— Але ж, як тут табе сказаць… Рэцэнзія ўсё роўна патрэбна. Яна зарыентуе, нацэліць… Дарэчы, цяпер не толькі хлопец з дзеўкай — і «мядзведзь» з «зубром» не цураюцца адзін аднаго.
— Ну, так бы і гаварыў адразу, — прабурчаў Эстрадны, і рука яго зноў палезла ў кішэню.
Праз два тыдні прэстыжная газета на відным месцы апублікааала рэцэнзію Джазава. Крытык быў катэгарычны. Новая песня Эстраднага — чарговая ўдача аўтара: своеасаблівая навацыя, сімбіёз традыцыйнага нацыянальнага народнага духу і новай, прагрэсіўнай культуры Захаду, якая стала магутным подыхам часу.
А неўзабаве бадзёры голас дыктара апавясціў радыёслухачоў:
— Новая песня «Хлопец з дзеўкай парай ходзяць»! Выконвае трыо. Запявалы: Дзяніс Эстрадны — лірычны тэнар і Цімафей Ламавік — бас. Падпавяла з мадулацыяй на розныя галасы — Кірыла Джазаў.
БАКАЛАЎР ПАЛІТЫЧНЫХ НАВУК
Рабочы дзень скончыўся, і абноўленая, з новай назвай і новай шыльдай на дзвярах установа Браніслава Назаравіча аціхала. Сам Браніслаў Назаравіч, наструнены за тлумны дзень, перш чым пакіравацца дадому, таксама павінен быў аціхнуць душой. Ён павольна хадзіў па кабінеце, думаў: галоўнае, Бронік, цяпер, у гэты шалёны час, — захаваць сваю чалавечую годнасць… Ды яно лёгка сказаць — захаваць. А як?.. Глыбакадумныя разважанні прывялі яго да цвёрдай высновы: правільна, век жыві — век вучыся… Далей яго думкі пацяклі раўней, як ручаіна ў меліярацыйнай канаве: і вучыцца трэба не толькі ў людзей — ва ўсёй жывой прыроды. У звяроў, у птушак, у мурашоў… Хіба, напрыклад, не павучальна, як жыве цар звяроў леў?.. Не, прыгожы і велічны звер гэты не дарэмна ўвенчаны каронай, цар — ён і ёсць цар. Што ён, бульбу будзе есці, бы тая свіння? Толькі мяса. I палюе для яго царскай вялікасці яе міласць ільвіца.
А цар птушак арол?.. Завёў крылом пад хмарай, змеціў адтуль якую дурніцу — трасцу дасць ёй літасці, у кіпцюры яе: не будзь разявай… Потым горда сядзіць на горнай скале, не раўнуючы, як у прэзідыуме на якім пленуме ці пасяджэнні якой рады. Ды яно і то праўда: «Страна наша, — як пісаў паэт, — велика и обильна, а порядка в ней нет...» Развялося рознай пошасці, пішчаць, каркаюць, рыкаюць… У друку, па тэлебачанні і радыё, на вуліцах і плошчах. Дык яно во і якраз тут — з-пад хмары… I левым, і правым — усім тады зарве. «У власти орлиной, — пяецца ў песні, — орлят миллионы, и нами гордится страна». Не, што ні кажы, ад кожнага стварэння можна нешта пераняць.
Толькі вось хіба ў сабакі… Тут Браніславу Назаравічу неспадзявана прыгадаўся Цюлік, яго дачны вартаўнік. Ляжыць, лянівая псіна, ліжа сваё інтымнае сабачае месца, быццам яму і занятку іншага няма, потым задзярэ куртатую пысу і — гаў, гаў!.. Праўда, бывае і такое: калі яму дужа, відаць, засвярбіць, павернецца да абчэпленага дзядамі хваста і давай на яго брахаць! Ды так жа залівіста і зацята — ажно са скуры вылузваецца! Думае, мусіць: віляй, каўтун няшчасны, ды ведай, у які бок…
Віжлівыя вочы Браніслава Назаравіча міжвольна стрэлілі за акно, дзе па шырокім тратуары цякла густая людская плынь. I ў душу патыхнула холадам.
Віхурай уварваліся ў памяць словы школьнага таварыша, цяпер калгаснага механізатара Апанаса Канопліча: «Доўгі брудны хвост, Браніслаў, цягнецца за вашым братам-бюракратам. I як вы будзеце адмывацца ад яго?..»
Браніслаў Назаравіч стаяў нібы ўкопаны: як?!. Раптам ён ажно скалануўся. «Як?».. А вось так!.. Ах, Цюлік-Цюлік!.. — Ад узрушанасці ён затросся як асінавы ліст і ўсё паўтараў у ліхаманкавых думках: — Вось так: гаў, гаў!.. Ах, Цюлік! Не псіна — бакалаўр палітычных навук!.
У ЛАЗНІ
Усе мы наіўна думалі, што самы напалітызаваны орган у нас зараз — Вархоўны Савет. Ды дзе там?! Лазня — во дзе палітыха!
Раздзявалка гула нібы растрывожаны вулей.
— Давялі за семдзесят гадоў краіну камуністы! Да ручхі дабілі!
— А сённяшнія правіцелі лепшыя? Лацвей нам стала жыць?
— Каб жа хоць дэпутаты былі як трэба. А то навыбіралі гаваруноў. Што камуністаў, што з народнага фронту.
— Усіх камуністаў — пад суд, — глуха прагугнявіў распараны лысы таўстун, набгом пакаўтаўшы піва з трохлітровага слоіка. — I прыгавор такі: забараніць нават думаць пра той камунізм, якога ніхто не бачыў і не пабачыць. Хай думаюць, калі хочуць жыць, як людзям бізнесменамі ды фермерамі стаць. Гэта ім не камуністычны рэжым — дэмакратыя.
— Учора па тэлевізары з Санкт-Пецярбурга паказвалі: Пятру Вялікаму, бацьку Айчыны — віват! — уставіў сваё даўгалыгі хударлявы стары, квола расціраючы ручніком упалыя грудзі.— Расію ўздыбіў!
— А тым, што сёння Расію ўздыбілі, таксама віват? — саркастычна азваўся аднекуль з кутка хрыпаты голас.