Віталем прыйшлі да цябе па прынцыпова важнай справе.
Касаручанка наструніўся: зноў грошай прасіць?
— Мы маем гонар сказаць, што ты хораша напісаў у сваіх апошніх артыкулах пра сённяшнюю нашу свабоду без берагоў. Цяпер табе трэба, часова, можа, перайсці са сферы навукі ў мастацкую творчасць.— Станіслаў зрабіў шматзначную паўзу.— Пішы дэтэктывы, фантастыку. Кажуць, за іх будуць плаціць звонкай валютай — доларамі, фунтамі, маркамі. Мы з Віталем купім табе тады імпартныя валёнкі, шапку-вушанку…
— А што заімшэлыя плявузгаюць — дык не бяры да галавы. Ад зайздрасці,— з сардэчнай інтанацыяй уставіў Віталь.
— Вы так думаеце?
— Папраўдзе, тата! — у адзін голас усклікнулі браты.
Касаручанка паглядзеў на сыноў з замілаваннем:
— Пазнаю сваю маладосць, пазнаю!
Віталевы пальцы крануліся крыжыка на грудзях:
— Дзейнічай, тата, паэт сказаў: «Калі чалавек нарадзіўся пад шчаслівай зоркай — гэта надоўга».
Вочы Касаручанкі зіркнулі ў газету. «Скарпіён уступае ў спрыяльны перыяд для пачатку ўласнай справы». Раптам паўнашчокі твар яго патух. Пальцы шуснулі ў рэдзенькую чупрыну і ліхаманкава закапашыліся, нібы масажавалі які гузак.