— Дык што, зноў на чужую ігрушыну лезці?
За акном грукатала, шалела навальніца.
НА КАНІ
Журботна-сатырычны малюнак «ДВА БАКІ АДНАГО МЕДАЛЯ»
Дзейнічаюць:
Калерыя Панцеляймонаўна, дырэктар магазіна
Анастасія Уладзіміраўна, старшыня прафкома
Іван Іванавіч, па ўсім відаць — вялікі гандлёвы начальнік
Карціна Васняцова «Волаты»
Дошка гонару
Бок першы
Кабінет дырэктара магазіна. На пісьмовым стале — ваза з ружамі.
Калерыя Панцеляймонаўна. Нам з вамі, Анастасія Уладзіміраўна, зараз калектыўна трэба вырашыць, што ў нашай згуртаванай хеўры (я, канешне,— у добрым сэнсе гэтага слова) лепшы з лепшых. Варты Дошкі гонару. Вам першае слова, прадстаўніку грамадскасці, так сказаць. (Капа светла-фіялетавых кудзерак Калерыі Панцеляймонаўны лёгенька страсянулася ў галантным паклоне ў знак павагі да старшыні прафкома). Першае і рашаючае.
Анастасія Уладзіміраўна (усцешаная давер’ем — з месца ў кар’ер). Я б назвала загадчыцу аддзела верхняга жаночага адзення Клару Арцюшкову. Аддзел перадавы, план выконвае.
Калерыя Панцеляймонаўна (мякка). Аднак не перавыконвае… А Клара, дарэчы, любіць нос сунуць куды не трэба.
Анастасія Уладзіміраўна. Праўда, не перавыконвае… (Доугія наклееныя вейкі вінавата запырхалі і раптам застылі). Дык жа паглядзіце на паліцы ў іх!..
Калерыя Панцеляймонаўна. Анастасія Уладзіміраўна!!! Не намякайце, Анастасія Уладзіміраўна, на склад. Іван Іванавіч што сказаў?.. «Мала каму што трэба будзе!..» Забываеце?..
Анастасія Уладзіміраўна. Ага, праўда ваша (таропка павініўшыся, на хвіліну задумалася). То, можа, Людмілу Карніцкую з аддзела мужчынскага абутку? Энергічная, зноў жа…
Калерыя Панцеляймонаўна. Анастасі-ія Уладзіміраўна, дарага-ая!.. Памятаеце — у кнізе прапаноў: «Звяртаюся да яе — сцяна сцяной, як глухая. Гавару ёй: «Хоць бы ў такі год мы добразычлівыя былі адзін да аднаго — год жа ласкавай Змяі пачаўся!» А яна ў адказ: «Дык што вы хочаце, каб я вам засіпела?» Якое нахабства!» (Дырэктарка паблажліва ўсміхнулася). Гумары-ыстка!..
Анастасія Уладзіміраўна. Так-так, было, Калерыя Панцеляймонаўна, было, даруйце… Дык што? Здымем, можа, Дошку гонару?.. Не вісець жа ёй увесь час пустой.
Калерыя Панцеляймонаўна. Таварыш старшыня прафкома (Капа светла-фіялетавых кудзерак зноў страсянулася, але на гэты раз — не так далікатна)!!! Мы горшыя за людзей?.. Зноў жа і Іванавічу трэба будзе рабіць справаздачу (пухнаты, з вялікім залатым пярсцёнкам палец ускінуўся ўгору) аб нашых дасягненнях, дык пераканаўчыя наглядныя прыклады патрэбны будуць. Ясна?
Анастасія Уладзіміраўна. Што ж рабіць?.. Абалдзець можна (цяжка ўздыхнула)… Ды балдзей не балдзей, а ўсё роўна, як бабуля мая ў вёсцы казала,— ні божа мой.
Калерыя Панцеляймонаўна. Дарагі мой старшыня прафкома, забывайце цытаты нашых бабуль (таксама ўздыхнула). Цытаваць трэба Івана Іванавіча: «Няма (а калі на мове продкаў — «ні божа мой») — гэта не для нас»… Так што будзем працягваць балдзець. Іван Іванавіч сказаў бы: «Не трэба, таварышы, драматызаваць сітуацыю. Яна не характэрная для нашай перабудовы». (Дырэктарка крутнула галавой і раптам тоненька хіхікнула). Ну і зух наш Іван Іванавіч! Столькі выпалалі ўжо такіх, а ён — як пырнік той!
Анастасія Уладзіміраўна. Кале-ерыя Панцеляймонаўна (горача пляснула далонямі), успомніла! А Тамару Груздову, з аддзела жаночага абутку?.. I скаргаў на яе няма, і нос не суне куды не трэба, і не гумарыстка!
Калерыя Панцеляймонаўна. Груздова, Груздова… Так, бадай, заслугоўвае. (Твар дырэктарскі пасвятлеў, аднак адразу на яго зноў лёг клопатны цень). Груздову — і ўсё? Вось гэта, Іван Іванавіч скажа, калектыўчык — усяго адзін перадавік!
Усталявалася хвілінная паўза. Яна была — як у чаканні прысуду Івана Іванавіча.
Калерыя Панцеляймонаўна. Канешне, і Клара, і Людміла… Але яны ўсё ж не раўня Груздовай. А ўраўнілаўкі тут мы, Анастасія Уладзіміраўна, дапусціць не можам.
Нейкі час дырэктарка і старшыня прафкома пазіраюць вочы ў вочы.
Калерыя Панцеляймонаўна. Мы ні на хвіліну не маем права забываць, у які супярэчлівы і пераломны час жывем. Так што, акрамя ўсяго іншага, паказ нашых перадавікоў паспрыяе, каб у калектыве і надалей мацнеў здаровы дух садружнасці і супрацоўніцтва (нахіляецца, нюхае ружы, глыбока ўцягваючы паветра). Ясна вам, дарагуша?
Анастасія Уладзіміраўна. Вой, Калерыя Панцеляймонаўна, здаецца (шчасліва ўсміхаецца)… Здаецца — эўрыка! Яно і не будзе ўраўнілаўкі! Усё ў нас будзе о’кэй, як у людзей!