Выбрать главу

— Ты слухай, не перабівай. Гэта, можна сказаць, я і пра сябе гавару. Мы ж з ёю адных кравей. Калі наступны раз выберуць дэпутатам мяне, я таксама пакажу сябе, будзь упэўнены. Не глядзі, што я ціхі, я магу і загукаць!

— Дык гэта мне, каб пазнаць тваю душу, чакаць, пакуль цябе дэпутатам выберуць?

— Та-ак, даўгавата. — уздыхнуў Радчанка. — Што зробіш, выбары ж не кожны дзень бываюць… А хочаш — заўтра?

— Што заўтра? — зацікавіўся Радчанка.

— Правільна, я просты савецкі чалавек. Але ж душа мая — глыбока патрыятычная. Дык што, буду я маўчаць... Краіну ж трэба ратаваць!

На лесвічную пляцоўку, дзе яны курылі, зверху сіганула вялізная аўчарка, якую ледзь утрымлівала на павадку даўгалыгая акселератка.

— Цьфу ты, — плюнуў услед дзяўчыне Давыдзюк. — Развялі сабак — увесь дом у псярню ператварылі. I ў скверы вунь паглядзі... — кінуў за акно. — 3 каляскамі — адна... дзве… А з сабакамі — бачыш?..

— Дык што заўтра? — нецярпліва нагадаў яму Радчанка.

— Мітынг. Хочаш — пайшлі са мною. Пабачыш, як простыя савецкія людзі палітыкай займаюцца. I тыя кухаркі, пра якіх Ленін казаў, і нашы цывілізаваныя кааператары, і каго там толькі не будзе!.. Пойдзеш?.. Але прадумай сваю лінію, каб яна ў цябе была цвёрдая. Палітыкай займацца — гэта табе не баранку круціць!.. У краіне мірная рэвалюцыя адбываецца, і мы не маем права стаяць убаку ад яе. Як гэта бальшавікі пелі?.. «Мы мирные люди, но наш бронепоезд стоит на запасном пути…» — Ён заспяваў: — «Раздайте патроны, поручик Голицын, корнет Оболенский, надеть ордена!»

Радчанка раптам выпнуў грудзі:

— А палітыкай, дарагі мой прыяцель, я змагу займацца не горш, чым ты. У мяне голас — не раўня твайму. Толькі тады адно з двух: палітыка ці баранка. Ленін жа не круціў баранку… Хаця вунь Брэжнеў... Што вырабляў, як за руль садзіўся?.. I ў гаражы — машыны найноўшых замежных марак. Забіты імі быў ягоны гараж.. Пайду на мітынг, пайду.

Назаўтра пад вечар яны былі на плошчы каля тэатра. Плошча гула, як універмаг, калі там выкідвалі калготкі. Мікрафон разносіў прамовы з імправізаванай трыбуны, мітынганты крычалі: «Падтрымліваем!..», «Далоў!..» Над галовамі калыхаліся плакаты на фанеры і кардоне.

Праваруч ад Давыдзюка купка мужчын і жанчын гукала: «Падтрымліваем Народны фронт!». Косячы на іх вока, і Давыдзюк з імпэтам уплятаў у іхні хор свой голас: «Падтрымліваю Народны фронт!» Радчанка, які стаяў леваруч, штурхануў яго пад бок:

— А ты ж казаў, што за Камуністычную партыю выступаеш?

— Правільна казаў. Я і за Народны фронт, і за Камуністычную партыю. Няхай яны кансэнсус знаходзяць. Зразумеў? Палітыка — тонкая рэч.

— Дык паглядзі хаця, што у цябе ў руках!

Давыдзюк павярнуў да вачэй плакат, які трымаў. На ім вялікімі чорнымі літарамі было прыгожа выведзена: «Далоў усіх!».

— Што далі, тое і трымаю. — Ён вышэй ускінуў плакат: — Да-лоў усіх!

— Далоў!.. — раўнуў Радчанка.

Ззаду ў іх хтосьці хрыпла, надарваным голасам заспяваў: «Раздайте патроны, поручик Голицын!..»

А па зямлі крочыла вясна. У палях гулі маторы.

ТЭАРЭТЫК

На галінцы вішні, якая зазірала ў расчыненае акно дачнага кабінета Анісіма Палікарпавіча, дзёрзка зачырыкаў цёмнагруды верабей. Прафесар скасіў на яго вока, папікнуў» «Вольніца табе, нахабніку, што пры капіталізме, што пры сацыялізме — у цябе адны песні. Чырыкаеш і толькі таго. А тут пачырыкай!..»

Анісім Палікарпавіч пісаў чарговы філасофскі артыкул.

Вядомым вучоным ён стаў, калі ў друку трамвайным званком празвінела — не, кавальскім молатам прагрымела! — яго кандыдацкая дысертацыя на тэму «Партыя — наш рулявы». А хто мог аспрэчыць яго навуковыя высновы? Рулявала ж. Ды ого як!.. Запалонены шчасцем глыбокага тэарэтычнага адкрыцця, Анісім Палікарпавіч аднаго разу нават сасніў сябе Марксам… Канечне, цяпер партыя яшчэ таксама рулюе, аднак рулявым ужо яе не назавеш. Дэмакраты то ў адзін, то ў другі бок ірвануць той руль з яе аслабленых рук!..

З’яўляючыся, не ў прыклад іншым, глыбокім дыялектыкам, Анісім Палікарпавіч не збіраўся, як некаторыя артадоксы, упарта адстойваць састарэлыя догмы. Цяперашнім часам трэба быць, як антэна, каб на патрэбнай хвалі і ўлавіць, і перадаць. Але ён і не меў намеру ўслед за легкадумнымі рэнегатамі — во, сказалі б, пярэварацень! — адмаўляцца ад сваіх навуковых поглядаў. Абнавіць іх — то іншая рэч. Перабудова ж!.. Вунь творчыя работнікі… Кампазітары, скажам, якія песні дораць моладзі!.. А табе, катораму смыліць душа,— выключы прыёмнік…

Напачатку праца над артыкулам у Анісіма Палікарпавіча заладзілася, ішла як па масле. Ды тут гэты верабей… «Бач, апанент мне знайшоўся — што пры капіталізме, што пры сацыялізме!..» Рудыя вусы прафесара сярдзіта смыкнуліся.