Выбрать главу

Радасны крочыў ён маляўнічай лясной дарожкай: лісічак жа ў кошыку — ажно з верхам было! I тут яна — не раўнуючы, як Саўка з канапель: «Пі-і!». Ён скочыў убок, нібы ўджалены, а яна сонечна так яму блісь залатымі зубамі! 3-за галавы вялізнай аўчаркі, што на сядзенні побач з ёю высалапіла доўгі чырвоны язык. «Каралева!» — палыхнула ў яго галаве і абдало жарам твар. Блакітныя «Жыгулі» мякка пракацілі міма. «Ну, во!.. Магла б і падвезці», — пакрыўджана папракнуў ён каралеву. Ды адразу і знайшоў ён апраўданне: пабаялася, мусіць, каб не ўтварыў чаго… Раптам — о божухна! — стукнула-грукнула ў галаве: гэта ж аўчарка чароўна бліснула яму залатымі зубамі ад руля, а бландзінка з высалапленым доўгім чырвоным языком паласнула яго сінім позіркам, як лязом. Па спіне пабеглі мурашкі. Ён крутнуў галавой: ап’янеў ад кіслароду?… «Во цырк! Даю ўстаноўку: згінь, нячыстая сіла!». Уклаў два пальцы ў рот ды на ўсю моц услед «Жыгулям»: «Фіў-ў». I зарагатаў. Ён заўсёды смяяўся, калі не плакаў.

У наступную суботу Сцяпан Калістратавіч зноў наведаўся ў лес. Прайшлі цёплыя грыбасеі, дык лісічак было — хоць касой касі. Ён ажно два кошыкі налаташыў.

Дадому кіраваўся па знаемай дарожцы. Ішоў, мурлыкаў сабе пад нос: «А свежая юшачка — акунёк, а свежая юшачка — акунёк, прыйдзі ка мне ў госцейкі, мой кумок…» 3 вершаліны агромністай сасны ўзляцелі тры вароны. Парывіста, імкліва, і яму здалося, што гэта рванула ў нябесны шлях-дарогу ліхая тройка вараных. «Паэт!» — з гордасцю падумаў ён пра сябе і зухавата галёкнуў:

— Алюра, залётныя!

Але чым бліжэй падыходзіў ён да таго месца, дзе спаткаўся з бландзінкай, тым гучней шапталі яму ў вушы то злева, то справа нейкія хрыпатыя, сіпатыя галасы: «Глядзі, пільна глядзі наперад!» Ён агрызаўся ім: «Адчаліся, нячыстая сіла, у мяне свая не лысая галава на плячах!».

А тым часам наперадзе з ціхай лясной гасподы сталі адна за адной выходзіць на дарогу людскія калоны. У першых шэрагах былі самыя прыгожыя і дужыя. «Усё правільна, так і павінна быць», — адобрыў Сцяпан Калістратавіч. Калоны тупацелі, іх кідала з боку ў бок, як на калдобінах. Раптам у лесе ўсчаўся гул, трэск, над вяршынямі соснаў ускінулася полымя. Людзі нешта крычалі жалезнымі галасамі, размахвалі рознакаляровымі сцягамі, кулакамі. Нейкі сівы граміла схапіў загрудкі лысага крыкуна. Некаторыя страшна шчэрыліся, з ратоў у іх тырчалі вялікія іклы. Сцяпан Калістратавіч здзівіўся: не было ў іх іклаў, знаёмыя ж людзі!.. Пакорпаўся ў думках: ці, можа, хавалі? Аблашчаныя былі ўладарнай рукою, а перад ласкай і воўк іклы хавае… Лысы і сівы ўжо трэслі адзін аднаго, як ігрушы.

I ў Сцяпана Кашстратавіча штосьці затрэслася ўсярэдзіне.

— Так яго, так! — гукнуў ён, сам не ведаючы, каго падбадзёрваў. — Ха-ха-ха! Момант эфекту!

3-за куста цераз дарогу сігануў вялікі, як лашак, заяц. Сцяпан Калістратавіч тузануўся, быццам памкнуўся кінуцца ўслед за ім.

— Куды ты, друг! А я?.. — схапіўся за грудзі, як за прастрэленыя.

Заяц па-конску заржаў яму з лесу:

«Вихри враждебные веют над нами!..»

У вецці кучаравай бярозы над галавой у Сцяпана Калістратавіча бадзёра прашчабятала нейкая птушка:

— Усё ўладзіцца, усё ўладзіцца…

— Чуеш, баязлівец нікчэмны? Будзе ў нас о’кэй, як у людзей!

Сцяпан Калістратавіч асцярожна паставіў на траву кошык з лісічкамі і пагразіў некуды ў лес кулаком:

— Ну, заяц, пачакай!.. — Засмяяўся з зайца, а з вачэй у яго выкаціліся дзве буйныя слязы.

ПАЛІТЫКІ

Служачы Дзяржстраха Гаўрыла Давыдзюк гаварыў суседу па кватэры Станіславу Радчанку, вадзіцелю тралейбуса:

— От мы з табою столькі гадоў у адзін пад’езд боты топчам, а ці ведаеш ты маю душу? То ж і яно… А чаму? Бо жылі ў такі час, калі хавалі свае душы. Ні пікні, ні шыкні. Цяпер — калі ласка! Раскрывайся наросхрыст. — Давыдзюк ікнуў.— Фу, у горле штосьці дзярэ. Хоць бы не ахрыпнуць у адказны момант. У час перабудовы і дэмакратыі, скажу я табе, як ніколі палітыкам голас патрэбны.

Радчанка раптам таксама ікнуў і таксама ўзбурыўся:

— От блазнота, нейкую трасцу палілі! Увесь пад’езд засмуродзілі. Дае распусту школа, дык яны, бэйбусы… Што? Якім палітыкам?

— Усім. Вунь, напрыклад, маёй стрыечнай сястры, дэпутатцы... Хто б яе калі ведаў, каб не стала палітыкам! Ну, патараторыла б каля калодзежа: Дзяніс тэлевізар без чаргі купіў, Апанас незаконна машыну зяцю прадаў… Дык то ж каля калодзежа, а калі з трыбуны, на ўвесь раён!.. Грукоча, братка, як камяні з гары шпурляе. I калі ўжо дапала да той трыбуны, мікрафон нікому не аддаець, пакуль усю пару не выпусціць.

— Але ж ты нешта пра сваю душу, — перапыніў яго Радчанка.