Выбрать главу

Калерыя Панцеляймонаўна. Аднак жа — праўда, па неправераных чутках, Клара і Людміла часам за хлопцаў «драпаюцца».

Анастасія Уладзіміраўна. Дык гата калі яны разам і побач адна з адной.

Дырэктарка лагодна пазірае на старшыню прафкома і міласціва прыкрывае вочы вейкамі: о’кэй.

Бок другі

Пакой адпачынку магазіна. На абклеенай ружова-залацістымі шпалерамі сцяне — рэпрадукцыя карціны Васняцова «Волаты» ў прыгожай пазалочанай раме. Ілья Мурамец з-пад рукі пільна узіраецца ў Дошку гонару. Яна, такая ж велічная і ўнушальная, як і рама карціны, гаспадарліва займае пачэснае месца на суседняй сцяне. 3 фотаздымкаў, што чынна месцяцца там, аднаго вялікага і двух меншых абапал яго, весела пазіраюць на трох волатаў Клара Арцюшкова, Тамара Груздова і Людміла Карніцкая.

Анастасія Уладзіміраўна. Чым не о’кэй, Калерыя Панцеляймонаўна (весела смяецца)? Перадавыя сучасныя дзяўчаты ахмураюць сур’ёзных гістарычных хлопцаў.

Калерыя Панцеляймонаўна (з пафасам). Сімвалічна, золатка (зіркае на карціну і Дошку гонару)! Традыцыйнае народнае высакародства мінулага і сучаснасці.

Анастасія Уладзіміраўна. Ай-яй (ляпае далоняй па ілбе), не дапетрыла!.. Што каб дзяўчат на коней перасадзіць? Арыгінальна!.. I яно ж зусім проста: усунуў галаву ў дзюрку палотнішча, на якім намаляваны конь з тулавам чалавека ў сядле, і — ты наезнік… Арыгінальна і пераканаўча: не сядзяць нашы гераіні, склаўшы рукі ў арэоле славы, здабытай у год Змяі, а імчаць заваёўваць новыя дасягненні. У год Каня гэта глыбока сімвалічна! Праўда ж?..

Калерыя Панцеляймонаўна (натхнёна). Я заўсёды казала: голас грамадскасці — голас божы. Па-мойму, думка ваша, друг мой неацэнны, вельмі слушная. I Іван Іванавіч яе ўхваліць. Прыклад для іншых будзе. Уяўляеце — ва ўсіх магазінах на Дошках гонару, калі мы пераходзім на новыя формы гандлю, конніца скача!..

ГЭЙ, НАПЕРАД! ГЭЙ, НАЗАД!

Шумеў-грымеў аб’яднаны кангрэс дэмакратаў і плутакратаў, народнага фронту і партыі камуністаў. Абмяркоўвалі эканамічна-культурную дактрыну рэгіёна: «Гэй, наперад!» нам свеціць альбо «Гэй, назад?» Штармавое мора так не бурліць, як бурліў высокі сход.

— Гэй, наперад!

— Гэй, назад!

Зала ўзрывалася то шалёнымі воплескамі, то ўтрапёным тупатам імпартных чаравікаў па блішчаста-люстраным паркеце.

— Сёння, шаноўныя дэлегаты, нам неабходна прыйсці да кансенсусу. Тады наша рашэнне будзе вечнай каштоўнасцю, і мы назаўсёды застанёмся ў гісторыі! — ахрыплым, як у драча на балоце, голасам заклінаў плюгавы, нібы прыхоплены спякотаю струк перцу, старшыня кангрэса.

Дэмакрат з галавой рэдзькай угору і плутакрат з галавой рэдзькай уніз сядзелі побач.

— Ты за што?

— А ты за што?

— За справядлівасць і прагрэс.

— I я за тое ж.

— Прымем дактрыну і — гуртам, з песнямі — у вялікі паход, — ледзь хаўкаў за кіраўнічым сталом перасохлы струк. — Памятаеце, як у класіка? «Луг заліўся галасамі. На яго ва ўсе канцы выййшлі стройнымі радамі загарэлыя касцы». Хто за «Гэй, наперад!» — прашу галасаваць!

Абедзве рэдзькі паднялі рукі.

— Хто за «Гэй, назад!»?

Белыя пляскатыя далоні іхнія зноў ускінуліся над галовамі.

— Ты што? — усміхнулася рэдзька ўніз.

— А ты што? — бліскотна міргнула круглым вокам рэдзька ўгору.

— Гэтую руку бачыш? Левая. Яна бліжэй да сэрца. Ёю я — за «Гэй, наперад!»

— А навошта праваю за «Гэй, назад!»?

— Апанентам лапшу павесіў.

— Дык і я ж… Ты — мне, я — табе. Хі-хі…

— То, значыцца, падвядзём рысу.

Як выштурхнутыя катапультай, рэдзькі адначасова ўсхапіліся з мяккіх крэслаў.

— Увага! — раўнулі грымотнымі, нібы з гармат стрэлілі, галасамі.

Зала знямела. Уміг адчула: зараз пачуе нешта велічна-глыбакадумнае, калі не геніяльнае.

— Значыцца, так: «Гэй, наперад цераз назад!» Цьфу, пераблыталі… «Гэй назад цераз наперад!».

Перасохлы перац каўтануў з крыштальнай шклянкі.

— Уф-ф! Мудра, без лапшы! Прымаецца, шаноўныя дэлегаты, цалкам!

— Уф-ф! — уздыхнула з палёгкай зала.

3 расчырванелых лысін, як дым з комінаў у марознае надвор’е, слупамі валіла пара.

МОМАНТ ЭФЕКТУ

Сцяпан Калістратавіч любіў пахваляцца, што дэвіз яго творчасці — «Смело мы в бой пойдём!». Ён, маўляў, не пісаў, а высякаў свае публіцыстычныя творы на жалезе і камені зубілам і малатком. Канцоўкі ж заўсёды знаходзіў такія, каб чытач, вобразна кажучы, перажыў ашаламляльны момант эфекту.

I ўсё было б добра ў яго жыцці, каб з ператомленасці не навалілася нейкая містыка, не ўварвалася ў душу дзікая д’ябальшчына. А разгарэлася яна падчас сустрэчы з той чароўнай бландзінкай, каб ёй рагатыя чэрці з вечара да раніцы сніліся.